Лукашэнка ўзмацніў санкцыі супраць беларускіх кампаній з замежнымі інвестарамі


Кіраўнік беларускага рэжыму ўзмацніў санкцыі супраць кампаній, дзе ёсць уладальнікі з «несяброўскіх» краінаў. Цяпер гэтыя асобы пазбаўленыя права выйсці з бізнесу, а фірмы забаронена рэарганізоўваць, гаворыцца ва ўказе, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Цэх кампаніі «Лідскае піва», што трапіла ў санкцыйны спіс беларускага ўрада.
Фота: Дзяніс Зелянко / pivo.by

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, што тычыцца беларускіх кампаній, дзе ёсць акцыянеры з «несяброўскіх краінаў». Цяпер гэтыя фірмы нельга рэарганізоўваць – гэта, напрыклад, далучэнне адной юрыдычнай асобы да іншай, зліццё юрыдычных асобаў ці, наадварот, падзел на некалькі новых.

Таксама інвестарам з «несяброўскіх» краінаў забаронена выходзіць з ліку ўдзельнікаў юрыдычнай асобы.

Пералік кампаній, што трапілі пад абмежаванні, Саўмін зацвердзіў у ліпені. Сярод іх – «Еўраопт», «EPAM Systems», «Лідскае піва», «Спартак», «Беларускія шпалеры», «Марозпрадукт», «Камунарка», «Беліта», «Хенкель Баўтэхнік», «Лідсельмаш». Усяго – 193 фірмы.

Спіс «несяброўскіх» краінаў урад склаў сёлета ў красавіку. У пераліку – усе чальцы ЕЗ, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Нарвегія ды іншыя дзяржавы.

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 18:35

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў