Галоўчанка сцвярджае пра адаптацыю гандляроў, а спажыўцы адчуваюць дэфіцыт некаторых тавараў


Падчас справаздачы ў Аляксандра Лукашэнкі прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка пераконваў, што буйны бізнес, вытворцы і гандляры ў Беларусі прыстасаваліся да новых умоваў коштаўтварэння і цяпер спакойна працуюць. Але аптымізму чыноўніка не падзяляюць спажыўцы, якія заўважылі, што на буйных інтэрнэт-крамах істотна скараціўся асартымент тавараў, а дастаўка ў рэгіёны або ўвогуле адмененая, або зацягваецца і пераносіцца крамамі на некалькі тыдняў. «Белсат» высвятляў, што адбываецца з буйным гандлем і адкуль аптымізм у прэмʼер-міністра.

Прадукты харчавання. Менск, Беларусь. 1 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Буйныя беларускія гандляры, якія, паводле словаў прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, нібыта прыстасаваліся да новых умоваў коштаўтварэння, насамрэч перажываюць не самыя лепшыя часы. У Беларусі працуюць некалькі онлайн-пляцовак з дастаўкай тавараў, сярод якіх 21vek, deal.by, e-dostavka. На працягу кастрычніка асартымент на гэтых пляцоўках відавочна скараціўся, а час дастаўкі тавараў спажыўцам значна павялічыўся. Звычайнай справай стала перасоўванне часу дастаўкі тавараў. Прадаўцы тлумачаць, што вымушаныя пераносіць тэрміны, паколькі тавару няма ў наяўнасці, а пастаўнікі не спяшаюцца яго прывозіць у Беларусь.

Hавiны
Прэм’ер-міністр Беларусі распавёў сваё бачанне рэакцыі бізнесу на рэгуляванне коштаў
2022.10.31 16:23

Напрыклад, на старонцы онлайн-гіпермаркету 21vek даволі вялікі выбар не гарантуе, што тавар ёсць у наяўнасці, а пакупнікі хутка яго змогуць атрымаць. Іншая сітуацыя на пляцоўцы deal.by. Тут дастаўка тавараў спажыўцам адбываецца нашмат хутчэй, паколькі бізнесоўцы шчыльна супрацоўнічаюць з курʼерскімі службамі і імкнуцца як мага хутчэй прадаць свой тавар. Але асартымент на гэтай гандлёвай пляцоўцы скараціўся вельмі заўважна. Колькасць прапановаў у катэгорыях сантэхніка, кампутарная тэхніка, побытавыя рэчы істотна зменшылася.

Яшчэ з моманту ўвядзення рэгулявання коштаў у Беларусі, эксперты прадказвалі, што ў выніку ручнога рэгулявання ў краіне можа распачацца дэфіцыт тавараў. І гэтая сітуацыя ў буйных крамах і гандлёвых пляцоўках сведчыць пра наяўнасць такой праблемы.

«Так, гэта пачатак праблемаў. Верагодна, што з цягам часу частка праблемаў сыдзе, паколькі ўжо некалькі разоў выходзілі ўдакладненні і паслабленні для дзейнасці прадпрымальнікаў. Я думаю, што крамы пакуль запаволілі сваю дзейнасць і чакаюць нейкіх тлумачэнняў, паколькі да гэтага часу не разумеюць, як павінна адбывацца коштаўтварэнне.

Калі ж сітуацыя стане зразумелай, то фірмы ў выніку будуць прымаць канчатковае рашэнне, ці будуць яны працаваць у такіх умовах. Або будуць вымушаныя назаўсёды расставацца з пэўнымі таварнымі пазіцыямі. Я мяркую, што частка тавараў, якія зніклі цяпер з продажу, паступова вернецца, але калі гэта адбудзецца і ў якім маштабе – прадказваць даволі складана», – тлумачыць акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Нацэнкі за рызыку больш няма

Увогуле з 2020 году гандляры ў Беларусі апынуліся ў складанай сітуацыі. Праз заходнія санкцыі шэраг тавараў афіцыйна перастаў паступаць у нашую краіну. Тым не менш прадпрымальнікі імкнуліся зарабіць і шукалі магчымасці для дастаўкі. Спажыўцы ў выніку практычна не адчулі недахоп тавараў, хоць кошты выраслі шматкроць. І калі санкцыі не прыпынілі дзейнасць бізнесоўцаў, то рэгуляванне коштаў з боку ўладаў стала сапраўдным цвіком у труну.

«Гэта класічная сітуацыя. Справа ў тым, што пры пастаўках заходніх тавараў дадаецца ў канечны кошт рызыкі, звязаныя з пастаўкамі, з лагістыкай. А цяпер апынулася, што гэтая нацэнка з’яўляецца нашмат большай, чым дазваляюць улады. І адпаведна ў такой сітуацыі імпарцёр кажа, што не будзе займацца канкрэтна гэтым таварам, паколькі рызыкі не зніклі, бо з плацяжамі надалей складана, а лагістыка застаецца балючым пытаннем. А нацэнку паставіць забаранілі. Таму імпарцёру проста не выгадна пастаўляць тавар. Многія тавары могуць знікнуць з паліцаў», – кажа Кацярына Барнукова.

Разам са знікненнем з паліцаў тавараў, знікае для спажыўцоў і паслуга дастаўкі. Прынамсі ад такой паслугі адмаўляецца e-dostavka. Цяпер онлайн-крама не будзе прывозіць свае тавары для жыхароў рэгіёнаў. Прычынай таму таксама зʼяўляецца новаўвядзенне ў справе коштаўтварэння.

«Улады патрабуюць каб нацэнка на тавары была фіксаваная. Але пры гэтым чыноўнікі не ўлічваюць выдаткі, якія нясе гандляр. Улады проста патрабуюць, каб кошты былі не вышэй за пэўны ўзровень. Што робяць у такой сітуацыі ўсе рытэйлеры? Яны пачынаюць скарачаюць нізкамаржынальныя накірункі сваёй дзейнасці. Гэта тычыцца не толькі дастаўкі ў рэгіёны, але могуць зачыніцца нейкія рэгіянальныя крамы. Тое, што нізкамаржынальнае, яно проста пойдзе пад нож. Паколькі праз абмежаванні маржынальнасць наагул істотна скарачаецца. Таму тут для рэгіёнаў даволі кепскія навіны», – кажа эксперт.

Разбор
Што такое «Еўраопт»? Дзіўная гісторыя дачыненняў кампаніі і ўладаў
2022.11.01 09:57

Пры гэтым, на думку Кацярыны Барнуковай, не выключаецца, што гандляры будуць шукаць магчымасцяў для працы. Верагодна ўзнікненне схемы, кшталту стварэння ў суседніх краінах буйных прадстаўніцтваў, у якіх гандляры будуць набываць тавары па завышаных коштах. Відавочна, што гэта не прывядзе да зʼяўлення ў Беларусі больш танных тавараў. Насамрэч выбар стане меншы, а кошты вырастуць.

Але прадпрымальнікі шукаюць і іншыя спосабы працы. Адносна нядаўна ў нашай краіне з’явіўся мабільны дадатак «Euromall». Прэзентуе сябе «Euromall« як інтэрнэт-крама ў смартфоне. Тут прапануюць набыць якасныя замежныя тавары любой катэгорыі, а вось кошты істотна меншыя чым у Беларусі. На афіцыйнай старонцы кампаніі ёсць толькі публічная дамова і няма ніякай іншай інфармацыі. Выбар тавараў можна зрабіць толькі ў мабільным дадатку.

Прадукты ў оналйн-краме “Euromall”. Скрыншот з мабільнага дадатку

У водгуках у сеціве шмат станоўчых каментароў у справе гэтай онлайн-крамы, хоць і ёсць таксама перасцярогі што да празрыстай працы прадаўца. Тым не менш карыстальнікі сцвярджаюць, што пасля замовы тавар трэба чакаць некалькі тыдняў, а забраць і аплаціць яго можна ў найбліжэйшым аддзяленні «Еўрапочты».

Меркаванні
Іпэшнікі не страйкавалі. Бунт у Беларусі пакуль немагчымы
2022.10.31 20:20

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў