Дзень усіх святых у Варшаве. Наведалі Бруднаўскія могілкі


Пра Дзень усіх святых у Варшаве забыцца немагчыма. Пра яго нагадаюць імправізаваныя кірмашы за дзясяткі метраў да могілак. Жоўтыя, белыя, чырвоныя колеры… Там можна набыць любыя кветкі, але самыя папулярныя – хрызантэмы ў збанках, каб захаваліся жывыя як мага даўжэй, а таксама разнастайныя знічы.

Тавары для наведвальнікаў могілак. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат
Могілкі Bródnowski. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

…Ля цэнтральнага ўваходу на Бруднаўскія могілкі гандляры прапануюць яшчэ абаранкі і цукеркі, якія называюцца «панскія скуркі». Гэта рознакаляровыя салодкія кавалачкі ў паперках, у аснове якіх, хутчэй за ўсё, – збітыя яечныя бялкі, але пра іншыя інгрэдыенты нічога невядома, бо склад цукерак вытворцы трымаюць у сакрэце.

Прысмакі для дзяцей прадаюцца на ўваходзе на могілкі. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат
Прысмакі для дзяцей прадаюцца на ўваходзе на могілкі. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Паўстагоддзя таму яны замянілі сабою хлеб і куццю. Палякі даўно не падтрымліваюць традыцыі карміць душы продкаў на могілках, таму ніякіх застолляў няма. Людзі збіраюцца за сталом удома.

Праўда, Анна Гашчыньска, якая разгаварылася са мною каля магілы сваякоў, сказала, што цыганы заўсёды на могілках у гэты дзень ядуць і п’юць. У іх гэтая традыцыя захавалася дасюль. Сама спадарыня Гашчыньска год таму пахавала свайго маладога сына: ён моцна хварэў і не пераадолеў хваробы. Апроч магілы сына, кабета даглядае яшчэ магілы сваякоў. Але гэтая для яе цяпер асноўная.

Анна на магіле сына. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Людзей вельмі шмат. Прычым некаторыя ідуць сем’ямі. Каб прыбрацца, паставіць кветкі і запаліць знічы. Могілкі старыя, дрэваў шмат: трэба прыбіраць лісце, якое падае і падае восеньскім золатам… Магчыма, тут так было не заўсёды.

Могілкі Bródnowski. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

У 1883 годзе тагачасны прэзідэнт Варшавы Сократ Старынкевіч выкупіў у шпіталю Святога Духа 65 гектараў зямлі ў вёсцы Брудна. Тады насельніцтва Варшавы пачало павялічвацца, спатрэбілася новае месца для пахаванняў. Да гэтага гараджанаў хавалі на могілках у Камёнку і Паванзкоўскім. На тых могілках пахавана шмат і нашых славутых беларусаў. А на Бруднаўскіх прынамсі год таму развіталіся з слынным беларускім перакладчыкам Чэславам Сенюхам. Там пахаваная і ягоная сястра, якая ў часе нямецкай акупацыі кіравала Саюзам беларускай моладзі ў Наваградку.

Магiла Хрысцiны Сенюх. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат
Магiла Хрысцiны Сенюх. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

На Бруднаўскіх могілках адразу згадваюцца нашыя Вайсковыя могілкі ў цэнтры Менску. Прынамсі калі бачыш помнікі з выяваю дрэва са спілаванаю верхавінай і галінамі. Гэта азначае, што тут пахаваны апошні чалавек з роду.

Могілкі Bródnowski. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Ёсць зусім старыя пахаванні, 1915 года: на дзіва, на тых помніках захаваліся медальёны.

Могілкі Bródnowski. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Каля магілы – сужэнства сталага веку. Высветлілася, што тут пахаваны былы начальнік мужа: «Ён быў вельмі добрым чалавекам. Родам з Львова. У 1945 годзе прыехаў у Польшчу. Спачатку жыў у Вроцлаве, а потым ужо перабраўся сюды ў Варшаву. Прыйшлі, каб ушанаваць ягоную памяць. Вельмі добры чалавек быў. Няма каму даглядаць ягоную магілу». Жонка дадала: «Мы тут прыбіраем сем магілаў, бо больш няма каму, а прыбіраць неабходна. Мая мама пахаваная бліжэй уваходу, а яшчэ ў розных месцах магілы. На іншых могілках мы прыбіраем яшчэ дзве. І на Празорках тры магілы. У іх не засталося сваякоў, таму гэта ўжо нашая цяпер адказнасць. Да таго ж яшчэ наведваем магілу на Урсынаве. Там пахаваны наш сябар. Шануем ягоную памяць. Цяжка? Мне муж дапамагае». Той пажартаваў: «Ну я ж толькі ваду нашу і смецце прыбіраю».

Сямейная пара наведвае магілу напярэдаднi Дня Усiх Святых. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Бруднаўскія могілкі даволі дагледжаныя. Паміж магіламі пракладзеныя роўныя алеі. Заблукаць немагчыма, бо на кожным скрыжаванні пазначаны сектар. Ёсць інтэрактыўная мапа, каб можна было хутка знайсці неабходнае месца. Людзей па-ранейшаму шмат. Аўтобусы ідуць адзін за адным, з іх выходзяць усё новыя наведнікі.

Тым часам кабета прыбірае магілу: «У мяне тут не адна магіла. Мама пахаваная. Яна памерла ад раку страўніка, калі мне было ўсяго 17 гадоў.

Жанчына даглядае магiлу бацькоў. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат
Жанчына паказвае фота мацi. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Тут тры магілы, а яшчэ сваякі мае пахаваныя на чатырох іншых могілках? нават за Варшавай. І вось я аб’язджаю іх ужо тыдзень. Імкнуся заўсёды хаця б раз на месяц прыходзіць. Самае галоўнае, што ў мяне дачка, і яна прыводзіць у гэтыя дні з сабою маіх унукаў – 5 і 3 гадкі. Зусім маленечкія яшчэ. А іх жа абавязкова трэба прыводзіць, каб прывучаць хадзіць на могілкі і паказваць, як трэба прыбірацца. А як жа?! Мая дачка пабралася шлюбам з англічанінам. А ён увогуле гэтага не разумее. А што ў іх там на могілках? Роўны луг і каменьчык. Усё. Вось такія магілы. Ну гэта ж не нашая традыцыя. А свае традыцыі трэба захоўваць, шанаваць. А як жа?»

Праз некалькі алеяў ад гэтага месца маладая пара хутка прыбірае магілу. Высветлілася, што гэта прадстаўнікі прыватнай фірмы, якія менавіта на замову прыбіраюць магілы. Мужчына мые помнік і палівае кветкі: «Гэта вельмі зручна для людзей, якія жывуць за мяжой. А такіх шмат. Больш за ўсё замоваў мы маем напярэдадні гэтага свята. Ну, гэта ж ясна. Ёсць кліенты, якія папросту хочуць, каб тут усё прыбралі, а яны потым прыйдуць, запаляць свечку і пойдуць ужо дадому адзначаць за сталом з гасцямі. На такі дзень людзі збіраюцца разам, з іншых гарадоў прыязджаюць. А нехта, можа, і не мае магчымасці прыехаць. Тады ён замаўляе ў нас прыбіранне. Мы ўсё робім і дасылаем фота: як было і як цяпер. Вельмі зручна».

Супрацоўнік кампаніі даглядае магілу. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

На могілках шмат сямейных магілаў. Можна прачытаць на помніку нават да дзясятка прозвішчаў з датамі нараджэння і смерці. Ля такога помніку сустракаем, як высветлілася, бацьку з дачкой. Яны прыбіраюць магілу сваякоў. Патлумачылі, што тут пахаваныя далёкія родзічы, да іх ужо няма каму прыйсці. Бацька паказаў адно імя: «Тут пахаваная Гэлена. Бабуля майго стрыечнага дзядзькі. Яе сюды ў Польшчу прывезлі з Нямеччыны. Яна была там у канцлагеры». Пытанне, дзе яна была да Нямеччыны, з якой краіны яе туды прывезлі, засталося без адказу. Усе ўжо ведаюць, як беларусы і ўкраінцы называліся палякамі, каб з нямецкага палону не трапіць у савецкі, яшчэ страшнейшы. І нават не ўсе траплялі ў палон… Ясна, чаму некаторыя хавалі сваю нацыянальную прыналежнасць усё жыццё. На могілках ёсць помнікі, датаваныя 1944 годам. Яны канцэнтруюцца побач за некалькі сектараў. Гэта загінулыя варшаўскія паўстанцы. Людзі прыбіраюць такія магілы, калі да іх няма каму прыходзіць, бо гэта традыцыя.

Магіла паўстанцаў. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат
Варшавяне на магіле сваякоў. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Дзяўчына распавяла, што, апроч магілаў далёкіх сваякоў, яна як сяброўка адпаведнай арганізацыі апякуецца магіламі самотных і бяздомнікаў. Адразу згадваюцца беларускія могілкі з сектарамі, на якіх шчыльна стаяць металічныя крыжы з лічбамі. Пад гэтымі безназоўнымі крыжамі ляжаць тыя, целы якіх не забралі з моргаў. Магчыма, і ў нас з часам з’явяцца такія арганізацыі.

Палякі не называюць Дзень усіх святых Дзядамі. Але мы прыходзім на могілкі, бо Дзяды, і згадваем сваякоў, сяброў, народных герояў, славутых суайчыннікаў, каб ушанаваць іхную памяць. Традыцыю знішчыць няпроста. І гэтая традыцыя нас моцна яднае з заходнімі суседзямі. 31 кастрычніка, перад Днём усіх святых, пакуль адны займаюцца магіламі, іншыя разам з дзецьмі ідуць на карнавал на Гэлаўін. І разам гэтыя, на першы погляд, непараўнальныя рэчы выглядаюць, як жыццё і смерць, як вясёлае і сумнае, якія заўсёды разам. Але пра памяць нагадваюць – нават уначы – тыя сотні тысячаў запаленых знічоў.

Могілкі ноччу з запаленымі лампадкамі. Варшава, Польшча. 31 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў