Палітолаг Дзмітрый Балкунец пра забастоўку: «Любыя падобныя ініцыятывы б’юць па рэжыме»


1 лістапада ў краіне распачалася агульнанацыянальная забастоўка, ініцыяваная Беларускім аб’яднаннем рабочых. Лідар БАР Сяргей Дылеўскі заклікаў беларусаў далучацца да страйку і заставацца ўдома. Belsat паразмаўляў з беларускімі палітолагамі Дзмітрыем Балкунцом і Паўлам Усавым пра тое, ці мае цяперашняя забастоўка шанцы на поспех.

Беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец станоўча адносіцца да распачатага страйку, бо лічыць яго актуальным у цяперашняй сітуацыі ў краіне.

«Калі людзі баяцца актыўна праяўляць сваю пазіцыю, у дадзеным выпадку ідэя застацца ўдома не выклікае, на мой погляд, нейкіх варыянтаў арышту і рэпрэсіяў. Тая крытычная сітуацыя, якая цяпер склалася ў Беларусі, звязаная з ковідам. Гэта адная з прычынаў, чаму менавіта цяпер варта заставацца ўдома. У маім родным Слоніме хаваюць штодня 5 чалавек ад ковіда, калі мы памножым на маштаб краіны, атрымаем, што мінімум 500 чалавек кожны дзень памірае. У гэтай сітуацыі заставацца чакаць нейкага дня Х ці іншага сюжэту я лічу неразумным».

Палітолаг упэўнены, што ініцыятары страйку выбралі зручны момант для яго пачатку.

«Я ўпэўнены, што ад 10 % да 20 % беларусаў па аб’ектыўных прычынах могуць заставацца ўдома. Сёння пачаліся школьныя канікулы – 1100000 школьнікаў не пайшлі на вучобу. Як правіла, у такія моманты бацькі застаюцца са сваімі дзецьмі. Гэта можна лічыць поспехам. І я ўпэўнены, што калі гэтая ініцыятыва захавае прынамсі адно чалавечае жыццё, я лічу, што гэта будзе правільна. Хачу заўважыць, што ў Расеі сёння ўведзены локдаўн. На мой погляд, сітуацыя з ковідам у Беларусі больш крытычная, чым у Расеі. Лукашэнка нічога падобнага не зробіць. Таму ініцыятыва заставацца ўдома разумная, бо калі дзяржава гэта не робіць, гэта павінныя рабіць лідары, грамадскія дзеячы, грамадзяне самыя. Тое, што Сяргей Дылеўскі ўзяў на сябе такую ініцыятыву, я яе вітаю».

Палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Фота: «РИА Новости»

Дзмітрый Балкунец выказвае думку, што ўсе падобныя ініцыятывы павінны вітацца ў грамадстве, бо ўсё яны набліжаюць нас да перамогі.

«Любыя падобныя ініцыятывы б’юць па рэжыме. Чым больш будзе такіх ініцыятываў, тым больш да нас набліжаецца перамога. Не трэба чакаць, што надыдзе нейкі дзень Х і Лукашэнка ўпадзе, гэта паступовая праца, штодзённая. Грамадзяне самыя павінныя сваімі актыўнымі дзеяннямі мяняць сітуацыю ў краіне. Ёсць варыянты розных формаў супраціву, які не заўсёды гвалтоўны, таму ўсе метады добрыя. Такія рэжымы не падаюць хутка. Супраціў павінен узмацняцца шляхам розных ініцыятываў, і гэта важна. Няма манаполіі на ініцыятывы. Я лічу, што павінна быць канкурэнцыя ідэяў, калі нехта будзе свае прапановы рабіць».

Аб’ектыў
На страйк сышло 15 тысячаў чалавек? «Не назіраем»
2021.11.01 21:51

Іншы айчынны палітолаг Павел Усаў аказаўся больш крытычным да ініцыятывы БАР і ў першую чаргу звярнуў увагу на тое, што аб’яўлены страйк нельга лічыць забастоўкай.

«Заклік застацца ўдома ніякага дачынення да страйку і стачкі не мае. Гэта трэба было называць «кавідоўка», напрыклад. То бок мы застаемся ўдома, а не ўдзельнічаем у страйку. Даўно склалася разуменне таго, што страйк – гэта мэтанакіраванае дзеянне моцнай арганізаванай структуры, якое паралізуе гаспадарку. То бок людзі робяць такія дзеянні, калі частка гаспадарчага сектару проста прыпыняецца. І гэта фактычна азначае, што забастоўка мела поспех, што дасягнутыя мінімальныя мэты, што ёсць унутраная кансалідацыя грамадства, што ёсць структуры, якія здольныя рэалізоўваць пастаўленыя мэты і маюць механізмы для іх рэалізацыі. Гэта змушае ўлады ісці на саступкі і перамовы, але тое, што мы маем сёння, ніякага дачынення да канцэпцыі забастоўкі не мае».

Таксама Павел Усаў не згадзіўся з думкай Дзмітрыя Балкунца пра неабходнасць мноства ініцыятываў, бо лічыць такую сітуацыю безвыніковай.

«Калі будуць розныя непрадуманыя ініцыятывы, гэта не проста не прывядзе да сур’ёзных вынікаў, а яшчэ і прывядзе да дыскрэдытацыі агульнага апазіцыйнага руху. Бо на сённяшні дзень мы не маем ні аўтарытэтнага лідара, ні структуры арганізацыі».

Поўную версію размовы з палітолагамі можна пабачыць тут.

Hавiны
Арганізатары страйку кажуць, што да на працу не выйшлі дзясяткі тысячаў беларусаў
2021.11.01 16:00

ВК, belsat.eu

Стужка навінаў