Вынікі пошуку для:

«Пакуль гэты кат ва ўладзе, спакою не будзе». Гісторыя былога амапаўца, які пакінуў Беларусь

Менчуку Ігару Уласевічу 51 год. У маладосці ён больш за тры гады адслужыў у менскім атрадзе міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП). А праз 30 гадоў, у жніўні 2020-га, трапіў «пад раздачу» віцебскага АМАПу. Выжыў і не апынуўся на Акрэсціна толькі таму, што ў аўтазаку, дзе «людзі ляжалі ў тры пласты», страціў прытомнасць – ачуняў у хуткай. Зняў пабоі і паспрабаваў дамагчыся справядлівасці. Але паперкі з органаў аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні амапаўцаў і вайскоўцаў так і не дачакаўся. Затое ў кастрычніку 2021 года прыйшла позва са Следчага камітэту. «Я зразумеў: калі не з’еду – буду на Валадарцы», – кажа Ігар. Цяпер ён у бяспецы.

«Сядзеў у цывільным ля пад’езду Шушкевіча»

«Калі я служыў у менскім АМАПе – а ён тады і быў толькі менскі, там 300 чалавек служыла, – мы прымалі прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам на Кургане Славы. Там жа і Балаба гэты быў, па-мойму, а Барсукоў (Аляксандр Барсукоў – памочнік Прэзідэнта РБ, раней – намеснік міністра МУС. – Заўв. ЗК) дык дакладна быў, таму што Балаба прыйшоў у АМАП дзесьці на год пазней за мяне», – успамінае Ігар Уласевіч.

Ён праслужыў у атрадзе АМАП з 1991 да 1994 года. І сцвярджае, што за ўвесь час службы ні разу не падняў рукі з дубінкай на мірных людзей. Хоць, напрыклад, сядзець ля пад’езда дому, дзе жыў Станіслаў Шушкевіч, даводзілася.

Iгар Уласевiч у адным са спальных раёнаў Кiева. Фота: ЯА / Белсат

«Калі пачалася перадвыбарчая кампанія 1994 года, усіх прасілі, каб падпісваліся за Кебіча. І было такое, што нас «па цывільным» пасадзілі каля аднаго пад’езду. Потым высветлілася, што мы каля дому Шушкевіча сядзелі. І яшчэ такія нюансы былі: 8-ы ўзвод неяк пераапранулі ў цывільнае і адправілі на плошчу да Дому ўраду. Там людзі стаялі з транспарантамі, тыпу «Далоў Кебіча!». І вось 8-у ўзводу загадалі зладзіць бойку, парваць транспаранты і вакольнымі шляхамі дабірацца да базы. Ну, то бок такія правакацыі ўжо тады пачыналіся, і міліцыю асаблівага прызначэння пачыналі выкарыстоўваць не па прызначэнні», – кажа былы амапавец.

«Псіхапатаў туды не бралі»

Паводле ўспамінаў Уласевіча, у пачатку 1990-х даводзілася «працаваць па сапраўдных бандытах». Але калі не было працы, проста сядзелі на базе: спартзала, стральба ў ціры, палігон і марш-кідкі.

«А калі масавыя мерапрыемствы, то аўтазакі і аўтобусы зганялі за Дом ураду – і ўсё. Ніхто нікога не чапаў тады наогул. А як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, усё змянілася. У мяне засталася памятка для міліцыянтаў тых часоў, з Пагоняй яшчэ. У ёй гаварылася: ужываць сілу толькі раўнацэнную той, якая накіраваная супраць цябе. Б’юць цябе палкамі – ужываць спецсродкі. Ніхто не чапае – нічога не ўжываць», – распавядае Ігар Уласевіч.

«Адбор быў жорсткі. У паліклініцы МУС такое сур’ёзнае тэставанне было, што адсейваліся вельмі многія. Таму што псіхапатаў туды не бралі. Ураўнаважанасць і спакой – галоўнае. Каб не сарваўся з ланцуга. Нашмат больш сурʼёзна адбіралі. Але і звальнялі за найменшае правапарушэнне, калі, не дай бог, ужыў сілу беспадстаўна. Я пры Кудзіне служыў, палкоўніку», – дадае.

Ігар Уласевіч прызнаецца, што ў той час «быў апалітычным хлопцам». Збіраўся служыць далей, былі адзнакі і ўзнагароды, была перспектыва – збіраліся прысвоіць званне малодшага лейтэнанта. Але заробкі былі «ніякія». Са словаў Ігара, байцы атрымлівалі 25 долараў, генералы – 50. І ў нейкі момант ён вырашыў сысці ахоўнікам у прыватную фірму, дзе паабяцалі грошы, ад якіх грэх было адмовіцца. Звольніўся ў кастрычніку 1994 года.

«Гэты быў са сцягам»

«Не ведаю, што было б далей, калі б не звольніўся. Можа, таксама трапіў бы ў гэтыя жорны. Прамылі б мне мазгі – і ператварыўся б у такую ж пачвару… Але Бог мілаваў», – прызнаецца наш суразмоўца.

«Пачварамі» Ігар Уласевіч называе тых, хто затрымліваў і збіваў яго пасля выбараў – 11 жніўня 2020 года. Кажа, што яшчэ задоўга да выбараў зразумеў, што жыцця з Лукашэнкам не будзе і што прыбраць яго можна будзе, толькі калі паднімецца ўвесь народ. Лічыць, галоўную ролю ў тым, што людзі ўсё ж падняліся, сыграў Сяргей Ціханоўскі. Называе яго «Каліноўскім новага пакалення».

Iгар Уласевiч. Фота: ЯА / Белсат

«9 жніўня пасля выбараў пайшла інфармацыя, што ў цэнтры Менску войскі. Я – у машыну, бяру палку ад швабры, чапляю на яе сцяг, выстаўляю ў акенца – і папёр на цэнтр гораду. Там ужо было ўсё перакрытае. Тралейбусы сігналілі, машыны, калоны людзей ішлі да цэнтру. І я ўжо не прарваўся туды. Паездзіў па раёнах са сцягам, каб людзям падняць баявы дух», – дзеліцца ўспамінамі Уласевіч.

А ўжо 11 жніўня на Прытыцкага 97 яго схапілі амапаўцы («Як потым даведаўся, віцебскія былі»), калі стаяў з БЧБ-сцягам. Раптам выскачылі з «цывільнага» «Ікаруса», адхлясталі дубінкамі, заламалі рукі, кінулі тварам у падлогу.

«Пачуў толькі, што вось праедземся, назбіраем людзей і аддамо вайскоўцам. Ну, падумаў, можа, там больш гуманна будзе – усё ж такі салдаты. Але, як аказалася, прывезлі да аўтазака са спецназаўцамі в/ч 3214. Падобна, там у асноўным тэрміновай службы былі, усе спакаваныя, у масках, глядзець на іх нельга. Амапаўцы мяне па траве працягнулі і, папярэдзіўшы, што «гэты быў са сцягам», перадалі вайскоўцам», – распавядае Уласевіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы спецназу в/ч 3214, люты 2020 года. Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

«Хутчэй бы мне тут памерці»

Ля аўтазаку паставілі на расцяжку. Выцягнулі з кішэняў партманэ і смартфон. Успамінае, што ад невыноснага болю ў назе стаяць было немагчыма. Тым больш – залезці ў аўтазак.

«Мяне туды проста закінулі. А там адзін пытаецца: «З якога боку там у цябе нага хворая?» З левага, кажу. І ён мне разы тры-чатыры падэшвай берцу туды як жахне – я аж завыў ад болю. Увогуле, закінулі на кучу, там у тры пласта людзі ляжалі, задыхаліся. «Ах, ты са сцягам быў?» І давай лупіць па спіне, па нагах, электрашокам білі», – успамінае Ігар.

Былы следчы ГУБАЗіКу Азараў – пра тое, як гэтае падраздзяленне ваюе з беларускім народам

«З пацаном, гадоў 20 яму, ляжалі, па сутнасці, рот у рот, калі на нас зверху людзей накідалі. Я, можа, недзе і рады быў, таму што мяне ўжо па спіне не лупілі. І гэты хлопец ляжыць і кажа мне: «Хутчэй бы мне тут памерці». «Сынок, – кажу, – усё нармальна будзе, хутка скончыцца ўсё». А гэтыя пачалі ператасоўваць: поўныя – уніз, худыя – наверх. Потым выцягвалі людзей адтуль з ссінелымі вуснамі. Хуткай не адразу аддавалі. Глядзелі яшчэ: зусім ужо ўсе або яшчэ можна дубасіць…» – працягвае Уласевіч.

Паводле яго, ён прабыў у аўтазаку тры гадзіны. Пакуль не страціў прытомнасці.

«А дзе той, са сцягам?» – і давай мяне зноў лупіць. На галаву нагамі станавіўся. Вусны раздушыў, кроў у мяне з роту капала. Ты, кажа, выпацкаў нам падлогу. І давай галавой маёй лысай гэтую жалезную рыфленую падлогу ў аўтазаку выціраць. Я ўжо ніякі быў. І – вырубіўся. Аддалі мяне хуткай. Тэлефон вярнулі, а партманета – няма», – распавядае.

Iгар Уласевiч. Фота: ЯА / Белсат

«Працаваў наглядным дапаможнікам»

Калі на наступны дзень Ігар патэлефанаваў у судмедэкспертызу, каб зняць пабоі, там спыталі: на акцыі атрымалі? Калі так, то ідзіце, маўляў, пішыце заяву ў СК.

«Я кажу, здрасце, я ледзь вырваўся з лап гэтых катаў, а вы цяпер мяне зноў туды пасылаеце?»

Пасля таго аўтазака Ігар доўгі час хадзіў з кіем. У тым ліку – на нядзельныя маршы. Прыходзіў без майкі. «Працаваў наглядным дапаможнікам, каб людзі бачылі, што робіць гэты фашысцкі рэжым», – кажа. Выступіў у прамым эфіры радыё «Свабода». Але заяву ў СК усё-ткі занёс, разам з праваабаронцам «Вясны». Праўда, «катаў» ужо ніхто не шукаў.

А пазней спатрэбілася аперацыя на тазасцегнавым суставе. Сітуацыя накалялася і на працы.

«Стаяла ўжо задача звольніць мяне»

Ігар Уласевіч доўгі час працаваў эканамістам на менскай ЦЭЦ-3. Але пасля 7 гадоў працы на гэтай пасадзе яго, як нядобранадзейнага, перавялі ў цесляры («Калегі жартавалі, што гэта мяне на «хімію» адправілі»). Сцвярджае, што на яго месца ўзялі сына старшыні прафкаму.

Але сапраўднае бясчынства пачалося пасля выбараў. Не працягнулі кантракту намесніку дырэктара Юрыю Лізунову, які ў якасці старшыні выбарчай камісіі адмовіўся падпісваць пратакол з 80 адсоткамі за Лукашэнку. Заяву «на ўласнае жаданне» папрасілі напісаць супрацоўніка аддзелу дамоваў Андрэя Кучука. Хмары згушчаліся і над Уласевічам. Асабліва пасля таго, як на прафсаюзным сходзе назваў міліцыянтаў эсэсаўцамі, а войска – акупанцкім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спецтэхніка для разгону масавых акцыяў на вуліцах Менску. 25 сакавіка 2021 года. Фота: BELAPAN / Reuters / Forum

«Мяне прафсаюзнік нейкі пачаў перабіваць. А я кажу: вы раскажыце гэта маці дзяцей, якіх забілі ні за што. Так ён закрыў рот і маўчаў потым. Я тады на эмоцыях, вядома, быў, але многія мяне падтрымлівалі», – распавядае Уласевіч.

Зразумеў, што канчаткова хочуць ад яго пазбавіцца, калі напярэдадні Дня волі ў 2021 годзе выпісаўся з лякарні і напісаў заяву за свой кошт, каб у святочны дзень не ісці на працу. Пазней даведаўся, што падпісаную яго непасрэдным начальнікам заяву разарваў дырэктар ЦЭЦ-3 Юрый Бабарыка.

«А ты ведаеш, што сёння Дзень волі і мне ўжо тэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што ён затрыманы. Гэта былі словы дырэктара, якія мне перадалі. Хоць ніхто мяне не затрымліваў. Гэта была чыстай вады падстава, подласць і крымінальнае злачынства. Проста стаяла ўжо задача мяне звольніць», – распавядае наш суразмоўца.

Былы капітан МУС: Служба цяжкая, але прызвычайваешся, што заробак – у адзін і той жа дзень

«Разумеў, што пара з’язджаць»

У сакавіку «пазбавіцца» ад Уласевіча не ўдалося – ён узяў адпачынак па стане здароўя: мелася быць аперацыя па замене тазасцегнавога сустава. А ў сярэдзіне верасня ўжо сам Ігар павёз на працу заяву – аб далучэнні да агульнанацыянальнай забастоўкі. Але – не аддаў. Дасведчаныя людзі паспелі папярэдзіць, маўляў, «паедзеш з кабінета дырэктара проста на Валадарку».

«Я ўжо разумеў, што хутка нешта будзе, таму што ўжо хапалі тых, хто раней выходзіў і «свяціўся». «Губазікі» ўжо пачалі пісаць, маўляў, ідзіце здавайцеся і вам будзе добра, інакш усё роўна мы вас усіх знойдзем. А 18 кастрычніка мне прыйшла позва з СК. І я зразумеў, чым гэта пагражае, я шмат дзе засвяціўся. На Прытыцкага тады «Камсамолка» мяне зняла, я ў іх на сайце за 11 жніўня на тытульнай старонцы са сцягам стаяў. Разумеў, што пара з’язджаць. Візу яшчэ ў верасні адкрыў…» – распавядае Ігар Уласевіч.

Iгар Уласевiч. Фота: ЯА / Белсат

«Не магу быць пачварай, якая ўсюды прыстасоўваецца»

Былы амапавец і працаўнік менскай ЦЭЦ-3 Ігар Уласевіч цяпер жыве за межамі Беларусі. На пытанне, ці не шкадуе ён, што ўсё так адбылося і што давялося бегчы з краіны, адказвае рашучым «не».

«Не, не шкадую. Я такі чалавек. Не магу быць пачварай, якая ўсюды прыстасоўваецца. Мог бы на ЦЭЦ гэтай кар’еру зрабіць, без пытанняў. Але не магу «танчыць». Таму і на гэтых амапаўцаў рыкаў і атрымліваў за гэта. Што ўжо зараз? Так атрымалася. Хацеў бы жыць спакойна, бо не той узрост, каб кудысьці рвацца. Але ведаю, што пакуль гэтая фашысцкая гадзіна, гэты кат і забойца будзе ва ўладзе, спакою не будзе. Вось дзе бяда. Ганебшчына! Святлана Ціханоўская, вунь, паўсвету абʼехала, а з ім толькі людаеды маюць стасункі…» – падсумоўвае Ігар Уласевіч.

«Я б не змог вярнуцца туды». Былы міліцыянт просіць аб дапамозе

ЗК/ІР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны