Экс-гендырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч: У мяне ніколі не было вялікіх грошай…


25 кастрычніка споўнілася 11 гадоў з дня трагедыі на заводзе «Пінскдрэў», якая забрала жыцці 14 чалавек. У памяць аб ахвярах жыхары Пінску і сваякі загінулых прыносяць у гэты дзень кветкі да мемарыяльнай дошкі, якая ўсталяваная на прадпрыемстве.

Людзі ўспамінаюць той ракавы дзень і да гэтага часу шукаюць адказ на пытанне – хто вінаваты. У размовах згадваюць імя былога гендырэктара канцэрна Ларана Арыніча – па версіі следства, «галоўнага абвінавачанага» па крымінальнай справе, узбуджанай пасля выбуху на прадпрыемстве. Лавы падсудных ён пазбег, шмат гадоў жыве ў Польшчы і сцвярджае, што не меў да трагедыі «непасрэдных адносінаў». «Белсат» пагаварыў з 85-гадовым экс-дырэктарам «Пінскдрэва».

«Стала маёй асабістай трагедыяй»

– Людзі дагэтуль шукаюць вінаватых у той аварыі, хоць некалькі чалавек ужо былі асуджаныя. Гэтая трагедыя падзяліла і ваша жыццё на «перад» і «пасля». Што яна для вас?

– Гэтая трагедыя стала і маёй асабістай трагедыяй. Хоць, у прынцыпе, я не меў да яе непасрэднага дачынення, бо гэта здарылася на прадпрыемстве, якое было юрыдычна і адміністрацыйна самастойным (гаворка пра СТАА «Пінскдрэў-ДСП» – заўв. «Белсат»). З 2004 года гэта сумеснае прадпрыемства арандавала ў «Пінскдрэва» завод драўнянастружкавых пліт. І яно не ўваходзіла ў склад аб’яднання, якім кіраваў непасрэдна я. Але ўваходзіла ў склад холдынгавай кампаніі, у якой я быў на грамадскіх пачатках старшынёй савета дырэктараў.

– Калі фармальна вы не адказвалі за «Пінскдрэў-ДСП», то чаму суд і пракуратура зрабілі вас галоўным вінаватым?

– Яны не зрабілі мяне галоўным вінаватым – спрабавалі гэта зрабіць. Спрабавалі. Але ў іх не было ніякіх доказаў, гэта не пацвярджалася ніякімі фактамі і канкрэтнымі доказамі.

Ілюстрацыйны здымак. Вытворчасць мэблі на фабрыцы «Пінскдрэў».
Фота: pinskdrev.by

– Вы, можна сказаць, выбудавалі гэтую імперыю, кіравалі прадпрыемствам з 1983 года, яшчэ ў савецкія часы. Потым шмат гадоў – у незалежнай Беларусі. І раптам – грубае парушэнне тэхнікі бяспекі, аховы працы… Хто ж тады за гэта адказвае?

– Я не ведаю, чым кіравалася адміністрацыя гэтага сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Пінскдрэў-ДСП». Але я дакладна ведаю, якое галоўнае парушэнне было дапушчана: на самай вытворчасці быў арганізаваны газазварачны пост, якім можна было скарыстацца ў любы час, калі парвецца канвеер цэха ДСП. І вось падчас штотыднёвай уборкі і рамонту абсталявання на пялетнай вытворчасці было прыведзена ў працоўны стан газазварачнае абсталяванне. Людзі сышлі на абед, і газазваршчык, які абавязаны быў застацца, сышоў разам з усімі. Адбылася ўцечка газу. Пасля таго як працягнуліся рамонтныя работы, аператар уключыў адзін з патокаў, утварылася іскра – і выбухнуў газ. Аператар абгарэў як галавешка прама на месцы. Ну і затым пачалі рвацца балоны з газам, з кіслародам. І падняты ў абодвух цэхах пыл быў даведзены да выбуханебяспечнага стану – адбыўся магутны выбух…

«Чаму я павінен прасіць прабачэння ў людзей?»

– Як распавядалі нам людзі, гэта магло адбыцца ў любы момант, таму што тэхніка бяспекі парушалася зусім не толькі ў гэтым цэху.

– Не зусім так. Таму што кіраўнік службы аховы працы і тэхнікі бяспекі – першы намеснік галоўнага інжынера «Пінскдрэва» – штогод прызнаваўся лепшым кіраўніком па ахове працы ў канцэрне, у Пінску, у Берасцейскай вобласці. Ён адзіны, з больш чым 6000-га калектыву, быў дэпутатам гарсавету. Гэта значыць, як раз праца службы аховы працы прызнавалася лепшай ва ўсёй сістэме дрэваапрацоўкі.

– Але ўзнагароды і дэпутацтва – ці не было гэта пэўнай залежнасцю ад вашай імперыі? Бо, па сутнасці, вы «трымалі» горад. Калі ўжо каго падтрымлівалі, ён адчуваў гэтую падтрымку…

– Так, але ў апошнюю пяцігодку нас два разы змяшчалі на Рэспубліканскую дошку гонару. А туды, калі хоць адно надзвычайнае здарэнне было за год, ні ў якім разе не патрапіш. Гэта значыць былі гады, калі ні аднаго надзвычайнага здарэння на вялізнай вытворчасці з больш чым 40 напрамкамі дзейнасці і дзясяткамі вытворчасцяў не было. Так што прабачце, але не магу з вамі пагадзіцца.

– Але здарылася трагедыя – загінулі людзі. У мінулы панядзелак каля прахадной зноў збіраліся людзі, каб памаліцца за сваіх блізкіх. Успаміналі і вас. І больш за ўсё людзі абураюцца тым, што вы не папрасілі прабачэння перад імі. Хацелі б папрасіць прабачэння?

– Але чаму я павінен прасіць прабачэння ў людзей, калі не меў ніякай адказнасці за тое прадпрыемства? Выходзіць, што і мэр, і кіраўнік буйнога прадпрыемства павінен прасіць прабачэння за тое, што на нейкім іншым прадпрыемстве адбылася трагедыя? Чаму я павінен адказваць, калі гэта прадпрыемства не ўваходзіла ў склад нашага аб’яднання?

Тым больш, вы ж паглядзіце, кіраўнік службы аховы працы нават не прыцягваўся, следства нават не займалася гэтай службай. А служба немаленькая, яна сапраўды даглядала пажарную бяспеку і ахову працы на абʼяднанні. Але вось тым прадпрыемствам наша служба не займалася. Нават калі спрабавалі зазірнуць туды і паказаць на недахопы або напісаць даведку, што дзесьці дрэнна, то кіраўніцтва прадпрыемства проста рвала яе на вачах ва ўсіх.

Прыбраць да рук «Пінскдрэў» хацелі «першыя асобы ў дзяржаве»

– Людзі таксама кажуць, што абсталяванне, закупленае тады ў Нямеччыне, было спісаным. А фірма, якая яго пастаўляла, была звязаная з вашай дачкой. Ці гэта праўда?

– Не. Ніякага дачынення да гэтага абсталявання мая дачка не мела. Яна была прыцягнутая толькі ў якасці перакладчыцы, з улікам таго, што сапраўды працавала па камплектуючых дэталях і па інструментах з Італіяй, Германіяй, Швецыяй і г. д. І ведала добра нямецкую мову.

– Добра. Калі вы працавалі ў гэтай сістэме так шмат гадоў і даходзілі да самых высокіх чыноўнікаў – чаму тады не засталіся ў Беларусі, каб даказаць у судзе сваю невінаватасць.

– Пытанне вельмі цікавае. Справа ў тым, што тыя, што ведаюць, да чаго ўсё ідзе – людзі ва ўладзе, палічылі, што калі я застануся ў Беларусі, то «Пінскдрэў» ліквідуюць як акцыянернае самастойнае таварыства. Адбудзецца або адзяржаўленне, ці хто-небудзь з кіраўнікоў дзяржавы забярэ ў асабістую ўласнасць. Падказалі і пераканалі мяне, што трэба выехаць і паставіць тых, хто хоча прыбраць да рук «Пінскдрэў», перад фактам, што ім немагчыма гэта зрабіць на законных падставах.

– Я правільна разумею, што сітуацыяй скарысталася дзяржава, каб прыбраць да рук «Пінскдрэў»?

– Так. Менавіта так.

– І хто за гэтым можа стаяць?

– Ну як хто? Першыя асобы ў дзяржаве, натуральна.

– Першы – гэта Аляксандр Лукашэнка. Але калі першыя – гэта хто яшчэ?

– Хтосьці з яго блізкіх, з яго набліжаных.

– Сын Віктар?

– Можа быць, і сын Віктар. Можа. Я не магу сцвярджаць. А можа быць, і Шэйман у кіраванні справамі прэзідэнта.

«Мясцовыя палічылі, што я пад дахам Лукашэнкі»

– Вы супрацоўнічалі з сістэмай 16 гадоў, таму што калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, вы былі дырэктарам. Тады, у 1990-я, на «Пінскдрэве» прайшлі ператрусы, канфіскаваныя дакументы вывозілі грузавікамі пад аховай АМАПу. Як у вас атрымалася 16 гадоў выжываць у гэтай сістэме. Вы камусьці плацілі?

– Не. Я як раз, на здзіўленне, абыходзіўся без «даху». Справа ў тым, што ў 1996 годзе мясцовыя – пінскія – палічылі, што я там чужы чалавек. Маўляў, сваіх хапае гаспадарнікаў, якія могуць узначаліць завод. Поспехі «Пінскдрэва» успрымалі вельмі хваравіта. Таму што на фоне тых, хто працаваў стратна і скарачаў людзей, аб’ёмы і гэтак далей – «Пінскдрэў» развіваўся. І вельмі многія зайздросцілі нашым поспехам. І ўсе рабілі, каб неяк спыніць рух наперад. А гэта можна было зрабіць, толькі прыбраўшы мяне як кіраўніка.

– Тым не менш, вы пратрымаліся 15 гадоў.

– Ну вось, у 1996 годзе была спроба мяне прыбраць. І толькі на нарадзе ў Лукашэнкі, калі я падняў пытанне аб тым, што мяне спрабуюць мясцовыя пракуратура, райвыканкам, КДБ і гэтак далей прыбраць, Лукашэнка даручыў Мясніковічу – ён тады быў на чале адміністрацыі – стварыць камісію і разабрацца з сітуацыяй. Камісія папрацавала і вынеслі вердыкт, што маёй віны няма, што спроба мяне прыбраць незаконная – і тады ўсе супакоіліся. І вось мясцовыя, мабыць, палічылі, што я знаходжуся пад дахам Лукашэнкі, і 15 гадоў мяне не чапалі.

– Вы згадалі Шэймана. Гэта чалавек, які тузае за вяровачкі?

– Ну, усім зразумела, што Шэйман – гэта казначэй Лукашэнкі, усе фінансавыя дзеі, у агульным, канцэнтраваліся на Шэймане. Ён быў, як гаворыцца, галоўным кашальком Лукашэнкі. Гэта зразумела.

– «Пінскдрэў» – гэта велізарныя грошы. Шэйман напэўна цікавіўся прадпрыемствам?

– Калі ён быў кіраўніком гаспадарчага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта, мне неаднаразова прапаноўвалася прыняць стратную тэлеханскую лыжную фабрыку, якая лыж ужо не вырабляла. Гэта значыць – забраць яе ў склад «Пінскдрэва». Але я выразна разумеў, што калі ўласнасць гаспадарчага ўпраўлення адміністрацыі ўвойдзе ў склад «Пінскдрэва», то і ўвесь «Пінскдрэў» стане ўласнасцю ўпраўлення. Таму катэгарычна адмаўляўся.

«Сродкаў да існавання не засталося…»

– Вам і вашай сям’і належалі ці належаць 32% акцый «Пінскдрэва». Гэта вельмі шмат. Але дзяржава зрабіла так, каб фармальна яны вам не належалі. Што гэта – рэкет на дзяржаўным узроўні?

– Так. Менавіта так. Для каго гэта зроблена, які канчатковы вынік чакалі ад гэтага атрымаць, ці прывядзе гэта да таго, што ўвесь «Пінскдрэў» стане ўласнасцю дзяржавы, адміністрацыі прэзідэнта ці кагосьці з набліжаных прэзідэнта – я не ведаю. Але ўсё гаворыць за тое, што мэта была – прыбраць да рук прадпрыемства, якое добра арганізаванае і пастаянна развіваецца, якое павялічвае аб’ёмы і давяло экспарт амаль да 70%. Карацей кажучы, прынадны кавалачак быў. Прынадны. І вядома, многіх цікавіла, як бы яго прыбраць да рук.

– І прыбралі.

– Прыбралі.

– Вы чалавек, які, па сутнасці ствараў гэтую імперыю на працягу 28 гадоў. Вы былі ганаровым грамадзянінам Пінска, але гэтага звання вас пазбавілі. І сёння мы сустракаемся з вамі ў сціплай кватэры ў Беластоку. Здавалася, вы павінны былі б жыць цяпер у асабняку, у харомах. Шкада?

– Вядома, жыць на чужыне складана. Тым больш, калі сродкаў да існавання ніякіх не засталося. Жыву за кошт сацыяльнай дапамогі, за тое, што прызначылі як «непэлноспраўнаму», гэта значыць як чалавеку з 1-й групай інваліднасці. Але гэтых «пенёндзаў» хапае толькі на аплату жылля і камунальных паслугаў. Ну і трохі каб купіць лекі. На астатняе практычна нічога не застаецца. Цяжка. Натуральна, гэта не тыя ўмовы, якія я меў у Пінску. Не, не асабняк там быў, а проста невялікі дом, не такі вялікі, як сёння будуюць і панабудавалі ў тым жа Пінску. Але жыццё працягваецца. Вядома, узрост, хваробы, якіх дадалося пасля таго, што адбылося, перажыванні, якія я перанёс у Польшчы, – усё гэта адбілася.

«Я заўсёды жыў чыста на заробак»

– Калі вы бачыце сённяшніх людзей сістэмы, што вы думаеце пра іх? Сістэма Лукашэнкі – гэта сістэма, якая выкарыстоўвае і выплёўвае любога? Для яго няма аўтарытэтаў?

– Вы маеце рацыю. Па-мойму, няма ніякіх. Калі спатрэбіцца, то ніякія законы нікога не выратуюць. Яны ўсё зробяць, каб абабраць, забраць, а часам і знішчыць прыватны бізнес або бізнес акцыянераў. Тут прыклад таго ж «Пінскдрэва». І нават блізкіх да сістэмы людзей часцяком абіраюць і саджаюць на нейкі час, каб адкупляліся. І бачу, што вельмі шмат прадпрымальнікаў, асабліва маладых, з’язджае з Беларусі. Я вельмі часта сустракаю тут, у Беластоку, беларусаў, якія пакінулі Радзіму і бізнес. Але трэба аддаць ім належнае, што тут яны пачынаюць усё ствараць нанова, і мяне гэта, шчыра кажучы, радуе: беларусы – людзі прадпрымальныя.

– Калі светам кіруюць грошы, калі ад сістэмы можна адкупіцца – чаму вы не адкупіліся?

– Ну, па-першае, у мяне ніколі не было вялікіх грошай. Я жыў заўсёды чыста на заробак. Хоць так, зарплата ў мяне была добрая. Мне плацілі добра, і я пра гэта заяўляў пастаянна, што…

Ілюстрацыйны здымак. Вытворчасць мэблі на фабрыцы «Пінскдрэў».
Фота: pinskdrev.by

– Але пачакайце, прыблізна 200 млн долараў – гэта «Пінскдрэў«. У вашай сям’і 32% акцый – гэта каля 60 мільёнаў. Не так і мала…

– Але яны толькі разумеліся – фактычна іх ніхто не меў. А акцыі… На працягу 19 гадоў, калі Пінскдрэў меў акцыі і меў права плаціць дывідэнды, я ўгаворваў акцыянераў на сходах не выплачваць дывідэндаў. Мы выплацілі толькі тры ці чатыры разы. А так увесь прыбытак вярталі ў бізнес – у стварэнне новых вытворчасцяў, у закупку новых тэхналогіяў, больш сучаснага абсталявання. Так і развіваліся. Таму дывідэндаў ад акцый ні я, ні мая сям’я не мелі. І не стварылі ніякага запасу. Толькі за кошт маёй зарплаты жылі. І я не займаўся ніякай асабістай выгадай і ўсяляк спыняў тых кіраўнікоў, якія спрабавалі нешта зарабіць у асабістым плане, гандлюючы інтарэсамі нашага вялікага калектыву.

«Цяперашняй уладзе нікуды ўжо не падзецца»

– Крыху пра іншае. Напэўна ў апошні час вы сачылі за тым, што адбываецца ў нашай краіне. Што думаеце аб пратэстах 2020 года пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў?

– У прынцыпе, я лічу, што народ быў абсалютна правы і меў поўнае права пратэставаць. Ну а тое, што масавы выраз недаверу і незадаволенасці быў задушаны сілавымі структурамі – гэта, вядома, кепска. Мне здаецца, што цяперашняй уладзе нікуды ўжо не дзецца – раней ці пазней народ настаіць на сваім. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага. Нармальнага жыцця, як гэта ёсць у Еўропе. Ды і назіраючы за станам справаў у Расеі, мне здаецца, што і Расея сёння на правільным шляху. Увогуле, абапіраецца на народ. Вельмі важна, каб улада абапіралася на народ, а не ваявала з народам.

– Што б вы сказалі сёння людзям, якія працавалі побач з вамі, і наогул – работнікам «Пінскдрэву»?

– Жадаю перш за ўсё ўсім здароўя, паспяховай працы, годнага заробку, павелічэння даходаў «Пінскдрэву». Ну і, вядома, – развіцця. Ні ў якім разе не спыняцца на дасягнутым, а шукаць дадатковыя шляхі развіцця, выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Ну і ўвогуле – шчасця і дабрабыту ўсім сем’ям майго роднага калектыву, які для мяне быў і застаецца дарагім.

Гутарыў Сяргей Падсасонны belsat.eu / ІР

Стужка навінаў