Дзень памерлых. Як ён яднае палякаў?

З вуснаў беларускіх палітыкаў часта можа пачуць пра перайманне досведу за мяжою. 1 лістапада ў Польшчы – вось досвед, варты ўвагі.

Па ўсім свеце ёсць пахаванні беларусаў, якія збягалі з радзімы ці шукалі лепшай долі ў далёкіх краях. Асабліва шмат беларускіх пахаванняў на Павонзкіх могілках. Гэта самыя старыя могілкі польскай сталіцы, дзе пахавана шмат важных для беларускай культуры асобаў. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Не здзіўляйцеся, але ў Польшчы Дзень памерлых – гэта адзін з галоўных дзён у календары (непрацоўны дзень). Каталіцкі касцёл адзначае 1 лістапада Дзень усіх святых. І рыхтавацца да яго пачынаюць загадзя. Не наведаць могілак у гэтыя дні, не прыбраць месца спачыну сваякоў і не паставіць знічоў – нельга. Гэтаю тэмаю жывуць абсалютна ўсе медыі, ліберальныя, кансерватыўныя, правыя і левыя. А рыхтуюцца да гэтага дня на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. Гэта бяспека на дарогах, павышаная актыўнасць паліцыі, перакрытыя вуліцы ў гарадах, змененыя маршруты гарадскога транспарту і гэтак далей. У Варшаве ды іншых буйных агламерацыях запускаюць дадатковыя аўтобусы, якія курсуюць 1 лістапада толькі ў кірунку могілак. А там у гэтыя дні мы пабачым мора хрызантэмаў, лампадак… Для некаторых польскіх прадпрымальнікаў гэта самыя плённыя дні за ўвесь год. Калі летась праз пандэмію закрылі могілкі, дзяржава скампенсавала страты сярод іншых садоўнікам. Свята памерлых – добрая нагода для хуткага заробку для студэнтаў ці падлеткаў: купляюць знічы ці кветкі ў краме і перапрадаюць даражэй каля брамаў могілак.

Hавiны
У цэнтры Варшавы прайшла акцыя «Дзяды»
2021.10.31 22:50

Але гэта ўсё лагістыка. Уражвае кансалідацыя польскага грамадства ў гэты дзень. Палітыкі ўсіх узроўняў наведваюць не толькі магілы родных, але і выбітных суайчыннікаў ці палеглых жаўнераў, у залежнасці ад месца жыхарства. Дарэчы, у Польшчы нават магілы невядомых жаўнераў акуратна прыбраныя, гараць знічы. Вельмі ўражвае, калі бачыш польскую сям’ю, якая затрымліваецца каля такіх месцаў, прыносіць кветкі, запальвае лампадку – робіць гэта без афіцыёзу, натуральна, ад сэрца. Уражваюць і натоўпы людзей на галоўным некропалі Варшавы. З самай раніцы да позняй ночы жыхары сталіцы ідуць на Паванзкоўскія могілкі, дзе пахаваныя такія выбітныя людзі, як музыка Чэслаў Немэн ці пісьменнік і нобэлеўскі лаўрэат Владыслаў Рэймант. Там жа спачываюць нарачоная Кастуся КаліноўскагаМарыя Ямант, а таксама наш выбітны зямляк Ян Булгак.

Магіла нарачонай Каліноўскага — Марыі Ямант. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Натоўпы будуць і на кракаўскім Вавэлі, бо там пахаваныя не толькі каралі (сярод іншых Ян III Сабескі, Стэфан Баторы), але і Тадэвуш Касцюшка, Юзэф Пілсудскі, а таксама Лех і Мар’я Качыньскія (якія загінулі ў катастрофе самалёта ў красавіку 2010 года) ды шмат хто яшчэ. У кожным польскім горадзе свае некропалі, свае асобы і героі. У Любліне ўражваюць могілкі на вуліцы Ліпавай, дзе пабачым прозвішчы царскіх генералаў і губернатараў, польскіх вайсковых дзеячаў за часоў дзвюх сусветных войнаў, але хапае там нямецкіх ці ўкраінскіх прозвішчаў (жаўнеры Пятлюры). Зямля ўсіх абʼяднала, як яднае гэты дзень палякаў, незалежна ад веравызнання. Бо гэта не толькі дзень памерлых, гэта дзень памяці – нацыянальнай памяці.

Магіла этнографа Міхал Федароўскага. Варшава, Польшча. 30 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

У Беларусі адно з галоўных святаў каталікоў – працоўны дзень. Дзяржава пастанавіла, што памінаць сваякоў беларусам трэба ў праваслаўную Радаўніцу (сёлета выпадала 11 траўня). Але ці можна сказаць, што гэты дзень кансалідуе беларусаў так, як кансалідуе палякаў 1 лістапада? Каму натоўпы беларусаў нясуць кветкі ды лампадкі ў сваіх гарадах і мястэчках? Без афіцыёзу і прымусу, а натуральна, ад сэрца. Якім нацыянальным героям, пісьменнікам ці музыкам запальваюць знічы Лукашэнка ды ягоныя палітыкі? Ці ёсць такі дзень у беларускім календары, калі каля магілы невядомага жаўнера можна выпадкова сустрэць суседа? А павінен быць такі дзень. Бо той, хто не памятае мінулага, не мае права на будучыню. Так казаў Пілсудскі, творца незалежнай Польшчы.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў