Арганізатары страйку кажуць, што да на працу не выйшлі дзясяткі тысячаў беларусаў

1 лістапада Беларускае аб’яднанне рабочых і «Еўрапейская Беларусь» абвесцілі пачатак агульнанацыянальнага страйку. Арганізатары забастоўкі заклікалі людзей не выходзіць на працу і застацца дома. Гэтую ініцыятыву не падтрымалі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Рабочы рух.

Беларускае аб’яднанне рабочых (БАР), якое абвесціла агульнанацыянальны страйк з 1 лістапада, паведамляе, што дзясяткі тысяч беларусаў не выйшлі сёння на працу.

«На 15 гадзіну пацвердзілі нявыхад на працу толькі ў наш бот крыху болей чым 20000 чалавек. Пакуль яшчэ апрацоўваем дадзеныя», – распавёў «Белсату» Сяргей Дылеўскі, лідар БАР.

Сяргей Дылеўскі, лідар стачкаму МТЗ. Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

Арганізатары страйку таксама паведамляюць, што на некаторых прадпрыемствах людзі страйкуюць цэхамі. Ужо пачаліся перабоі з рэгулярным транспартам, у гарадах стала менш таксі, паведамляе БАР.

Чытачы «Белсату» паведамляюць, што з 1 лістапада кіраўніцтва «Ліфтмаш» у Магілёве прымусіла ўсіх працаўнікоў узяць адпачынак за свой кошт на тыдзень.

«І працы няма, і забастоўкі баяцца (хоць там усё роўна працуюць рабы, якія б і так на яе не выйшлі). Так што рабочыя можа і не хочуць удзельнічаць у страйку, бо што не хочуць губляць грошы, але ўсё роўна прыйдзецца», – паведамляюць чытачы «Белсату».

Старшыня Беларускага аб’яднання рабочых Сяргей Дылеўскі абвесціў пачатак у Беларусі забастоўкі на 1 лістапада. Ініцыятары страйку абяцаюць спыніць вытворчасць па ўсёй краіне. Але ініцыятыву не падтрымалі былая кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі Рабочага руху.

Падчас абмеркавання страйку палітыкі палічылі, што цяпер беларускае грамадства не гатовае да забастоўкі. Святлана Ціханоўская адзначыла: хоць пытанне страйку сапраўды хвалюе шмат якіх беларусаў, яе варта пачынаць толькі тады, калі будзе правядуць адпаведнае рыхтаванне.

Павел Латушка – аб прычыне немагчымасці страйку 1 лістапада: Нам не ўдалося аб’яднацца

СК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны