Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 кастрычніка

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія войскі. Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Цягам мінулых содняў актыўнасць абодвух бакоў канфлікту істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту, але агулам ініцыятыва ў вайне захоўваецца за ўкраінскімі сіламі, а расейцы ў асноўным засяродзіліся на абароне раней занятых пазіцыяў.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту даследавання вайны (ISW) мяркуюць, што Збройныя сілы Украіны працягваюць наступаць на усход ракі Аскіл у Харкаўскай вобласці. Імаверна, ЗСУ ўжо кантралююць Петрапаўлаўку, якая знаходзіцца за 7 км на ўсход ад Купянску.

Пры гэтым асноўная ўвага ўкраінскіх сілаў на паўночным усходзе краіны па-ранейшаму скіраваная на ваколіцы гораду Ліман Данецкай вобласці. Украінскае камандаванне пацвердзіла вызваленне 5 населеных пунктаў каля самога гораду: гэта Ямпаль, Навасёлаўка, Шандрыгалова, Дробышава і Стаўкі. Аналітыкі ISW выказалі меркаванне, што сам Ліман будзе вызвалены ці аточаны ЗСУ цягам наступных 72 гадзінаў.

Украінскія войскі. Фота: Міністерство оборони України / Facebook

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» напісаў, што апоўдні 1 кастрычніка ЗСУ ўдалося перарэзаць дарогу Торскае – Сватава, а таксама скаваць сілы праціўніка ў ваколіцах Цернаў. Дарога паміж Ліманам і Торскім пад украінскім агнявым кантролем, таксама ЗСУ зайшлі ў Зарэчнае, цераз якое праходзіць гэтая дарога. Пад агнявым кантролем украінцаў знаходзіцца і дарога ад Торскага да Крэмінной. Агулам гэтыя факты ўказваюць на фактычнае атачэнне Ліману Збройнымі сіламі Украіны, пра што заявіў дарадца групоўкі войскаў «Схід» Сяргей Чэрэваты. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і былы міністр абароны так званай ДНР Ігар Гіркін, які ў сваім тэлеграм-канале паведамляе пра траплянне расейцаў у кацёл.

Ужо а 15-й гадзіне 1 кастрычніка «Рыбарь» заявіў, што расейцы пакінулі Ліман, і цяпер горад знаходзіцца пад кантролем ЗСУ. На прысутнасць украінскіх сілаў у населеным пункце ўказвае відэа ўзняцця дзяржаўнага сцяга на заходнім уездзе ў горад, а таксама кадры з украінскімі вайскоўцамі каля ўзарванага маста цераз раку Жарабец, аднак афіцыйнага пацверджання вызвалення Ліману пакуль не было. Таксама пакуль невядомы і лёс расейскай групоўкі, якая ўтрымлівала горад.

Украінскія войскі. Фота: Міністерство оборони України / Facebook

На іншых участках фронту Данецкай вобласці мінулыя содні выдаліся больш спакойнымі: Генеральны штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё расейскіх атакаў у ваколіцах населеных пунктаў Нью-Ёрк, Зайцава і Салядар.

Пра баявыя дзеянні ў суседняй Запарожскай вобласці ўкраінскае камандаванне, які і аналітыкі ISW, нічога не паведамляюць.

У Херсонскай і Запарожскай вобласцях працягваюцца пазіцыйныя баі. ISW піша, што ўкраінскія сілы адбілі атаку расейцаў на Асакораўку на поўначы Херсонскай вобласці, а таксама адзначае актыўнасць ЗСУ ў ваколіцах Давідава Броду.

Украінскі Генштаб адзначае, што за мінулыя содні ЗСУ ўдалося знішчыць каля 530 расейскіх вайскоўцаў, такім чынам агульныя беззваротныя страты РФ у поўнамаштабнай вайне дасягнулі 59 610 чалавек.

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату