Без рэцэпту, але хутка разбіраюць. Праверылі колькі каштуе ёдзісты калій у кіеўскіх аптэках


На фоне навінаў аб магчымым выкарыстанне тактычнай ядравай зброі з боку Расеі, сярод насельніцтва назіраецца павышаны попыт на ёдзісты калій. У Беларусі некаторыя прэпараты набыць не магчыма, а вось ва Украіне яны прадаюцца ў аптэках без рэцэптаў.

Правізар ў аптэцы ў Кіеве, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Карэспандэнтка «Белсату» наведала кіеўскія аптэкі і спраўдзіла наяўнасць лекаў, а таксама кошты на прэпараты.

З пяці аптэк у Кіеве ёдзісты калій у наяўнасці быў толькі ў двух з іх, правізары распавялі, што зараз пакупаюць яго больш, чым раней, каштуе прэпарат у сярэднім каля 250 грыўняў.

Ёдзісты калій у таблетках. Кіеў, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Была пастаўка прэпарату на мінулым тыдні, але сёння разабралі, з раніцы заставалася 2 пласціны ёдзістага калію. Чакаем наступную, у прынцыпе, кожны тыдзень падвозяць. Каштуе каля 190 грыўняў за адну пласцінку [у пласцінцы – 10 таблетак. – рэд.], прадаецца без рэцэпта. Адмысловага ажыятажу няма, але людзі разбіраюць», – кажа правізарка адной з кіеўскіх аптэк.

Аптэка ў Кіеве, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«У наяўнасці прэпарату зараз няма, скончыўся. Адна пласціна каштуе каля 300 грыўняў. У пастаўцы ўсяго 10 пласцін звычайна, але людзі хутка разбіраюць: загадзя браніруюць праз сайт аптэкі ці замаўляюць праз Новую пошту. Гэта дэфіцыт. У нас зараз ёсць толькі раствор, каштуе 138 грыўняў, але гэтая доза вельмі вялікая, прымаецца толькі як прафілактыка ў экстранай сітуацыі, магчымай хіба што пры аварыі на АЭС ці выкарыстанні ядравай зброі», – каментуе фармацэўтка з іншай аптэкі.

Раствор ёдзістага калію на выпадак экстранай сітуацыі. Кіеў, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«У таблетках ёдзісты калій ёсць, зранку прывезлі. Вельмі шмат людзей пытаецца прэпарат, значна больш, чым раней», – распавядае трэцяя правізарка.

Каб арганізм не засвойваў радыеактыўны ёд у шчытавіцы, трэба ў першыя пару гадзінаў пасля здарэння прыняць «стабільны» (не радыеактыўны) ёд. У выпадку аварыі ці ядравага ўдару найлепей прымаць менавіта ёдыд калію. Але належныя таблеткі па 250 мг у беларускіх аптэках не прадаюцца, ёсць толькі таблеткі ў долі мг («Ёдамарын» не дапаможа, бо для радыеабароны залозы трэба аднаразова прыняць тысячу таблетак). Некаторыя беларусы ўжо замаўлялі ёдыд калію з-за мяжы. Калі таблеткі ёдыду калію не раздадуць ратавальнікі, то можна наносіць 5 % спіртавы раствор ёду (ёдавай настойкі) на скуру, рабіць «ёдавую сетку».

Аптэка ў Кіеве, Украіна. 1 кастрычніка 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Уладзімір Пуцін 21 верасня казаў, што «гэта не блеф», калі пагражаў ядравай зброяй за «пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці». Злучаныя Штаты пакуль не бачаць нейкіх рухаў з боку Расеі, якія можна было б разглядаць як падставы для перагляду ўзроўню гатовасці амерыканскіх сілаў стрымлівання. Але ЗША «наўпрост, прыватна» абяцалі Крамлю «катастрафічныя наступствы» ядравага ўдару па Украіне.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

АК belsat.eu

Стужка навінаў