Беларусы свету адзначаюць свята спартовай салідарнасці


30 верасня, у дзень, калі была затрыманая вольная спартоўка Алена Леўчанка два гады таму, Беларускі Фонд спартовай салідарнасці заснаваў свята яднання нашых спартоўцаў ува ўсіх кутках зямлі.

1 кастрычніка ў Вільні адбыўся Дзень спартыўнай салідарнасці з мэтай падтрымкі сумленных беларускіх спартсменаў і аб’яднання беларусаў па ўсім свеце, якія працягваюць сваю барацьбу за вольную Беларусь. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Сама Алена ахвотна пагадзілася стаць адной з найбольш актыўных завадатарак гэтай ідэі: «Хачу, каб Дзень спартовай салідарнасці прайшоў на пазітыве, каб не было думак і ўспамінаў пра тыя падзеі, якія я перажывала на Акрэсціна. Хоць усё ж прыемна, што тады мяне падтрымалі многія спартоўцы. Той жа гандбольны клуб «Віцязь», які адмовіўся выходзіць на пляцоўку. Рэальна, людзей, якія сталі на бок дабра вельмі шмат. Таму сёння свята тых, хто не спалохаўся ў 2020 годзе».

Мэта цяпер штогадовага Дня спартовай салідарнасці – аб’яднаць вольных беларускіх атлетаў праз актыўныя заняткі спортам, а таксама выказаць падтрыманне нашым спартоўцам, якія працягваюць няспынны марафон да перамогі.

Фота: Белсат

Так сёння апоўдні ў сталіцы Літвы стартаваў забег, які быў прысвечаны падтрыманню беларускіх палітвязняў. Дыстанцыя – 1700 метраў (акруглілі агульную колькасць і тых, хто зараз за кратамі, і тых, хто свой тэрмін адбыў).

Затым у той жа Вільні прайшоў футбольны матч пад дахам з удзелам 11 асобаў, дзе перамагла каманда Кацярыны Сныцінай. Былой капітану зборнай Беларусі па баскетболе ўдалося правесці і некалькі мячоў у браму суперніка. На жаль, Каця адзіная з кампаніі зорных спартоўцаў, якая здолела дабрацца да Вільні. Але ж гэта толькі пачатак.

Фота: Белсат

Паводле арганізатара і самага актыўнага ўдзельніка віленскіх падзеяў, дырэктара Акадэміі Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Сяргея Свіркова, усё атрымалася на «выдатна».

«Свае задачы мы выканалі поўнасцю. Усё прайшло ў хатняй абстаноўцы. Людзі сышлі з выдатным настроем, але і з горыччу за тое, што ў Беларусі працягваюць цярпець за свае перакананні амаль паўтары тысячы палітычных вязняў. Вельмі цешуся, што суайчыннікаў нішто не прыпыняе, калі гутарка ідзе аб салідарнасці. І нашая задача была толькі даць абвестку, каб паглядзець, як беларусы ўмеюць самаарганізоўвацца там, дзе лунаюць нацыянальныя сцягі і гучыць беларуская музыка. Гэта вельмі важна», – кажа Свіркоў.

Таксама ў гэты дзень дзве падзеі адбыліся ў Эстоніі. У Талліне ладзілі акцыю салідарнасці на роварах, а ў Тарту прабеглі марафон салідарнасці.

Фота: Белсат

1 кастрычніка свята завітала і ў сталіцу Італіі – Рым. Тамтэйшая беларуская дыяспара на Via Eugenio Cargiolli ў спрадвечным горадзе арганізавала пікнік з кавай, гарбатай, прысмакамі, але і спартовыя трэнажоры ніхто не меў права мінуць. Беларусы Італіі адначасова рабілі дабрачынны збор для палітзняволенай Крысціны Чаранковай (яна выпускніца гомельскага Універсітэту імя Францыска Скарыны і індывідуальная прадпрымальніца. Затрыманая за дзень да свайго 32-годдзя 22 сакавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у Інстаграм). А за данат – добразычліўцы атрымлівалі вельмі дарагі памятны падарунак – паштоўку з малюнкамі самой Крысціны.

Яшчэ больш насычанай чакаецца праграма 2 кастрычніка. Нядзельны дзень у межах свята распачнецца ў 10 гадзінаў раніцы, калі беларусы Аўстрыі здзейсняць пешае ўзыходжанне ў горы пад назваю «Восеньскі вандр».

Затым вольныя спартоўцы Аляксандр Вахавяк, Дзмітрый і Галіна Шэршань, Андрэй Краўчанка, Яна Максімава правядуць чарговы пікнік у цяпер сваім нямецкім Дусэльдорфе. Удзельнікаў будуць чакаць «Забег з чэмпіёнам» даўжынёю ў шэсць кіламетраў, паказальны выступ і майстар-клас ад дзюдаістаў, танцавальны фітнес, а таксама дзіцячы квэст са спартовымі актыўнасцямі і прызамі. Запрашаюцца усе беларусы Дусэльдорфу, а таксама госці з Украіны, Нямеччыны і іншых краінаў, каб падзякаваць кожнаму спартоўцу за ягоны ўнёсак у агульную барацьбу.

А беларусы рэгіёнаў Савоя ў Францыі правядуць свой пікнік у горадзе Ансі. Тут у залежнасці ад умоваў надвор’я збіраюцца страляць з лука, гуляць у мяч, шахматы, а дзеткам прапануюць узяць удзел у традыцыйнай беларускай рухомай гульні «Харты і Зайцы».

Фота: Белсат

Таксама спартовыя святы будуць арганізаваныя беларусамі Беластоку, Вроцлава, нядзельная акцыя салідарнасці на роварах адбудзецца ў Варшаве, а ў далёкай Амерыцы для беларусаў, якія жывуць у Mid-Athlantic (рэгіёне, які размешчаны на скрыжаванні паўночна-усходніх і паўднёва-усходніх штатаў) з’явіцца магчымасць весела і з карысцю пабавіць час у кампаніі прадстаўнікоў Вольнага аб’яднання спартоўцаў. Заяўленыя Філадэльфія, Балтымар і сталіца краіны – Вашынгтон. Тут удзельнікаў чакае семінар па бразільскім джыу-джыцу, які правядзе прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, пераможца адкрытых турніраў у ЗША Андрэй Гунько. Таксама свой майстар-клас прапануе абсалютны пераможца Кубка свету па спартовых танцах і шматразовы чэмпіён Еўропы Ігар Кісялёў.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў