Вярхоўны Суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменнікаў


Справу аб ліквідацыі арганізацыі разглядаў 1 кастрычніка суддзя Вярхоўнага Суду Беларусі Ігар Мільто.

14 ліпеня ў офісе Саюзу беларускіх пісьменнікаў праходзіў ператрус, пасля чаго памяшканне было апячатана. 17 жніўня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны Суд аб ліквідацыі грамадскай арганізацыі.

Саюз беларускіх пісьменнікаў быў заснаваны ў 1933-34 гадах.

Да дзейнасці Саюзу пісьменнікаў сваім жыццём і творчасцю спрычыніліся такія яго сябры, як: Купала і Колас, Чорны і Крапіва, Лынькоў і Броўка, Танк і Куляшоў, Панчанка і Макаёнак, Скрыган і Мележ, Караткевіч і Адамовіч, Быкаў і Шамякін, Брыль і Навуменка, Барадулін і Гілевіч, дзясяткі іншых сусветна значных творцаў.

У 1997 годзе ў СБП распараджэннем кіраўніка Беларусі быў адабраны Дом літаратара (уласнасць арганізацыі), а ў 2006 годзе аб’яднанне было гвалтоўна выкінута з займаемага памяшкання ў згаданым доме і пазбаўлена юрыдычнага адраса. А яшчэ раней у 2002 годзе ў СБП былі адабраны літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх ён з’яўляўся. На гэтай базе была створана дзяржаўная Рэспубліканская выдавецкая ўстанова «Літаратура і мастацтва» (так званы холдынг), а нелаяльныя рэдактары і супрацоўнікі – звольнены з працы.

У 2005 ад Саюзу аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны лаяльны да ўлады Саюз пісьменнікаў Беларусі.

1 кастрычніка Вярхоўным Судом быў таксама ліквідаваны Беларускі Хельсінкскі камітэт.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў