Улады зліквідавалі Беларускі Хельсінкскі камітэт


Вярхоўны Суд Беларусі зліквідаваў Беларускі Хельсінкскі камітэт. Падставаю сталася «грубае парушэнне заканадаўства» з боку БХК, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Міністэрства юстыцыі звярнулася ў Вярхоўны Суд з патрабаваннем зліквідаваць БХК. Паводле заявы ведамства, нібыта ў выніку следчых дзеянняў у неназванай крымінальнай справе чыноўнікі атрымалі дакументы на дзвюх асобаў, якім БХК быццам аплаціў ганарары за «паслугі ў доўгатэрміновым назіранні за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года».

У БХК заявілі, што ім не вядома, пра якую крымінальную справу вядзецца і хто тыя асобы.

«Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у межах судовага разбору ў крымінальнай справе, неправамерна. Гаворачы юрыдычнаю моваю, калі Вярхоўны Суд прызнае, што гэтыя дакументы, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцыйнае значэнне для крымінальнай справы, у якой праходзяць гэтыя дакументы і паводле якой абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Прэюдыцыя – абавязковасць для ўсіх судоў, якія разглядаюць справу, прыняць без правярання доказаў факты, раней устаноўленыя судовым рашэннем у іншай справе, якое набыло законную моц. Гэтае рашэнне будзе абавязковым для іншага суда ў крымінальнай справе. Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суда ў справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага камітэту можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць у крымінальнай справе», – заявілі ў БХК перад пачаткам працэсу аб ліквідацыі арганізацыі.

Атаку на грамадскія арганізацыі ўлады пачалі ў ліпені пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра выкрытыя «сонныя тэрарыстычныя ячэйкі». Неўзабаве сілавікі заявілі пра пачатак шырокамаштабнай аперацыі. За адзін дзень у офісах і кватэрах актывістаў больш за паўсотні НДА прайшлі ператрусы. Затым пачалася ліквідацыя. Агулам пазбавілі статусу рэгістрацыі сотні грамадскіх арганізацыяў.

Артыкулы
За паўдня Мінюст ліквідаваў больш за 40 грамадскіх арганізацыяў. Сярод іх – «Бізнес школа ІПМ», Press Club Belarus, «Мова Нанова»
2021.07.23 14:54

СК belsat.eu

Стужка навінаў