У беларускім футболе – чарговая адстаўка. Найгоршы клуб найвышэйшай лігі ўзначаліў Ігар Трухаў


Ігар Трухаў, новы трэнер ФК «Смаргонь».
Фота: «Трыбуна»

Новы коўч «Смаргоні», 45-гадовы Ігар Трухаў да гэтага не меў самастойнага досведу трэнерскай працы. Раней трэнерам клубу быў 30-гадовы Антон Міхашонак, былы расейскі журналіст.

Пад кіраўніцтвам Міхашонка «Смаргонь» двойчы з лікам 0:5 саступіла менскаму «Дынама» і гарадзенскаму «Нёмну». Пры гэтым афіцыйна галоўным трэнерам клубу заставаўся Вячаслаў Герашчанка, які мае ліцэнзію «Pro», без якой нельга трэнаваць каманды найвышэйшай лігі, але калі трэба, то беларускія клубы законы абыходзяць.

«Смаргонь» наагул не павінна была трапіць у найвышэйшую лігу, бо па выніках мінулага сезону заняла толькі шостае месца ў першай лізе, але Беларуская федэрацыя футболу зрабіла ўсё, каб падняць клуб з Гарадзенскай вобласці ў эліту, толькі каб туды не трапілі «Крумкачы» – менавіта яны заслугоўвалі таго паводле спартовага прынцыпу. Гэта адзіны футбольны клуб, які выступіў супраць гвалту і падтрымаў беларускі народ.

Што датычыць «Смаргоні», то ў яе цяпер усяго 13 пунктаў, яна мусіць вярнуцца туды, адкуль прыйшла.

А што ў «Крумкачоў»?

«Крумкачы» вярнуліся ў першую лігу і зноў спрабуюць прабіцца ў вышэйшы дывізіён. Летам яны таксама памянялі галоўнага трэнера. Замест Алега Дулуба (які ў верасні ўзначаліў украінскі «Львоў») на пасаду прыйшоў дасведчаны настаўнік Алег Кубараў. Ён браў медалі чэмпіянату Беларусі, доўга працаваў за мяжою, дзе станавіўся чэмпіёнам Латвіі са «Спартаком» з Юрмалы і ўладальнікам Кубка і Суперкубка Малдовы з «Зімбру».

Крумкачы, спортивная солидарность
Гульня «Крумкачаў» супраць каманды «Дынама-Менск». Два футбалісты каманды «Крумкачы» былі затрыманыя падчас пратэстаў. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Цяпер з 41 пунктам у 23 гульнях «Крумкачы» займаюць трэцяе месца ў другім беларускім дывізіёне. Наперадзе – бабруйская «Белшына» (47 пунктаў, 24 гульні) і дзяржынскі «Арсенал» (50 пунктаў, 23 гульні). Апошніх фінансуюць два бізнесоўцы: швед Алекс Русгольм і беларус Аляксей Меляшкевіч, а грошы на футбольны клуб «Белшына» збіраюць усім Бабруйскам. Але асноўны донар каманды – прадпрыемства «Белшына» – трапіў пад санкцыі ЗША. Можна зрабіць выснову, што ў будучым ім будзе не да футболу.

У найвышэйшую лігу выходзяць два першыя клубы, а трэці гуляе пераходныя гульні. Да сёння ў заяўцы «Крумкачоў» – Аляксандр Івулін, які ўжо тры месяцы застаецца ў зняволенні, а акцыі салідарнасці з блогерам, журналістам і футбалістам праходзяць па ўсім свеце.

Акцыя салідарнасці з Аляксандрам Івуліным пад час дабрачыннага матчу паміж зоркамі Ягелоніі і камандай Беларускага дому.
Фота: Белсат

Каго яшчэ з трэнераў ужо звольнілі ў гэтым сезоне?

Амаль палова камандаў найвышэйшай лігі памяняла галоўных трэнераў. Як і «Смаргонь», двойчы гэта зрабіў чэмпіён краіны «Шахцёр». Спачатку працы за правал у еўракубках пазбавіўся ўкраінец Раман Грыгарчук, а пазней і Сяргей Гурэнка. Цяпер салігорскі клуб трэнуе Аляксей Бага.

Змяніла галоўнага трэнера і менскае «Дынама». Адтуль, калі даведаўся пра змяншэнне фінансавання, у львоўскі «Рух» сышоў Леанід Кучук. А міліцэйскую каманду цяпер трэнуе Арцём Чалядзінскі.

З берасцейскага «Руху», які належыць Аляксандру Зайцаву, гаманцу Лукашэнкі, Кірыла Альшэўскага звольнілі за публічнае падтрыманне Аляксандра Івуліна. Цяпер на пасадзе Альшэўскага працуе ягоны былы асістэнт Вячаслаў Грыгараў.

Юрый Пунтус змяніў працу ў жодзінскім клубе «Тарпеда-БелАЗ», а замяніў яго Сяргей Зяневіч. У ФК «Менск» Фёдара Шчарбачэнку памяняў Вадзім Скрыпчанка. Рэчыцкі «Спадарожнік» у родным складзе падпісаў праўладны ліст, меў асабістыя гарантыі кіраўніка федэрацыі футболу Уладзіміра Базанава, але расеец Віктар Кумыкаў, які змяніў Вячаслава Леўчука на пасадзе галоўнага трэнера, так і не папрацаваў у Рэчыцы, бо клуб проста разваліўся.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў