Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць двух беларускіх актывістаў, якія знаходзяцца ў Польшчы


29-гадовых Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці. СК сцвярджае, што следчыя разам з ГУБАЗіК усталявалі, што маладзёны належаць да арганізацыі «Рэвалюцыйнае дзеянне».

Акцыя каля беларускай амбасады ў Польшчы.
Фота: Следчы камітэт

Паводле Следчага камітэту, Халілаў і Жураўскі не пазней за 29 верасня разам з іншымі ўдзельнікамі арганізацыі каля беларускай амбасады ў Польшчы «дэманстравалі розныя матэрыялы, якія ўтрымлівалі інфармацыю ў падтрымку дзеянняў асобы, якая здзейсніла забойства супрацоўніка КДБ, і звесткі, загадзя накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, і якія гераізуюць тэрарыстычную дзейнасць».

У віну маладзёнам ставіцца размяшчэнне фотаздымкаў і відэазапісаў з акцыі на розных інтэрнэт-рэсурсах і telegram-каналах.

СК сцвярджае, што згодна з інфармацыяй ГУБАЗіК, Халілаў і Жураўскі з 2017 году з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі анархісцкага руху. Мужчыны прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

У дачыненні да абодвух узбуджана крымінальная справа паводле ч.3 арт.130 КК РБ («Дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці»). У бліжэйшы час мужчыны будуць абвешчаныя ў вышук.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў