Палітзняволеная Наталля Хершэ прыбыла ў магілёўскую турму №4


Перавод беларускі са швайцарскім грамадзянствам з гомельскай калоніі ў турму ў Магілёў адбыўся 27 верасня. Пра гэта брату Хершэ Генадзю Касьяну паведаміла ў адмысловым лісце адміністрацыя турмы, піша «Радыё Свабода».

Наталля Хершэ. Суд Савецкага раёну разглядае крымінальную справу па арт.363.2 у дачыненні жанчыны, Менск, Беларусь. 3 снежня 2020 году.
Фота: Белсат

Рашэнне аб пераводзе Наталлі Хершэ ў крытую турму прыняў суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў на выязным паседжанні ў папраўчай калоніі №4 24 верасня. За якія правапарушэнні палітзняволенай узмацнілі рэжым утрымання – невядома.

Артыкулы
«Яна на ўсё глядзіць з аптымізмам». Брат Наталлі Хершэ – пра перавод сястры ў магілёўскую мужчынскую турму
2021.09.28 19:40

У лісце брату Наталлі ад адміністрацыі гаворыцца, што асуджаная паведаміць, калі яму прыбыць на спатканне і як яно будзе адбывацца. Таксама яна паведаміць пра асартымент і вагу бандэролі і дробнага пакета, а таксама пра парадак іх перадачы. У выпадку, калі Наталлю пазбавяць права на кароткатэрміновае спатканне, яна паведаміць пра гэта брату «ва ўстаноўленым парадку».

У турме цягам году Наталля мае права на адно кароткатэрміновае спатканне і можа атрымаць адну бандэроль альбо адзін дробны пакет. Грашовыя пераводы і лісты Наталлі можна слаць «без абмежавання».

Артыкулы
«Я ведаю, дзеля чаго я тут». Хто такая палітзняволеная Наталля Хершэ, і як яна жыве ў жаночай калоніі
2021.04.05 08:00

Таксама Генадзь Касьян атрымаў адказ на зварот да адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі адносна скаргаў Наталлі Хершэ на тое, што палітзняволеную пазбаўляюць адрасаванай ёй карэспандэнцыі і што не адправілі яе скаргу на імя генпракурора ад 15 ліпеня гэтага году. Змест гэтай скаргі брату пакуль не вядомы.

У лісце адміністрацыі калоніі гаворыцца, што ўсе заявы Наталлі «накіраваныя ў адпаведныя органы ва ўстаноўленым законам парадку». Адказы на прапановы, заявы і скаргі ўручаныя асуджанай. Што да лістоў, то карэспандэнцыя выдавалася асуджанай Наталлі Хершэ «адпаведна з дзейсным заканадаўствам».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў