На Акрэсціна – 188 затрыманых. Асуджаная на 13 содняў мянчанка распавяла, што цяпер робіцца ў ізалятары


33-гадовую Вікторыю Сароку затрымалі ўвечары 29 верасня на Каменнай Горцы пасля дваровага маршу. На судзе 30 верасня жанчына паспела распавесці, як выглядае Акрэсціна пасля масавых затрыманняў апошніх дзён.

Дваравы марш у сталічным мікрараёне Каменная Горка прайшоў 29 верасня ўвечары, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Вікторыю Сароку затрымалі, у Фрунзенскім РУУСе склалі пратакол за «ўдзел у несанкцыянаваным шэсці з БЧБ-сцягамі і лозунгі «Жыве Беларусь» (арт. 24.23 КаАП).

Справу Вікторыі 30 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёну Таццяна Полулех. Затрыманая на судзе адмовілася даваць паказанні і пацвердзіла, што брала ўдзел у маршы. Міліцыянт на судзе сцвярджаў, што ім паступіла інфармацыя пра несанкцыянаваную масавую акцыю на вуліцы Калеснікава. Калі яны з калегамі прыехалі на месца «правапарушэння», то ўдзельнікі пачалі адразу ўцякаць, а засталася толькі Вікторыя, яе і затрымалі. Міліцыянт таксама дадаў, што ў яе быў «прыгожы плакат з сэрцам, кулаком і знакам перамогі». Але, паводле Вікторыі, міліцыянт, які яе затрымаў, выходзіў з пад’езду дому. Суддзя аднак прызначыла Сароцы арышт 13 содняў.

Вікторыя паспела распавесці, што на Акрэсціна цяпер 188 чалавек, а яе змясцілі ў двухмесную камеру, дзе акрамя яе сядзяць шэсць жанчын.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў