МУС пачынае аперацыю «Арсенал» – будзе шукаць у беларусаў зброю


З 4 па 8 кастрычніка міліцыя праверыць умовы захавання зброі тымі, хто ёй валодае на законных падставах, а таксама будзе выяўляць «уласнікаў нелегальных арсеналаў».

МУС паведамляе, што аперацыя «Арсенал» накіраваная на процідзеянне незаконнага абароту зброі і выбухоўкі. Пра татальную канфіскацыю зброі гаворка афіцыйна не ідзе. Аперацыю анансавалі яшчэ 23 верасня, да страляніны ў Менску на Якубоўскага.

Паводле прэс-службы МУС, за восем месяцаў 2021 году выяўлена звыш за 500 адзінак незарэгістраванай зброі і амаль 35 тысячаў боепрыпасаў рознага калібру. Добраахвотна беларусы здалі каля 300 адзінак нелегальнай зброі і каля 11,8 тысячаў боепрыпасаў. За парушэнні міліцыя забрала таксама больш за 1300 адзінак зарэгістраванай зброі.

27 верасня ў Ваўкавыску быў затрыманы гісторык і вядоўца курсаў «Мова Нанова» Андрэй Колас. Паводле сяброў мужчыны, сілавікі прыйшлі да яго праверыць умовы захоўвання паляўнічай зброі і затрымалі. Мужчыну асудзілі на 10 содняў, па якім артыкуле – невядома.

30 верасня з раніцы сілавікі прыйшлі да барысаўскага прадпрымальніка Аляксандра Статкевіча. Пыталіся пра паляўнічую зброю, якой у мужчыны няма. Паля ператрусу Статкевіча затрымалі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў