240 школ, універсітэты, Нацыянальная бібліятэка, Лепельскі райвыканкам: куды прыйшлі паведамленні пра бомбы


З раніцы 1 кастрычніка розныя ўстановы ў Беларусі, пераважна школы, каледжы і ўніверсітэты, атрымліваюць рассылку пра закладзеныя бомбы. Паўсюль праводзіцца эвакуацыя. Паведамленняў пра знойдзеныя выбуховыя прылады пакуль не было. Мы сабралі, што вядома пра масавае мінаванне ў гэтую пятніцу.

У першай палове дня эвакуявалі студэнтаў і выкладчыкаў з будынкаў БДУ і БДАТУ, а таксама чытачоў і супрацоўнікаў з Нацыянальнай бібліятэкі – туды таксама прыйшло паведамленне пра бомбу.

Чытачы «Белсату» паведамлялі, што студэнтаў не пускалі ў будынкі фізфаку, юрфаку БДУ, корпус БДАТУ на Маскоўскай.

Hавiны
Студэнтаў БДУ і БДАТУ эвакуююць праз паведамленні пра бомбу
2021.10.01 14:36

Таксама вядома пра эвакуацыю ў БГМУ, БГПУ, БГАС, БГАА, МГЛУ, Акадэміі кіравання, ліцэі БДУ і юрыдычным каледжы БДУ.

У другой палове пятніцы нашыя чытачы распавялі пра эвакуацыю галаўнога аддзелу ААТ «Інтэграл», а таксама пачалі дасылаць паведамленні пра масавае мінаванне школ па ўсёй Беларусі.

Паведамлялі пра выбуховыя прылады ў Falcon Club Arena, гатэлі Marriott, Доме прэсы, Доме футболу.

На 17.30 нам вядома пра эвакуацыю ў наступных школах:

Менск: гімназія 11 – эвакуацыя праходзіла прыкладна а 14-й гадзіне, гімназіі №16, 28 – дзяцей эвакуявалі ў 15.40, прыехалі сапёры, 29, 38, 42, дзіцячы садок №31, школы №25, 60, 80, 95, 128, 186, 196, 197.

Пра школу № 196 чытачы напісалі наступнае:

«Дзяцей з другой змены таксама адпусцілі дамоў. Дзецям прычыну не агучылі. Другая змена пачалася а 14-й. Пасля першага ўроку і абеду ў сталовай пачалі не спяшаючыся эвакуяваць».

Эвакуявалі таксама школу №9 у Брылевічах.

«Дачка прыйшла да дому, дакладна не ведаю, чаму: хто кажа – замінавалі, а хтосьці, што пажар, але пажарных навокал няма», – пісаў чытач пра Брылевічы.

Берасце: гімназія №1, школы № 10, 13, 22, 27, 28, 30, 33.

«Усіх выгналі са школы, рэчы выдаюць праз вокны, што адбываецца ніхто не разумее», – распавядае наша крыніца пра тое, як праходзіла эвакуацыя.

Эвакуацыя ў адной са школаў Берасця.
Фота: Белсат

У Берасці эвакуявалі таксама БрГТУ.

Баранавічы: школа №19.

«Замінавалі» таксама школу ў гарадскім пасёлку Гарадзішча.

У Лепелі паведамленні пра бомбы прыйшлі ў Бароўскую сярэднюю школу Лепельскага раёну, а таксама ў Лепельскі райвыканкам.

У Крычаве навіну пра «мінаванне» атрымалі ў Аддзеле прымусовага выканання.

Хваля «замінаванняў» прайшла таксама ў Горадні. Паведамленні аб бомбе былі адасланыя ў Гарадзенскі аграрны і медыцынскі ўніверсітэты, кардыядыспансер, абласны шпіталь, абласное ўпраўленне міністэрства юстыцыі і іншыя. Да ўсіх будынкаў прыехалі сапёры, МНС і хуткая дапамога.

У Віцебску і Полацку паведамленні пра бомбы прыйшлі ва ўніверсітэты – ВГАВМ, ВГУ, ПГУ.

Паводле УУС Віцебскага аблвыканкаму, з-за паведамленняў аб мінаванні былі эвакуяваныя больш за 5000 чалавек. Выбуховых прыладаў не знайшлі.

Паводле крыніцаў «Белсату», паведамленні пра закладзеныя бомбы 1 кастрычніка прыйшлі ў 240 школ па ўсёй Беларусі.

Каля беларускай амбасады ў Вільні.
Фота: Белсат

Паведамленні пра бомбы сёння закранулі не толькі Беларусь. Як паведамляюць нашыя карэспандэнты, праз ліст пра мінаванне эвакуявалі людзей з будынку амбасады Беларусі ў Вільні. Паліцыя і ахоўнікі адмовіліся ад каментароў. Вядома таксама пра эвакуацыю Беларускай гімназіі Вільні.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў