Вялікае наступленне ці выведка боем? Што вядома пра аперацыю ЗСУ на поўдні


Што цяпер адбываецца ў Херсонскай вобласці і ці ёсць падставы казаць пра пачатак поўнамаштабнага наступлення Збройных сілаў Украіны. Belsat.eu разбіраўся. 

Што адбывалася 29–31 жніўня

З ліпеня ЗСУ рэгулярна наносілі высокадакладныя ўдары па штабах, складах боепрыпасаў ды вайсковых базах расейскай арміі на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў. Таксама ўкраінцы метадычна абстрэльвалі пераправы праз Днепр у раёне Херсону, у выніку чаго ўсе стацыянарныя масты былі выведзеныя са строю і расейцы сталі наводзіць пантонныя пераправы. Гэтыя дзеянні ЗСУ выглядалі як рыхтаванне да вялікага контрнаступлення.

Абноўлена
ЗСУ нанеслі ракетныя ўдары па расейскіх штабах і складах на Херсоншчыне
2022.08.28 15:02

Удзень 29 жніўня афіцыйная прадстаўніца сілаў аховы і абароны «Поўдзень» Наталля Гумэнюк заявіла, што ЗСУ пачалі наступальныя дзеянні на шмат якіх кірунках на поўдні Украіны і прарвалі першую лінію абароны праціўніка. Неўзабаве аператыўная групоўка войскаў «Кахоўка» паведаміла, што 109-ы полк «ДНР» і расейскія дэсантнікі пакідаюць свае пазіцыі. У тэлеграм-канале галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага з’явілася інфармацыя, што ўкраінцы вызвалілі сяло Сухі Ставок, што за 90 кіламетраў ад Херсону.

Увечары 29 жніўня амерыканскі канал CNN паведаміў, што аперацыя ЗСУ пачалася масаваным абстрэлам расейскіх пазіцыяў і тылоў. Паводле журналістаў, украінцы вызвалілі чатыры паселішчы на херсонскім кірунку (Новая Дзмітраўка, Архангельскае, Томіна Балка і Праўдзіна), а першая лінія абароны расейцаў была прарваная ў трох месцах. Крыніцы каналу сцвярджалі, што шмат расейскай тэхнікі нібыта было знішчана, многія ўзятыя ў палон, а галоўная цэль ЗСУ цяпер Херсон.

Расейскі бок пацвердзіў факт атак ЗСУ ў Херсонскай вобласці. Праўда, Міністэрства абароны РФ адразу заявіла, што наступленне правалілася і ўкраінцы зазналі значныя страты. Але неафіцыйныя крыніцы спачатку прызнавалі сур’ёзнасць сітуацыі. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) заявіў, што ЗСУ пачалі буйнамаштабную атаку з плацдарму на рацэ Інгулэц і «дасягнулі некаторага прасоўвання». Ён распавёў пра масаваныя абстрэлы з украінскага боку, лютыя баі ды прарыў расейскага фронту ў раёне Давыдава Броду. У пабліку наймітаў-вагнэраўцаў «Grey Zone» з’явілася інфармацыя аб прарыве расейскай абароны на трох участках: сцвярджалася, што ўкраінцы здолелі прасунуцца на 10 кіламетраў. Вагнэраўцы прызнавалі, што ЗСУ падрыхтаваліся сур’ёзна і цяпер расейцы вымушаныя «гуляць ад абароны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ammar Awad / Reuters / Forum

Расейскі ваенны карэспандэнт Раман Сапанькоў распавёў, што мабілізаваныя ў «ЛДНР» байцы выканалі сірыйскі нарматыў драпу, то бок фактычна разбегліся пад ударамі ЗСУ. Вайсковы блогер Уладлен Татарскі (сапраўднае імя – Максім Фамін) заявіў, што атака ЗСУ была адною з самых магутных, прычым украінцы ўпершыню выкарыстоўвалі РСЗА HIMARS не толькі па складах і штабах, але і беспасярэдне па апорных пунктах расейскіх вайскоўцаў. Ён таксама адзначыў, што ўкраінцам удалося схавана засяродзіць сілы, неабходныя для наступлення.

Наступны дзень, 30 жніўня, пачаўся з паведамленняў пра выбухі ў Новай Кахоўцы і Херсоне (абодва гарады часова засталіся без электрычнасці), а таксама новых ударах па пераправах праз Днепр, у тым ліку пантонных. У сеціве з’явілася інфармацыя пра страляніну ў Херсоне: расейскі бок патлумачыў гэта тым, што ў горадзе нібыта знішчылі ўкраінскую дыверсійна-разведвальную групу. Хаця паводле іншай версіі, страляніна была звязаная з антыпартызанскай аперацыяй акупацыйных сілаў. Пры гэтым намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсону Кірыла Стрэмаусаў на фоне інфармацыі пра наступ ЗСУ з’ехаў у Расею (афіцыйна – у працоўную паездку).

Пракрамлёўскія тэлеграм-каналы 30 жніўня паведамлялі пра баі на захад ад Херсону ў раёне Пасад-Пакроўскага і на паўночным захадзе, дзе ўкраінцы занялі Любамыраўку і Цярновыя Поды. Пры гэтым сяло Сухія Стаўкі ўкраінцы нібыта пакінулі пад масаванымі ўдарамі расейскай артылерыі, паселішча пераўтварылася ў шэрую зону. Раніцаю 31 жніўня Стралкоў заявіў, што ўкраінцаў нібыта адкінулі ад Сухіх Стаўкоў «на зыходныя пазіцыі з вялікімі стратамі», але пры гэтым яны трывала ўтрымліваюць Андрэеўку і Лазавое.

Іншыя крыніцы нічога пра няўдачу ЗСУ ля Сухіх Стаўкоў не паведамляюць. Брытанская выведка ў сваёй зводцы за 31 жніўня адзначае, што ЗСУ працягваюць наступаць на поўдні ў некалькіх кірунках і на асобных участках адсунулі лінію фронту, выкарыстоўваючы адносна слаба ўмацаваную расейскую абарону. Інстытут вывучэння вайны (ISW) сцвярджае, што дзеянні ўкраінцаў вымусілі расейцаў карэктаваць свае пазіцыі на поўдні і займацца перадыслакацыяй падраздзяленняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Madiyevskyy Vyacheslav / Ukrinform / Abaca Press / Forum

Але выглядае на тое, што 29–31 жніўня сур’ёзных поспехаў украінскія вайскоўцы сапраўды не дасягнулі: пакуль усё абмежавалася нязначным прасоўваннем, пасля чаго баі набылі пазіцыйны характар. 

Падзеі на Херсоншчыне – тое самае наступленне ЗСУ, якога ўсе чакалі?

Насамрэч дасюль не зусім ясна, што адбываецца ў Херсонскай вобласці. Падзеі апошніх дзён – спроба пачаць поўнамаштабнае наступленне, якое ЗСУ даўно рыхтавалі? Ці гэта падрыхтоўчая аперацыя для намацаць абарончыя пазіцыі Расеі? Ці наагул прыкрыццё для наступлення на іншым кірунку?

Меркаванні падзяліліся. Напрыклад, украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў лічыць, што гэта не контрнаступленне, а толькі выведка боем. CNN ахарактарызавала падзеі 29 жніўня толькі як падрыхтоўчую аперацыю для сур’ёзнага контрнаступлення, а не ўласна наступ. А вось аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што ўкраінскае контрнаступленне сапраўды пачалося. На іхную думку, пра гэта могуць сведчыць удары па пантонных пераправах праз Днепр: без наземнага наступу на херсонскім кірунку рабіць гэта проста бессэнсоўна. Але эксперты ISW мяркуюць, што чакаць хуткіх вынікаў не трэба. Украінскія вайскоўцы настроеныя на працяглую аперацыю, а на яе спатрэбіцца час.

Улады Украіны наўмысна не праясняюць сітуацыі. Пасля некалькіх афіцыйных паведамленняў удзень 29 жніўня камандаванне ЗСУ заклікала захоўваць інфармацыйную цішу і не распаўсюджваць звестак пра падзеі на поўдні. У штодзённых зводках Генштабу ЗСУ наступальныя аперацыі ў Херсонскай вобласці нават не згадваюцца. У камандаванні «Поўдзень» паведамляюць толькі пра ракетна-артылерыйскія ўдары па транспартавых артэрыях і пунктах кіравання расейскай групоўкі.

На палітычным узроўні сітуацыі таксама не каментуюць. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк адразу заклікаў публічных асобаў не рабіць «суперсенсацыйных заяваў». Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 29 жніўня папярэдзіў, што ніякай канкрэтыкі ад афіцыйных асобаў не будзе, бо гэтага патрабуюць умовы вайны.

«Але акупанты мусяць ведаць: мы будзем гнаць іх да мяжы», – дадаў ён.

Hавiны
Расея перакідвае на фронт новы армейскі корпус, але аналітыкі лічаць, што ён кепска падрыхтаваны
2022.08.28 10:00

Чаму Херсон – гэта важна

Акупацыя Херсону – самы галоўны поспех расейскага войска ў гэтай вайне. Гэта адзіны абласны цэнтр, які расейцы змаглі захапіць пасля 24 лютага 2022 года, прычым захапіць цэлым. Менавіта таму горад мае вялізарнае палітычнае значэнне: крамлёўскай прапагандзе значна прасцей «прадаць» у якасці доказу паспяховасці «спецаперацыі» Херсон, чымся амаль цалкам знішчаны Марыупаль або моцна разбураныя Севераданецк і Лісічанск. Страта гораду будзе яскравым сведчаннем правалу «спецаперацыі», што можа мець унутрыпалітычныя наступствы для пуцінскага рэжыму.

З чыста ваеннага гледзішча вызваленне Херсону дазволіць украінскай арміі як мінімум значна палепшыць свае пазіцыі на поўдні краіны і адсунуць пагрозу ад Мікалаева, а ў перспектыве – стварыць пагрозу для анексаванага Крыму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец ідзе па абстраляным прыватным участку ў адной з вёсак у Херсонскай вобласці, Украіна.
Фота: Белсат

Пры гэтым херсонскі кірунак найбольш зручны для наступлення Украіны. Групоўка Расеі ў раёне Херсону забяспечваецца пры дапамозе пераправаў праз Днепр, якія метадычна абстрэльваюцца ЗСУ. У гэтых умовах зарганізаваць нармальнае забеспячэнне рэзервамі і боепрыпасамі немагчыма, што зніжае абарончы патэнцыял усёй групоўкі і стварае пагрозу аператыўнага акружэння. Усё гэта мусіць падштурхоўваць агрэсара да адступлення.

Але застаецца адкрытым пытанне: ці стае цяпер у ЗСУ сілаў для маштабнага прарыву на поўдні? Некалькі тыдняў таму, 13 жніўня, аўтарытэтнае выданне The Washington Post апублікавала артыкул, у якім ананімная крыніца ва ўкраінскіх спецслужбах распавядала, што ва Украіны «пакуль няма дастатковай колькасці ўзбраення для контрнаступлення» на Херсоншчыне.

За апошнія месяцы расейцы сцягвалі на гэты фронт рэзервы, умацоўвалі лінію абароны. Расейскую групоўку ў Херсонскай вобласці цяпер ацэньваюць на 25 тысячаў чалавек, з іх каля 15 тысячаў – на заходнім беразе Дняпра. А ЗСУ, паводле вайсковага эксперта Рамана Свіціна, агулам засяродзіла на паўднёвым фронце каля 30 тысячаў байцоў, то бок значнай перавагі ў жывой сіле ўкраінцы не маюць. Пры гэтым агрэсар, імаверна, у некалькі разоў пераўзыходзіць ЗСУ паводле колькасці артылерыі. Хаця, вядома, гэтая перавага часткова нівелюецца наяўнасцю ў ЗСУ высокадакладных РСЗА HIMARS і праблемамі з забеспячэннем расейскай групоўкі.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў