Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі на 14 содняў. Яму пагражае крымінальная справа


Праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава 1 верасня асудзілі на 14 содняў арышту, паведамляе «Хрысціянская візія». Дэталі суда не вядомыя.

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў.
Фота: belstu.by

Супраць святара Багамольнікава можа быць распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у яго дзейнасці»), піша праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы, якія паведамляюць, што святар быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю ў боты.

Сярод іншага, у тэлеграм-каналах сілавікоў гаворыцца, што ў Багамольнікава «ёсць шанец стаць падазраваным за садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці ў шэрагу крымінальных справаў, ну ці пабіць рэкорд адной сямейкі ў колькасці содняў адміністратыўнага затрымання».

Пад «сямейкай», верагодна, маюцца на ўвазе Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч, якія правялі за кратамі ў адміністратыўных справах 127 і 126 содняў адпаведна.

Уладзіслава Багамольнікава затрымалі 31 жніўня. Падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу выламалі дзверы ў кватэру.

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў у 2020 годзе маліўся за Рамана Бандарэнку на плошчы Пераменаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Багамольнікаў – клірык прыходу сабору Богаяўлення г. Менску Беларускай Праваслаўнай Царквы, сябра Епархіяльнага суду Менскай епархіі, выкладчык філасофіі ў Менскай духоўнай акадэміі. У 2020 годзе служыў літыю па Раману Бандарэнку на плошчы Пераменаў і абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў