Няма пакалення, якое б абмінула вайна

Любоў
Лунёва
Журналістка «Белсату»

Чым далей дата пачатку апошняй сусветнай вайны, тым больш белых плямаў выяўляецца ў гісторыі тых часоў. Гэта датычыць і падзеяў на палях бітваў, і жыцця пад акупацыяй. 83 гады таму з уварвання войска гітлераўскай Нямеччыны на тэрыторыю Польшчы пачалася Другая сусветная вайна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нямецкі самалёт скідвае снарады – верагодна, на Польшчу. Фота: TopFoto / Forum

Польскае войска супраціўлялася, спадзеючыся на рэакцыю саюзнікаў. Тым больш, што 3 верасня Францыя і Вялікая Брытанія аб’явілі вайну Нямецкаму райху, але да ваенных дзеянняў так і не прыступілі.

Трагічны лёс Польшчы быў вырашаны 17 верасня 1939 года, калі з усходу пайшло ўварванне ў Польшчу войскаў Савецкага Саюзу. Нямеччына і СССР напалі згодна з падпісаным абедзвюма таталітарнымі дзяржавамі пактам Молатава – Рыбэнтропа. Гэта яго патаемны пратакол падзяліў Цэнтральную Еўропу на сферы ўплыву. Цягам вайны ствараліся ваенныя саюзы розных краінаў. У выніку яна ператварылася ў вайну дзвюх сусветных ваенна-палітычных кааліцыяў. У ёй ўдзельнічалі 62 дзяржавы з 74, якія існавалі на той час. Баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі Еўропы, Азіі і Афрыкі, а таксама ва ўсіх акіянах.

Гэта была вайна, у якой была ўжытая ядравая зброя. Чалавецтва страціла паводле розных ацэнак ад 60 да 80 мільёнаў чалавек, большасць з якіх былі мірныя жыхары. Каля 27 мільёнаў загінулі на франтах. Самыя вялікія страты панеслі Савецкі Саюз – 26,6 млн, Кітай – 13,5 млн, Нямеччына – 6,48 млн, Польшча – 6 млн, прычым больш за палову з іх складаюць габрэі, ахвяры Галакосту. Японія страціла 3,76 млн чалавек, а Індыя – 3 млн. Натуральна, гэтыя лічбы прыблізныя, але асноўная лічба ўважаецца дакладнай. Кожная краіна падлічвала ўласныя страты. У Савецкім Саюзе для гэтага была створаная адмысловая камісія.  Лічба 26,6 млн чалавек – гэта забітыя ў баях і загінулыя ад ранаў і хвароб вайскоўцы і партызаны, а таксама мірныя грамадзяне, памерлыя ад голаду, загінулыя падчас бамбаванняў, артылерыйскіх абстрэлаў і карных акцыяў. Гэта расстраляныя і закатаваныя ў канцэнтрацыйных лагерах ваеннапалонныя, падпольшчыкі, а таксама рабочыя і сяляне, якіх вывезлі на катаржныя працы.

Да таго ж, калі ідзе размова пра страты, не згадваюцца ўскосныя: ад зніжэння нараджальнасці ў перыяд вайны і да павышанай смяротнасці ў пасляваенныя гады. У матэрыялах камісіі няма таксама звестак, колькі народу ў тагачасным СССР загінула ў сталінскіх лагерах. Канвеер рэпрэсіяў працаваў на поўную моц. Нягледзячы на тое, што 22 ліпеня 1941 года нямецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, паводле звестак даследчыкаў, на чыгуначнай станцыі Менску стаялі шэсць эшалонаў з «ворагамі народу», гатовымі да адпраўкі ў ГУЛАГ. Нікога так і не выпусцілі, хаця б дзеля таго, каб выкарыстаць цягнікі для эвакуацыі насельніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адольф Гітлер на фронце ў 1939 годзе. Фота: awkz / Interfoto / Forum

У гісторыі няма ўмоўнага ладу, але даследчыкі лічаць, што нават за год да вайны ў 1938 годзе можна было пазбегнуць катастрофы. Гісторык Кляўс Гэсэ ўказвае на тое, што тады Гітлер яшчэ быў фактычна самотны ў сваіх намерах развязаць вайну. Крытычна настроеныя ў дачыненні фюрэра вайскоўцы і высокапастаўленыя чыноўнікі спрабавалі «пасябраваць» з былымі сацыял-дэмакратычнымі палітыкамі і абмяркоўвалі план стварэння новага ўраду. Сакрэтны атрад быў гатовы пайсці на штурм райхсканцылярыі ў выпадку абвяшчэння Гітлерам вайны. Але час быў згублены. Большасць немцаў праз год ужо падтрымлівала ўварванне ў Польшчу. Вайна завяршылася разгромам гітлераўскай Нямеччыны, якая не здолела весці вайну на два франты. Пагадненнем чатырох саюзных дзяржаваў – СССР, Вялікай Брытаніі, ЗША і Францыі – аб зонах акупацыі і аб кантрольным механізме ў Нямеччыне  – тэрыторыя краіны была падзеленая на чатыры зоны акупацыі. Пачалася дэмілітарызацыя і комплекс іншых мераў, каб не дапусціць паўторнай мілітарызацыі Нямеччыны.

Апроч таго, праводзілася адмысловая кампанія дзеля перавыхавання з мэтаю вызваліць насельніцтва ад любых праяваў ідэалогіі нацызму. Яна складалася, у прыватнасці, з азнаямлення насельніцтва з найбольш агіднымі бакамі дзейнасці нямецкай адміністрацыі. У кінатэатрах бесперапынна ішлі дакументальныя фільмы з кадрамі, якія ў дэталях паказвалі лагеры смерці. Для большасці цывільных грамадзянаў і нават для вайскоўцаў атрыманая інфармацыя аб маштабах злачынстваў рэжыму нацызму стала шокам.

У савецкіх падручніках распавядаецца пераважна пра Айчынную вайну, якая пачалася 22 чэрвеня 1941 года. Так яе назвалі тагачасныя ідэолагі. Але на сённяшні дзень ёсць шмат даследчыкаў Другой сусветнай вайны, якія ставяць пытанні адносна ролі Сталіна і ягонага атачэння  ў той час. Ці сапраўды Сталін не прымаў Парад Перамогі таму, што лічыў сябе прайгралым, бо ягоны план «вызваленчага паходу» Чырвонай арміі па Еўропе сарваў Гітлер, а без «саветызацыі» свету СССР не змог бы доўга пратрымацца? Хто нацкаваў двух дыктатараў адно на аднаго, прымусіўшы таталітарныя рэжымы аслабіць сябе ў самагубнай барацьбе? На гэтыя ды іншыя пытанні з цягам часу адкажуць даследчыкі.

Напярэдадні даты пачатку Другой сусветнай вайны ў Беларусі, з тэрыторыі якой ляцяць расейскія ваенныя самалёты і ракеты на суседнюю Украіну, былі зруйнаваныя могілкі польскіх жаўнераў. А новыя сумныя знаходкі месцаў масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва падчас сталінскіх рэпрэсіяў мясцовыя ўлады прыпісваюць зверствам нямецкіх нацыстаў. Тым часам вайна ва Украіне закранула тысячы беларусаў, якія ратаваліся там ад рэпрэсіяў Лукашэнкі. Сотні беларусаў пайшлі ваяваць супраць расейскіх агрэсараў. Такім чынам у Беларусі больш за сто гадоў так і не з’явілася пакалення, якое б не сутыкнулася з вайной.

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў