Эксперымент вялікай рэформы. Як змяняецца школьная і вышэйшая адукацыя ў Беларусі


Дзяржава чарговы раз збіраецца рэфармаваць нацыянальную сістэму адукацыі. З гэтай нагоды адна за другой прайшлі некалькі нарадаў. На адной з іх Лукашэнка заявіў, што «часу на раскачванне практычна няма» і што «ў выпадку памылкі людзі нам проста не прабачаць!» Разбіраліся, чаму Лукашэнка зноў узяўся за адукацыю? Якія нас чакаюць новаўвядзенні? І як да іх ставяцца настаўнікі?

Сын

Падчас нарады 23 жніўня Лукашэнка задаў прысутным пытанне: «Колькі разоў мы будзем вяртацца да сістэмы адукацыі з гледзішча яе рэфармавання і ўдасканалення?» Эксперт Вадзім Мажэйка лічыць, што чарговую рэформу падштурхнула, «відавочна, асабістая прычына: Мікалай ідзе ва ўніверсітэт». Калі дзеці ідуць у школу, універсітэт, у бацькоў з’яўляецца імпэт і жаданне нешта змяніць – напрыклад, перапісаць падручнікі, якія ім здаюцца празмерна складанымі: «Толькі ў адрозненне ад нас, у Лукашэнкі ёсць такая магчымасць». І ён карыстаецца гэтым – на час навучання Мікалая Лукашэнкі айчынную сістэму адукацыі ператварылі ў адзін вялікі эксперымент, у якім амаль штогод з’яўляюцца новыя элементы або скасоўваюцца ранейшыя рашэнні. Цяпер, калі малодшы сын ідзе ва ўніверсітэт, Аляксандр Лукашэнка вырашыў «рэфармаваць» і вышэйшую школу. Нездарма ў чэрвені ў звароце да выпускнікоў на фоне Палацу Незалежнасці і чырвонага матацыкла Лукашэнка адмыслова падкрэсліў, дзеля каго гэта ўсё робіцца.

У той жа час Таццяна Шчытцова, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі, вылучыла два моманты: 1) рэформа непарыўна звязаная з палітычнай сітуацыяй у краіне, калі праз сістэму адукацыі рэжым Лукашэнкі намагаецца яшчэ больш узмацніць кантроль над грамадствам; 2) значэнне мае «роля Расеі», калі беларускія навучальныя праграмы набліжаюцца да расейскіх і такім чынам праводзіцца далейшая «каланізацыя Беларусі»: «У нашых дзяцей фармуецца свядомасць другаснасці і падпарадкаванасці Расеі». Цяжкае пытанне: што ў падобнай сітуацыі рабіць бацькам, для якіх гэта сапраўдны выклік.

Відэазварот да выпускнікоў школаў 10 чэрвеня 2022. Крыніца: YouTube

Галоўнае – не веды, а патрыятызм

З пачатку 2022 года ў Беларусі дзее абноўлены «Кодэкс аб адукацыі». Цяпер заканадаўча замацавана, што веды ў беларускай сістэме адукацыі – не на першым месцы. Галоўнае – «грамадзянскасць і патрыятызм». Іх фармаванне адбудзецца на падставе пакуль так і не зразумелай «дзяржаўнай ідэалогіі». Сярод таго, што будуць нагамацца выхоўваць у дзецях, асобна вылучылі павагу да «закону і правапарадку». Пры гэтым асобным загадам Міністэрства адукацыі (№ 401), уведзеныя 10 правілаў для педагагічных працаўнікоў, дзе зноў ні слова пра веды, затое на першым месцы – «рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў сферы адукацыі». Таксама ў школах з новага года з’явіцца больш дзяржаўнай сімволікі і спявання гімну.

Асноўныя новаўводзіны з кодэксу – усеагульная сярэдняя адукацыя (11 класаў, а не 9, як было раней), цэнтралізаваны экзамен па асобных прадметах паводле вынікаў навучання, дыстанцыйная адукацыя прызнаная самастойнай формай атрымання ведаў, з’явіцца новы від дадатковай адукацыі – адораныя дзеці і моладзь на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку.

Даведка
Правілы педагагічных супрацоўнікаў. Зацверджаны загадам № 401 ад 10 чэрвеня 2022 года

«Мэтавікі»

У вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай і сярэднеспецыяльнай адукацыі асобная роля адведзеная так званым «мэтавікам», якія паступаюць згодна з мэтавым накіраваннем. Вадзім Мажэйка зазначае: «Мэтавае накіраванне», ці так званыя «целевики», – гэта, вядома, здзек з рынкавай эканомікі, але адпавядае савецкаму мысленню і планавай савецкай эканоміцы. Тады ўсё было спланавана і кантралявалася дзяржавай на дзесяцігоддзі ў жыцці чалавека. Таму, вядома, гэта зручна і для рэжыму. І ўлады хацелі б карыстацца такім механізмам больш актыўна».

Таксама, як заўважае Таццяна Шчытцова, гэта спосаб хоць нейкім чынам палепшыць сітуацыю з недахопам спецыялістаў у медычных, педагагічных і інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцях. Для моладзі ж – гэта «пастка», «павіннасць перад рэжымам», якая вымушае спецыялістаў атрымоўваць першае працоўнае месца ў цяжкіх умовах працы і побыту пры немагчымасці цягам пяці гадоў пакінуць прызначанае месца. Пры гэтым улады не задаюцца пытаннем, як такі досвед паўплывае на «мэтавіка».

Цяпер дамову на мэтавую падрыхтоўку можа скласці любая арганізацыя, незалежна ад яе месца размяшчэння. Колькасць месцаў для такіх замоваў для вышэйшай адукацыі – 3,2 тыс., для сярэдняй спецыяльнай адукацыі – 3,4 тыс. Прычым найбольш павялічылі колькасць у спецыяльнасцях інжынерна-тэхнічнага профілю – у два з паловаю разы. Пасля заканчэння навучання неабходна будзе адпрацаваць пяць гадоў у арганізацыі, якая выступіла замоўцаю.

Школьная форма

Дысцыпліна, дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна – менавіта такі кірунак абраў Лукашэнка для перабудовы айчыннай сістэмы адукацыі, аб чым неаднойчы выказваўся цягам года. За гэта адказвае прызначаны 10 лютага 2022 года міністр адукацыі Андрэй Іванец, які, паводле Лукашэнкі, «ведае, якімі дзеці павінны вырасці». Таццяна Шчытцова лічыць дадзенае прызначэнне «сімптаматычным і сімвалічным крокам – паказаць, што быццам бы рыхтуюцца абнаўленні. Але гэта толькі стварэнне ілюзіі новага».

«Заявы Іванца пасля падзеяў 2020 года цалкам адпавядаюць сек’юрытызацыі адукацыі, калі акцэнт робіцца не на адукацыю, а на кантроль за ёю», – тлумачыць Вадзім Мажэйка. Менавіта на гэта скіраваныя асноўныя змены, якія ўступаюць у моц з 1 верасня: напрыклад, забарона карыстацца смартфонамі і абавязковая школьная форма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Школьная форма.
Фота: Белсат

З 2023/2024 навучальнага года плануецца ўвядзенне адзінай школьнай формы ва ўсёй краіне – пры гэтым варта падкрэсліць, што ўжо даўно ёсць школы, дзе ўведзеная адзіная форма. Пакуль жа з 1 верасня кожнай школе паставілі задачу ўвесці адзін элемент, які будзе вылучаць яе вучняў. Але што атрымаецца на практыцы? Адна са слуцкіх школаў прапанавала ўвесці хусткі для дзяўчатак, чым выклікала незадавальненне нават Міністэрства адукацыі. Адзін з класных кіраўнікоў тлумачыць: «З формай да гэтага часу не асабліва зразумела. Няма вызначанай рэкамендацыі, з-за чаго ў інтэрнэце пачалася перапалка. А міністэрства проста ўзяло і адступіла – быццам яго не так зразумелі. І што зноў? Як заўсёды, вінаватымі аказаліся настаўнікі, як са школай у Слуцку. Вось, напрыклад, камізэлькі цяпер пхаюць. А ў класе ж цёпла. Будзе сядзець вучань, як капуста, у гарачыні ў класе, і што з дзіцём такім будзе? Які ён будзе на ўроку?»

Падручнікі

Чарговы раз цягам апошніх некалькіх гадоў перапісваюцца падручнікі. Напрыклад, новыя падручнікі будуць па біялогіі, якая трапіла на вочы Лукашэнку ў 2019 годзе з-за чарвякоў. Але больш заўважныя змены адбудуцца ў падручніках беларускай літаратуры і мовы, а таксама гісторыі. Раней у школе рабіўся акцэнт на развіццё крытычнага мыслення праз параўнанне дакументаў, пошук вучнямі самастойных адказаў на такія неадназначныя моманты гісторыі, як, напрыклад, пакт Молатава – Рыбэнтропа ці той жа калабарацыянізм у гады Другой сусветнай вайны. Цяпер жа ўсё вызначана – ні кроку ўбок.

Яшчэ адзін настаўнік далучае свае заўвагі: «Не столькі хвалююць змены ў праграме, колькі падручнікі. Для 6-х і 7-х класаў па гісторыі Беларусі вельмі аб’ёмныя параграфы, шмат істотнай інфармацыі вынесена ў схемы, табліцы, на якія дзеці проста не звяртаюць увагі. Па грамадазнаўстве падручнікі таксама вельмі складаныя, быццам напісаныя для алімпіяднікаў. Трэба нешта рабіць з тэмамі па культуры, бо адзін пералік імёнаў, іх твораў ні аб чым вучню не гавораць. Ды ўвогуле было шмат вайны, а цяпер стала яшчэ больш. Але ж адной ёю гісторыя Беларусі не абмяжоўваецца?»

Больш гадзінаў на мову

Настаўнікі беларускай мовы навіну пра павелічэнне гадзінаў у 10-м і 11-м класах за кошт замежнай лічаць станоўчай: «Сапраўды, на працягу адной гадзіны было нерэальна ахапіць той матэрыял, які прапаноўваецца вучэбнай праграмай. Цяпер, калі колькасць гадзінаў у старэйшых класах на беларускую мову павялічылі да 53  на год, настаўнікі могуць больш часу выдаткаваць на практыку». Але пры гэтым зазначае: «Хацелася б, каб такія новаўвядзенні былі і ў сярэднім звяне».

Яшчэ адна істотная змена – формы выпускных экзаменаў: для 9-га класу ў 2022/2023 годзе будзе пераказ, для 11-класнікаў – цэнтралізаваны экзамен.

«Прадмова» у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кніга на беларускай мове.
Фота: Белсат

«Бясконцая стома ад бясконцых рэформаў»

У гэтым годзе «нацыянальную сістэму адукацыі» чакаюць шматлікія новаўводзіны. Але ці прыжывуцца яны? Адзін з настаўнікаў са значным педагагічным досведам тлумачыць: «Колькі ўжо гэтых рэформаў было? Нічога, будзе надалей італьянская ціхая забастоўка». І дадае, што школе, нарэшце, павінна стаць лягчэй, бо Лукашэнка-малодшы яе скончыў.

Вадзім Мажэйка каментуе: «Не варта перабольшваць чарговых зменаў. Сістэма адукацыі традыцыйна схільная спускаць новыя змены на тармазах. Ціха іх ігнараваць, бо яна і так перажывае бясконцую стому ад бясконцых рэформаў. Сам жа змест рэформаў непрадуманы – яны ідуць зверху, а не знізу. Настаўнікі і выкладчыкі не ўплываюць на прыманне рашэнняў, таму не зацікаўленыя ў іх правядзенні ў жыццё».

У той жа час эксперт звяртае ўвагу на тое, што гэта чарговы прыклад таго, як не трэба рабіць рэформаў: «Праблема рэформы – яна не адпавядае рэчаіснасці, не ўлічвае інтарэсаў нізоў, таму будзе сабатаж. Гэта прыклад, як не трэба рабіць у будучым, бо нават самыя геніяльныя рэформы, спушчаныя зверху, не абгавораныя педагагічнай супольнасцю, з улікам эканамічных сувязяў, не будуць мець поспеху».

Таццяна Шчытцова адзначае, што на ўзроўні незалежнай грамадзянскай супольнасці ёсць не толькі разуменне неабходнасці рэфармавання, але і вядзецца падрыхтоўка такой працы. Напрыклад, 16–17 чэрвеня ў Вільні прайшла канферэнцыя «На шляху да рэформы сістэмы адукацыі ў Новай Беларусі».  Эксперт падкрэслівае: «У такіх палітычных рэжымах, як лукашэнкаўскі, інстытуты адукацыі не могуць быць інструментамі развіцця грамадства, а толькі сродкамі захавання ўлады».

Hавiны
ГУБАЗіК затрымаў хлопца за кнігу з успамінамі нямецкага салдата
2022.08.29 21:50

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў