Суд у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць расейскай кампаніі $ 22,5 млн


Міжнародны арбітражны суд у Гаазе.
Фота: Smooth_O / Wikipedia

Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць амаль $ 22,5 млн расейскаму інвестару за экспрапрыяваную маёмасць і парушэнне стандарту справядлівага абыходжання ў справе «Манолиум-Процессинг» супраць Беларусі.

У 2017 годзе расейская кампанія ТАА «Манолиум-Процессинг» ініцыявала арбітражны разгляд супраць Беларусі на падставе Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Яна патрабавала кампенсаваць наўпроставую шкоду і страчаную выгаду на суму больш за $ 200 млн, пасля зменшыўшы патрабаванні да $ 176 млн.

Пазоўнік адзначыў, што ў 2003 годзе заключыў інвестыцыйную дамову з Менгарвыканкамам на забудову зямельнага ўчастку ў цэнтры Менску. За гэта да сярэдзіны 2011 году расейцам трэба было ўзвесці некалькі камунальных аб’ектаў. Але пасля інвестара пазбавілі права на будаўніцтва, а ў 2014 годзе Эканамічны суд Менску скасаваў інвестыцыйную дамову. Пры гэтым у расейскай фірме заявілі, што камунальныя аб’екты былі ўзведзеныя, а дзяржорганы адмовіліся выплаціць кампенсацыю выдаткаў.

У чэрвені 2021 года склад арбітражу прызнаў толькі заявы пазоўніка, звязаныя з рашэннямі беларускіх судоў пасля 2015 году і перадачай зямельнага ўчастку ў раёне плошчы Перамогі іншаму інвестару – групе А-100.

Патрабаванне «Манолиум-Процессинг» пакрыць страчаную выгаду, звязаную са стратай права на зямельны ўчастак у цэнтры Менску, склад арбітражу прызнаў беспадстаўнымі, а ў сумах патрабаванняў пагадзіўся з пазіцыяй уладаў Беларусі.

Склад арбітражу пастанавіў пакрыць пазоўніку сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва камунальных аб’ектаў у памеры каля $ 19 млн, або 12% ад агульнай сумы першапачатковых патрабаванняў. Аднак лішніх грошай у бюджэце так і не знайшлося, пацярпелы бок не атрымаў нават гэтай сумы.

Не дачакаўшыся справядлівага разбіральніцтва, расейская кампанія падала пазоў у Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе, які пастанавіў кампенсаваць укладзеныя выдаткі з улікам дадатковых расходаў на арганізацыю працэсу.

Яшчэ не менш як дзве эканамічныя справы супраць Беларусі разглядаюцца іншымі міжнароднымі трыбуналамі, адзначае радыё «Свабода».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў