Лукашэнку падарылі карціну, на якой ён «бегаў з Колем з аўтаматам»

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што яму падарылі на дзень народзінаў.

Напрыклад, гэтым разам яму падарылі карціну, аўтарка якой – дачка аднаго з работнікаў ягонай Службы бяспекі.

«Дзе я бегаў з Колем з аўтаматам. Гэта такі быў важны ў маім жыцці момант. Яна даволі дакладна схапіла яго. Я, вядома, не спецыяліст у мастацтве, але мне спадабалася гэтая карціна», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Лукашэнка распавёў, што журналісты падарылі набор маек з ягонымі цытатамі: «Распранайцеся і пачынайце працаваць!» – усе мае гэтыя жорсткія, рэзкія цытаты».

Нагадаем, што 23 жніўня 2020 года дзяржаўныя медыі распаўсюдзілі відэа, на якім Лукашэнка бегае ля Палацу незалежнасці са зброяй падчас масавай мірнай дэманстрацыі ў Менску. Спачатку зʼявіўся ролік, дзе Лукашэнка выходзіць з верталёта беспасярэдне ля будынку, потым выставілі відэа, як ён лятае над горадам, а пасля гэтага падыходзіць да амапаўцаў, якія абаранялі падыходы да Палацу незалежнасці (пры гэтым пратэстоўцы на той момант ужо даўно сышлі). Лукашэнка дзякуе байцам, называе пратэстоўцаў пацукамі ды абяцае з імі разабрацца. Разам з Лукашэнкам быў ягоны 15-гадовы сын Мікалай – са зброяй і ў поўным вайсковым рыштунку.

Відэа мела вялікі рэзананс і выклікала хвалю жартаў: людзі высмейвалі абсурдныя і недарэчныя паводзіны Лукашэнкі. Эксперты адзначалі, што гэты эпізод – вялікі піяраўскі правал. Аднак сам Лукашэнка, мяркуючы з усяго, лічыць свой учынак «гераічным»: менавіта ў такім святле яго ацэньвае дзяржаўная прапаганда.

«Гэта капітальны піяраўскі правал». Эксперты каментуюць відэа, дзе Лукашэнка ходзіць з аўтаматам

ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны