Год без мітрапаліта. Як жыве Каталіцкі касцёл, з якога ўлады «спрабавалі зрабіць ворага»


Тадэвуш Кандрусевіч са святарамі і вернікамі на Акрэсціна.
Фота: Віталь Палінеўскі / Catholic.by

31 жніўня споўніўся роўна год, як у Беларусь не пусцілі каталіцкага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. За гэты час Каталіцкі касцёл у краіне моцна змяніўся. Пра тое, як менавіта, карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з каталіцкімі святарамі і экспертам.

«Істэрычны крок»

Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч актыўна крытыкаваў дзеянні ўладаў пасля выбараў, заклікаў вызваліць затрыманых удзельнікаў пратэстаў і спыніць гвалт. Сустракаўся з гэтай нагоды з міністрам унутраных справаў, ладзіў адмысловыя малітвы, наведваў Акрэсціна і СІЗА № 1 на Валадарскага.

І вось, вяртаючыся 31 жніўня з паездкі ў Польшчу, Тадэвуш Кандрусевіч даведаўся, што яму – нарадзінцу і грамадзяніну Беларусі – забаронены ўезд у краіну. Як сказалі ў памежным ведамстве, пашпарт мітрапаліта анулявалі, бо той, паводле Лукашэнкі, атрымаў заданні ў Варшаве.

Hавiны
Арцыбіскуп Кандрусевіч пра Беларусь: Пасля заходу сонца настае яго ўсход
2021.04.03 10:42

Мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч у каментары belsat.eu назвала забарону мітрапаліту Кандрусевічу ўезд у Беларусь праяваю самадурства ды істэрычным крокам з боку рэжыму, які не меў ніякіх прагматычных мэтаў.

«Задачаю было паказаць сваё «я магу», прадэманстраваць уладу над лідарам Царквы, прасігналізаваць пра сваю незадаволенасць. Праз недазвол Кандрусевічу ўехаць, у Касцёлу ў Беларусі з’явіўся яшчэ больш выразны голас – біскупа Юрыя Касабуцкага, а імідж рэжыму толькі пацярпеў», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Тадэвуш Кандрусевіч са святарамі і вернікамі на Акрэсціна.
Фота: Віталь Палінеўскі / Catholic.by

Гэта, на думку Наталлі, актуалізавала і без таго існыя насцярожанасць і недавер да рэжыму Лукашэнкі як варожа настроенага да Каталіцкага касцёлу ды гатовага на адкрыта варожыя дзеянні. Але ж, мяркуе прадстаўніца «Хрысціянскай візіі», паколькі логікі і адэкватнасці ў дзеяннях рэжыму не назіраецца, наўрад нехта з боку рэжыму можа зрабіць простую лагічную аперацыю ды звязаць прычыны і наступствы сваіх дзеянняў.

Hавiны
«Парушана норма заканадаўства наконт малітвы». У нядзелю ў менскую катэдру прыйшла міліцыя
2021.07.07 09:40

Капітуляцыя ці тактычны крок?

Дазволілі вярнуцца мітрапаліту толькі 24 снежня, пасля чаго ўжо 3 студзеня 2021 года прынялі ягоную адстаўку: афіцыйна – з прычыны сталага веку. Але на часовую замену яму знайшлі яшчэ больш сталага біскупа – Казіміра Велікасельца.

«Кандрусевічу дазволілі вярнуцца ў Беларусь, па-першае, для дэманстрацыі той самай канцэпцыі «я магу», «я гаспадар». Па-другое, улады зразумелі, што асаблівай небяспекі Кандрусевіч для іх не ўяўляе, што ён прадэманстраваў сваім зваротам да «Усебеларускага народнага сходу». Ну і доўга ён на сваёй пазіцыі і не прабыў. Па-трэцяе, вяртанне Кандрусевіча было інструменталізаванае для пэўных дамоўленасцяў з Ватыканам, кшталту прыезду нунцыя і адстаўкі Кандрусевіча», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Пры гэтым, на думку эксперткі, адстаўка мітрапаліта толькі ў пэўным сэнсе выглядае капітуляцыяй. Яна тым не менш прызнае, што Ватыкан дазволіў дробнаму дыктатару з Усходняй Еўропы дыктаваць кадравую палітыку арганізацыі, што лучыць мільярд чалавек.

Hавiны
«Хрысціянская візія» паведамляе пра ціск уладаў на «нядобранадзейных» святароў
2021.06.04 10:02

«Гэта быў непрыгожы крок і непрыгожы сігнал: атрымалася, што Кандрусевіча проста «злілі». Відавочна, што, па-першае, асоба Кандрусевіча для Ватыкану і тых, хто цяпер мае там уладу, была не вартая таго, каб за яе змагацца, а па-другое, трэба меркаваць, што з боку Ватыкану гэта быў тактычны ход у цяперашніх умовах, найменш затратны. Велікасельца, заўважу, не абралі на месца Кандрусевіча, ён мае нашмат меншую адміністрацыйную вагу і выступае часоваю фігурай. Ватыкан, паводле нейкіх сваіх меркаванняў, на сённяшні момант абраў стратэгію неканфліктнага суіснавання з рэжымам Лукашэнкі, але гэтая стратэгія можа змяніцца ў любы момант», – мяркуе Наталля Васілевіч.

Рэпрэсіі трываюць

Hавiны
«Я гатовы…» Біскуп Юрый Касабуцкі выказаўся пра магчымыя рэпрэсіі і крымінальны пераслед
2020.11.25 09:27

Агулам забарона на ўезд мітрапаліту не адзіны выпадак ціску на Касцёл з пачатку паслявыбарчых пратэстаў. Некалькі святароў апынуліся за кратамі паводле адміністратыўных справаў, некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, працягваецца пераслед вернікаў. Біскупу Юрыю Касабуцкаму за крытыку руйнавання мемарыялаў памяці забітых нават вынеслі пракурорскае папярэджанне. Не адбыліся традыцыйныя вулічныя шэсці і пілігрымкі, забараняецца выконваць гімн «Магутны Божа» ды адмянілі аднайменны шматгадовы фэст у Магілёве.

«Рэжым настроены да Касцёлу варожа, мае вялікі недавер, і гэта дэманструе розным чынам: ад новай хвалі працы адпаведных органаў у вывучэнні дзейнасці Касцёлу і каталіцкіх асяродкаў да рэпрэсіяў і ўціску любых ініцыятываў. Касцёл, які ярка выступіў у жніўні і верасні, гэтым і запомніўся ў актуальным крызісе, цяпер жа, як іншыя грамадскія супольнасці ды інстытуцыі, ён стараецца «нармалізавацца» ў новых умовах, бо і ўмовы змяніліся, і вастрыня супрацьстаяння паменшылася. Адзіным рэгулярным і гучным голасам заставаўся правінцыйны, без высокіх пасадаў ксёндз Вячаслаў Барок, які спазнаў пераслед і пагрозы ды вымушаны быў выехаць з Беларусі. Былі і іншыя галасы ды падзеі, якія запомніліся: з апошняга – гэта рэакцыя курыі на ціск з боку ўладаў у сувязі з «агульнанацыянальнаю малітваю» 3 ліпеня, калі Касцёл досыць смела прапанаваў спяваць «Магутны Божа» падчас такой малітвы», – падкрэсліла Наталля Васілевіч.

Артыкулы
Ксёндз Вячаслаў Барок: «Беларусь стала краінай, апанаванай злой воляй»
2021.07.22 09:51

Тым не менш, мяркуе Наталля, у прадэмакратычным грамадстве, наадварот, да Касцёлу вырас давер.

«Гэта тлумачыцца тымі яркімі выступамі цягам палітычнага крызісу, бачнасцю каталіцкага духавенства ў дэмакратычным руху, а таксама рэпрэсіямі дзяржавы ў дачыненні каталікоў. Да таго ж, з боку Касцёлу ў Беларусі амаль не назіраецца нейкіх памылак (кшталту нядаўніх «вакацыяў з Богам» і АМАПам), якія б выклікалі скандал. І тут ён нашмат больш выгадна выглядае на фоне Праваслаўнай царквы, дзе дыфірамбы ў бок рэжыму выглядаюць звычайнаю справаю», – адзначыла прадстаўніца «Хрысціянскай візіі».

На тэрыторыі касцёлу ў Шчучыне супрацоўнікі РАУС давалі дзецям патрымаць зброю і здаць адбіткі пальцаў.«Вакацыі з Богам» – так называецца гэтае свята для дзяцей. «Мы хочам такім чынам выхаваць у новага пакалення павагу да нашай прафесіі, цікавасць да службы ў шэрагах праваахоўнікаў», – начальнік інспекцыі ў справах непаўналетніх Шчучынскага РАУС Алена Бялоцкая. Крыніца: dzyannica.by

Святары застаюцца з людзьмі

Мы папрасілі каталіцкіх святароў распавесці пра сваё бачанне сітуацыі ў Касцёле за апошні год. З вядомых прычынаў мы не называем іхных імёнаў.

«Гэты год быў няпростым і застаецца такім надалей. Гэта год без мітрапаліта. Хоць ён быў за мяжою, стараўся кіраваць Касцёлам і падтрымліваць вернікаў, шмат пісаў лістоў, аднак трэба прызнаць, што гэта ўжо быў час без мітрапаліта. Біскуп Казімір стараецца шмат зрабіць, але ён не адміністрацыйны працаўнік. Яму таксама складана ўваходзіць ува ўсе гэтыя справы. Але мы бачым, што дзякуючы яму ўзмацнілася малітва. Гэта чалавек малітвы. Ён шмат моліцца і за Касцёл, і за святароў, і ўвогуле за народ Беларусі», – кажа адзін са святароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Hавiны
Біскуп Касабуцкі пракаментаваў напад на адміністрацыю Касцёлу
2021.05.20 21:43

І працягвае: «Святары, можа, не так актыўна, як у жніўні мінулага года, выказваюць свае думкі публічна. Аднак радуе тое, што яны застаюцца з людзьмі, стараюцца падтрымліваць. Безумоўна, вялікая ўдзячнасць за гэта кожнаму з іх».

Святар дадае, што Касцёл – гэта найперш людзі, а задача святароў і біскупаў – быць з людзьмі.

«З Касцёлу спрабавалі зрабіць ворага. Сёння, можа, няма такога націску з пункту гледжання палітычных акцыяў. Але недавер адчуваецца, хоць мы і не шукаем гэтага даверу. Справа Касцёлу – жыць у праўдзе і вучыць праўдзе», – адзначыў святар.

Hавiны
Малады, беларускамоўны, можа зайграць на гітары «Тры чарапахі». Абраны новы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў
2021.04.15 12:08

Вернікі з’язджаюць

Адною з праблемаў застаецца тое, што «вернікі зраненыя», шмат хто з’ехаў за мяжу. Таму святар заклікаў каталіцкія супольнасці суседніх краінаў дапамагчы арганізаваць у сябе служэнні па-беларуску, «каб людзі маглі збірацца і не адчуваць сябе самотнымі па-за межамі нашай Бацькаўшчыны».

«Радуе тое, што на фоне падзеяў у свеце пра нас памятаюць і за нас моляцца. Вялікая салідарнасць за мяжою таксама адчувальная. Магчыма, не ідзецца пра матэрыяльную дапамогу, але духоўная падтрымка вельмі моцна адчуваецца. Ёсць такі парадокс: калі мне радасна і я дзялюся сваёй радасцю з кімсьці, то радасць павялічваецца, бо два чалавекі радуюцца. Калі мне сумна ці балюча ды я дзялюся сваім болем з кімсьці бліжнім, то боль памяншаецца, бо мне лягчэй ад таго, што хтосьці перажывае за мяне. І сёння можна сказаць, што мы адчуваем гэтую палёгку ад таго, што мы не адныя. І той гістарычны момант, у якім нам даводзіцца сёння жыць, таксама вызначальны для ўсёй нашай нацыі. Гэта сапраўды такі момант, калі, як казаў класік, быць ці не быць беларусам або проста беларусаў не стане», – падкрэсліў святар.

Будслаўскі фэст. Будслаў, Беларусь. 2 ліпеня 2021 года.
Фота: ГГ / Белсат

«Хто можа забараніць малітву за Радзіму?»

У сваю чаргу каталіцкі святар з Гарадзеншчыны дадае, што пасля жнівеньскіх падзеяў мінулага года выразна бачна, якую пазіцыю занялі прадстаўнікі духавенства.

«Мы ўбачылі сапраўдных герояў: біскупаў, ксяндзоў і бацюшак, тых, хто не пабаяўся публічна выказаць сваё меркаванне ды асудзіць гвалт і рэпрэсіі. Некаторыя нават вымушаныя былі пакінуць дом, сваю парафію і з’ехаць з краіны, некаторыя страцілі пасады», – кажа ён.

Аналітыка
«Каму раней з праваслаўных было цікава, што там кажа Кандрусевіч?» Як пратэсты мяняюць вернікаў
2021.02.25 11:22

І хоць, паводле святара, сцены святыні – гэта не месца для абмеркавання грамадска-палітычнага жыцця краіны, гэта месца для сустрэчы з Богам, нельга заставацца абыякавым да болю і цярпення бязвінных вязняў ды іхных сем’яў ці проста закрываць вочы, нічога не бачыць і казаць сабе, што нічога не адбываецца.

«Мы ўбачылі якая вялікая колькасць людзей розных веравызнанняў штодня моліцца за Беларусь і беларускі народ. Падчас літургіі прамаўляюцца малітвы за ахвяры рэжыму і вязняў. Быў забаронены «Магутны Божа», але ўсё адно хрысціяне яго спяваюць. Бо хто можа забараніць малітву за Радзіму, якую даў нам на зямлі Бог? Нельга баяцца, бо страх робіць чалавека рабом», – кажа святар.

Hавiны
За дзень беларусы сабралі больш за 40 тысячаў рублёў на аднаўленне касцёла ў Будславе
2021.05.12 16:47

МГ belsat.eu

Стужка навінаў