У Беларусі з 2020 года зліквідаваныя 880 некамерцыйных арганізацыяў


Праваабарончыя арганізацыі «Lawtrend» і ОЕЕС паведамляюць у сваім аглядзе, што са жніўня 2020 года грамадскі сектар Беларусі недалічыўся 880 некамерцыйных арганізацыяў. Толькі ў ліпені 2022-га былі прымусова зліквідаваныя 72 арганізацыі.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што «практыка рэпрэсіяў у Беларусі не спыняецца». Рашэнне самаліквідавацца прынялі агулам 343 арганізацыі. Адзначаюць, што «рашэнне пра самаліквідацыю прымаецца найперш праз неспрыяльнае прававое асяроддзе, агульную грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама – пад ціскам уладаў».

Толькі за ліпень 2022 года колькасць прымусова зліквідаваных некамерцыйных арганізацыяў вырасла на 72. У ліпені суды разгледзелі пазовы аб прымусовай ліквідацыі рэабілітацыйна-гарналыжнага клубу «Баяры», спартовага клубу «Крок Перамогі», інжынернага клубу тэхнічных інавацыяў «Аўтасправа», асацыяцыі шматдзетных бацькоў Кастрычніцкага раёну «Гомельскія маржы» ды іншых грамадскіх арганізацыяў.

На пазовы генпракурора Вярхоўны Суд вынес рашэнні аб спыненні дзейнасці ўсіх незалежных прафсаюзаў, якія існавалі ў краіне.

Аб’ектыў
«Мы працягваем змагацца за нашую долю больш рашучымі, але ўсё яшчэ мірнымі метадамі»
2022.07.19 23:06

У аглядзе зазначаецца, што трывае ціск на актывістаў грамадзянскай супольнасці. У следчым ізалятары па-ранейшаму застаюцца старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік і віцэ-прэзідэнт міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч. Турэмныя тэрміны адбываюць старшыня гомельскай суполкі «Вясны» Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца.

Трэці месяц працягваецца закрыты суд над каардынатаркаю валанцёрскай службы «Вясны» Марфаю Рабковай і валанцёрам Андрэем Чапюком, а таксама актывістамі анархісцкага руху.

У месцах пазбаўлення волі застаецца не менш за 10 лідараў і актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў. Працягваецца ціск на прадстаўнікоў рэлігійных арганізацыяў, палітычных партыяў, новых ініцыятываў.

Hавiны
Вярхоўны Суд пастанавіў спыніць дзейнасць пяці незалежных прафсаюзаў
2022.07.19 11:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў