Праект Карпянкова. Як сілавікі заняліся ідэалагічным выхаваннем беларускіх дзяцей


З восені 2021 года ў Беларусі пры падраздзяленнях унутраных войскаў, міліцыі і армейскіх частках пачалі ствараць вайскова-патрыятычныя клубы, дзе сілавікі вучаць «любіць радзіму» школьнікаў узростам ад 7 да 17 гадоў. Belsat.eu распавядае аб праекце, які ўлады прэзентуюць як ідэалагічны адказ на масавыя пратэсты 2020 года.

Пра неабходнасць заняцца вайскова-патрыятычным выхаваннем Аляксандр Лукашэнка загаварыў восенню 2020 года на хвалі масавых пратэстаў.

«Мы бачым, як адзін з асноўных недахопаў у гэтай сітуацыі, адсутнасць сапраўднага патрыятызму, асабліва ў нашых мужыкоў… У патрыятычным выхаванні ў нас вялікі прабел, яго трэба ліквідаваць», – заявіў ён падчас сустрэчы з міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

Але рухавіком новай формы «патрыятычнага выхавання» стаў не Хрэнін, а намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутраных войскаў Мікалай Карпянкоў – былы кіраўнік ГУБАЗіКу, адзін з самых жорсткіх і радыкальна настроеных сілавікоў рэжыму.

Мікалай Карпянкоў падчас разгону мірнай акцыі пратэсту ў Менску 23 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар /Белсат

У дзяржаўных медыях не раз агучвалася інфармацыя, што гэта менавіта ён прапанаваў ствараць вайскова-патрыятычныя клубы (ВПК) пры ўсіх вайсковых частках і потым актыўна прасоўваў рэалізацыю гэтага праекту. «Гэта аснова ідэалагічнага выхавання маладых людзей, хлопчыкаў і дзяўчатак», – казаў Карпянкоў.

Ініцыятыва здабыла падтрыманне сярод іншых сілавікоў, у тым ліку былых. Напрыклад, ідэю Карпянкова публічна вітаў Дзмітрый Паўлічэнка, якога падазраюць у датычнасці да выкраданняў і забойстваў апанентаў Лукашэнкі.

Адкрыццё клубу «Граніт».
Фота: mvd.gov.by

Першы вайскова-патрыятычны клуб у межах праекту Карпянкова быў адкрыты ў кастрычніку 2021 года на базе в/ч 3214 і атрымаў назву «Рысь». Потым з’явіўся клуб «Граніт» на базе в/ч 5448 унутраных войскаў. У Менскім раёне з’явіўся клуб «Доблесць» на базе в/ч 3310, у Горадні – «Цыркон» на базе в/ч 5522, у Берасці – «Крэпасць» на базе в/ч 5526, у Воршы – «Віцязь» на базе в/ч 5524, у Менску – «Арляняты. Наследнікі перамогі» на базе менскага АМАПу. Усе гэтыя падраздзяленні адносяцца да МУС, яны бралі актыўны ўдзел у жорсткім здушэнні пратэстаў у 2020 годзе.

Клубы адкрываюцца таксама на базе армейскіх частак, а таксама пры цывільных установах. Агулам цяпер у Беларусі дзейнічае не менш за 17 ВПК, заяўляюць улады. У сярэднім у кожны клуб запісаныя ад 35 да 70 школьнікаў. Праўда, ёсць і выключэнні – «Рысь», як сцвярджаюць сілавікі, наведваюць 160 дзетак.

У траўні 2022 года Лукашэнка афіцыйна легалізаваў праект Карпянкова – ён падпісаў указ № 160 аб развіцці вайскова-патрыятычных клубаў, які дазваляе камандуючаму ўнутраных войскаў ствараць ВПК на ўласнае рашэнне. Выхаванцам клубаў абяцаюць ільготы пры паступленні ў ВНУ. У Сувораўскую вучэльню, Акадэмію МУС, Вайсковую акадэмію яны могуць быць залічаныя нават без конкурсу.

Што было раней

Дзяржаўныя медыі прэзентуюць праект Карпянкова як абсалютна новую з’яву, нібыта раней вайскова-патрыятычных клубаў і не існавала. Насамрэч гэта не так. Некаторыя ВПК дзеюць у Беларусі яшчэ з 2000-х. Але мэты і задачы старых клубаў, характар іх фармавання сапраўды былі трошкі іншыя.

Клубы 2000-х апекавалі пераважна праваслаўныя прыходы, грамадскія арганізацыі і мясцовыя цывільныя ўлады. Яны, безумоўна, супрацоўнічалі з міліцыяй, наведвалі вайсковыя часткі, але дзеялі пераважна пры цэрквах і ўстановах адукацыі. А самае галоўнае, што першапачаткова ствараліся яны не ў палітычных, а хутчэй у сацыяльных мэтах – каб перавыхоўваць цяжкіх падлеткаў і не дапусціць росту дзіцячай злачыннасці. Напрыклад, менавіта такія задачы ставілі магілёўскі праваслаўны клуб «Перасвет» або шчучынская «Дружына». Як пісалі медыі, акрамя фізічнай падрыхтоўкі там шмат часу надавалася лекцыям па гісторыі, Закону Божаму і размовам з духоўнымі настаўнікам (святарамі).

Без палітызацыі ў клубах старой фармацыі таксама не абыходзілася. Сярод арганізатараў часта панавалі выразныя прарасейскія погляды, якіх яны не хавалі. У 2016 годзе выбухнуў вялікі скандал, калі журналісты даведаліся, што шэраг віцебскіх ВПК аказаліся датычныя да вывазу беларускіх падлеткаў у лагер расейскіх неанацыстаў, якія ўдзельнічалі ў вайне на Данбасе. Такая гісторыя яўна не спрыяла развіццю падобных клубаў.

Hавiны
Праваслаўе з гранатаю ў руцэ: беларускіх падлеткаў зноў вазілі да неанацыстаў у Расею
2017.09.25 14:21

Пераварот Карпянкова

Ініцыятыва Карпянкова і ўказ Лукашэнкі змянілі правілы гульні.

Па-першае, улады не хаваюць, што вайскова-патрыятычныя клубы ствараюцца з палітычнымі мэтамі – гэта адказ на пратэсты 2020 года і электаральную рэвалюцыю ў Беларусі. Пры дапамозе ідэалагічнага апрацавання ў ВПК улады хочуць адарваць дзяцей ад «згубнага ўплыву інтэрнэту» і «дэструктыўных ідэяў» (то бок іншадумства), а таксама «падняць прэстыж» сілавікоў, каб «хлопчыкі не баяліся ісці і служыць сваёй Радзіме». Паводле прапагандыста Аляксандра Шпакоўскага, ВПК на замову сілавых структураў і Мінадукацыі павінны рыхтаваць людзей з «асаблівым светапоглядам».

Па-другое, новыя вайскова-патрыятычныя клубы робяцца вотчынай сілавікоў. Царква або ўстановы адукацыі цяпер могуць толькі дапамагаць. ВПК арганізоўваюць на базе вайсковых частак, і працаю з дзецьмі займаюцца дзейныя афіцэры і салдаты, якія не маюць ніякага педагагічнага досведу.

Выхаванцы клубу «Рысь».
Фота: mvd.gov.by

«Дзеці – трошкі не наш канёк», – прызнаваўся ў звязку з гэтым намеснік камандзіра в/ч 3214 Аляксандр Бражыцкі. Ён тлумачыў, што інструктары, якія павінны вучыць дзяцей рукапашнаму бою, маюць навыкі працы толькі з дарослымі, што заканамерна выклікала цяжкасці. Але за такую працу не паводле спецыяльнасці сілавікам выплачваюць грашовыя надбаўкі.

«Пазнаёмілася з аўтаматам Калашнікава»

Сілавыя структуры і раней бралі ўдзел у працы з дзецьмі – напрыклад, паведамляецца, што вайскова-патрыятычны лагер «Доблесць» функцыянуе пры в/ч 3214 ужо амаль 20 гадоў. Накіроўвалі туды ў асноўным дзяцей з неўладкаваных сем’яў, цяжкіх падлеткаў.

Але такія лагеры збіраюцца толькі на кароткі час і толькі ў перыяд школьных вакацыяў. Адна з галоўных ідэяў клубаў пры вайсковых частках заключаецца ў тым, каб сілавікі працавалі з дзецьмі менавіта на рэгулярнай аснове. У новых клубах заняткі праходзяць два-тры разы на тыдзень.

Сілавікі імкнуцца ахопліваць хлопчыкаў і дзяўчатак усіх узростаў, нават самых маленькіх. У «Граніце», напрыклад, набіраюць дзяцей ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў.

Выхаванцы клубу «Рысь».
Фота: mvd.gov.by

У стандартную праграму ВПК уваходзяць рукапашны бой, фізічная, шыхтавая і медычная падрыхтоўка. Дзецям распавядаюць пра зброю, вучаць разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава. «Для большасці хлопчыкаў разабраць яго за 14 секундаў не ўяўляе ніякай складанасці», – ганарліва рапартавала газета «СБ – Беларусь сегодня» ў сваім рэпартажы пра клуб «Рысь». «Рысят» таксама «пазнаёмілі» з супрацьтанкавым гранатамётам і іншай зброяй.

У клубах вучаць працаваць са зброяй не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчатак.
Фота: minsknews.by

Займаюцца са зброяй не толькі хлопчыкі, але і дзяўчаткі. «Пазнаёмілася з аўтаматам Калашнікава, пісталетам, ну і страляць навучылася», – кажа дзяўчынка ў сюжэце тэлеканалу ОНТ. Навошта такія навыкі вучаніцы малодшых класаў, ніхто не тлумачыць.

Беларускія «Салдаты Расеі»

Дзейнасць клубаў не абмяжоўваецца заняткамі рукапашным боем і працаю са зброяй. Для школьнікаў арганізоўваюць паездкі ў музеі і мемарыяльныя комплексы, прыцягваюць да добраўпарадкавання аб’ектаў воінскай славы. Сілавікі абяцаюць таксама ладзіць з дзецьмі заняткі ідэалагічнай падрыхтоўкі, «прышчапляць любоў да сцягу і гербу».

Карпянкоў, Баскаў і Шпакоўскі выступаюць перад выхаванцамі клубу «Рысь».
Фота: mvd.gov.by

Праўда, як байцы спецназу вучаць школьнікаў «любіць радзіму», можна адно здагадвацца. У рэпартажах дзяржаўных медыяў інфармуюць выключна пра практычныя заняткі, а ідэалагічнае апрацаванне застаецца па-за кадрам. Але ўлічваючы, што праект Карпянкова паўставаў як адказ на пратэставыя выклікі, то можна меркаваць, што дзеткам таксама навязваюць асноўныя наратывы сучаснай прапаганды рэжыму Лукашэнкі. Прычым не толькі ўнутраныя, але і замежнапалітычныя.

Напрыклад, у флагманскім клубе «Рысь» дзецям паказалі вядомае ў Расеі прапагандысцкае відэа, дзе хлопчык Лёша ў танкісцкім шлеме выбягае вітаць расейскую вайсковую тэхніку з літарай «Z» ў памежнай Белгародскай вобласці (то бок танкі едуць якраз на вайну з Украінай). «Рысі» знялі аналагічнае пастановачнае відэа, у якім дзеткі вітаюць беларускую вайсковую тэхніку і запрашаюць хлопчыка Лёшу ў Беларусь. 

Пафасныя размовы пра выхаванне «патрыётаў» у кантэксце клубу «Арляняты. Наследнікі перамогі» набылі проста недарэчныя формы. Падчас урачыстай імпрэзы адкрыцця клубу на базе менскага АМАПу, у якой бралі ўдзел высокапастаўленыя чыноўнікі, на мілітарызаванай форме «арлянятаў» можна было заўважыць дзіўныя нашыўкі – «Салдаты Расеі», «Доблесць Айчыны», «Саюз-2013», «Саюз-2014» і назвы расейскіх гарадоў.

Адкуль яны ўзяліся? Насамрэч «Доблесць Айчыны» – гэта патрыятычны рух ветэранаў расейскай арміі ў самой Расеі і краінах СНД, які штогод праводзіць вайскова-спартовыя моладзевыя зборы «Саюз – Наследнікі Перамогі». Мяркуючы з усяго, стваральнікі «арлянятаў» не толькі натхняліся дзейнасцю расейскага патрыятычнага руху (на што паказвае назва), але і актыўна супрацоўнічае з ім, бо на беларускіх дзяцей проста надзелі форму, якая, імаверна, засталася пасля расейскіх моладзевых збораў 8–9-гадовай даўніны.

Ніякага дысанансу пры гэтым удзельнікі не адчулі. «Нашыя дзеці робяць правільны выбар, выбар на карысць нашай радзімы, нашай краіны», – кажа ў рэпартажы агенцтва «Минск-Новости» маці беларускай дзяўчынкі, якую запісалі ў амапаўскі клуб. І адначасова з гэтым словамі камера прапагандыстаў паказвае нашыўку «Салдаты Расеі».

Форма беларускіх «арлянятаў» падчас урачыстага адкрыцця клубу. Скрыншот з відэа MINSKNEWS / YouTube

Маштабы з’явы

На пачатку траўня Карпянкоў абвесціў, што «праект атрымаўся». Ён адзначыў, што цяпер у краіне дзеюць 18 ВПК клубаў, дзе займаюцца 1700 дзяцей.

Хутчэй за ўсё, лічба завышаная. Нават БТ у сваім прапагандысцкім фільме «Школа патрыётаў» на пачатку ліпеня паведамляла толькі пра 17 клубаў і 1500 дзяцей у іх (плюс у краіне будуць працаваць 146 летніх лагераў). Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Алена Ануфровіч за тыдзень да заявы Карпянкова сцвярджала, што ў ВПК займаюцца толькі 1000 чалавек. Яшчэ 1,5 тысячы чалавек вучацца ў вайскова-патрыятычных класах і каля 2400 у кадэцкіх установах, дадавала яна.

У вайскова-патрыятычных клубах дзяцей вучаць страляць.
Фота: mvd.gov.by

У любым выпадку маштабы вайскова-патрыятычнай адукацыі выглядаюць вельмі сціпла, улічваючы, што ў школах Беларусі вучыцца звыш мільёна чалавек. Прычым наўрад ці ўлады здольныя значна павялічыць колькасць выхаванцаў ВПК, прынамсі хутка. На тое будуць патрэбныя дадатковыя грошы на транспарт і выплаты інструктарам. З улікам гэтага намеснік камандзіра в/ч 3214 Бражыцкі прызнаваўся, што аптымальная колькасць чальцоў аднаго клубу – не больш за 80 чалавек. То бок патэнцыял росту вайскова-патрыятычнага руху без маштабнага фінансавага ўлівання будзе даволі абмежаваны.

Хто ідзе ў ВПК?

Але галоўнае пытанне – гэта не рэсурсы, а попыт. Вайскова-патрыятычны рух пазіцыянуецца як справа абсалютна добраахвотная, і сапраўды пакуль няма звестак, каб кагосьці прымушалі далучацца да такіх клубаў. Аднак хто гэтыя людзі, што ў 2022 годзе хочуць, каб іхных дзяцей вучылі патрыятызму сілавікі?

Жаночы пратэст
Затрыманні падчас жаночай мірнай акцыі ў Менску. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У інтэрв’ю газеце «Звязда» прадстаўнік в/ч 5448 Вадзім Пугач прызнаецца, што першапачаткова яны зыходзілі з таго, што ў іхны клуб «Граніт» будуць хадзіць пераважна дзеці з сем’яў вайскоўцаў і міліцыянтаў. Ён адразу дадае, што гэты прагноз нібыта не спраўдзіўся і ў клубе таксама займаюцца «школьнікі з семʼяў працоўных, службоўцаў, індывідуальных прадпрымальнікаў». Можа і так, але падобна, што дзеці з сем’яў сілавікоў усё ж складаюць значную частку выхаванцаў, мо нават пераважную большасць. Да прыкладу, у згаданым вышэй рэпартажы «Звязды» трое з трох апытаных удзельнікаў клубу прызнаюцца, што выгадаваліся ў сем’ях міліцыянтаў.

У ВПК запісваюць сваіх дзяцей і высокапастаўленыя сілавікі. Мікалай Карпянкоў прызнаўся  ў адным з інтэрв’ю, што аддаў у такі клуб уласных унукаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў