Польшча адзначае 78-ую гадавіну Варшаўскага паўстання. Што пра яго трэба ведаць


У 1944 годзе было відаць, што саветы выганяць нацыстаў з польскай сталіцы. Палякам не падабаліся ні першыя, ні другія.

Штогод 1 жніўня Польшча адзначае гадавіну Варшаўскага паўстання. А 17:00 гучаць сірэны, людзі і машыны спыняюцца, каб ушанаваць памяць нацыянальных герояў. За некалькі дзён да 1 жніўня пачынаюцца адукацыйныя імпрэзы і мемарыяльныя акцыі.

Жыхары польскай сталіцы адзначаюць 78-ую гадавіну Варшаўскага паўстання.
Фота: Wojciech Olkusnik / East News

Сёлета ў некаторых гарадах ад сірэны адмовіліся, каб не турбаваць украінскіх уцекачоў, якія памятаюць паветраныя трывогі перад расейскімі абстрэламі. Дзе сірэны завыюць, там украінцаў загадзя папярэджваюць праз SMS.

Варшаўскае паўстанне трывала з 1 жніўня да 2 кастрычніка 1944 года. Гэта была найбуйнейшая бітва падпольнай арганізацыі ўва ўсёй Другой сусветнай вайне. Фактычна палякі ваявалі супраць нацысцкіх акупантаў, але ў палітычным сэнсе – супраць патэнцыйнай акупацыі бальшавікамі.

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года з нападу нацысцкай Нямеччыны на Польшчу. 17 верасня 1939-га ў Польшчу ўвайшлі савецкія войскі – на той момант нацысты ўжо захапілі «сваю палову». Краіну загадзя падзялілі Адольф Гітлер і Іосіф Сталін – іхная змова вядомая як пакт Молатава – Рыбэнтропа.

Артыкулы
Неасталінская прапаганда. Што адбываецца ў Беларусі з гісторыяй Другой сусветнай вайны
2021.06.22 08:00

Апошнія абаронцы Польшчы капітулявалі ў кастрычніку 1939 года, але на месца рэгулярных войскаў прыйшлі розныя падпольныя арганізацыі, найбуйнейшая з якіх – Армія Краёва, якая налічвала да 400 тысячаў чалавек. Пад акупацыяй фактычна існавала польская падпольная дзяржава, якая рыхтавала паўстанне дзеля вяртання ўлады польскаму ўраду ў выгнанні.

Яшчэ ў 1943 годзе стала зразумела, што нацыстаў з Польшчы выганяць, ды зробіць гэта Чырвоная армія, а не заходнія саюзнікі. Палякі не хацелі, каб іх «вызвалялі» камуністы, якія нядаўна адабралі частку краіны. Таму і паднялі шырокае паўстанне, каб самым вызваліць сталіцу да прыходу камуністаў і спыніць працэс саветызацыі Польшчы.

Урачыстасці на варшаўскіх могілках Старэ Павонзкі.
Фота:  Jacek Szydlowski / Forum

З пачатку 1944 года Армія Краёва вяла акцыю «Бура». План быў такі: ладзіць дыверсіі, а калі нацысты адступаюць – атакаваць іх незалежна ад камуністаў, самым вызваляць мясцовасць і адваёўваць незалежнасць Польшчы ад вонкавых сілаў. Часам гэта ўдавалася, часам паўстанцы змагаліся поплеч з камуністамі, але ў выніку гарады ўсё роўна займалі камуністы, а паўстанцаў выганялі, раззбройвалі ці кідалі ў няволю. Заходнія саюзнікі не жадалі сварыцца з СССР, не віталі з’яўлення «трэцяй сілы», хоць і прызнавалі яе паспяховасць.

Варшаўскае паўстанне пачалося ў «гадзіну W» – а 17:00 1 жніўня 1944 года. Палякі дзень раней атрымалі памылковую інфармацыю аб прарыве саветамі нямецкай абароны ў раёне Прага на поўначы Варшавы, у першай палове дня падпольныя ганцы панеслі мабілізацыйныя загады.

Пачатак паўстання стаўся нечаканым як для нацыстаў, так і для шмат каго з падпольнікаў. Нацысты абвясцілі трывогу для варшаўскага гарнізону толькі за 30 хвілінаў да «гадзіны W». Але ў «гадзіну W» змагацца пачала хіба палова паўстанцаў, не ўсе паспелі сабрацца ці дастаць зброю са схованак.

Hавiны
Масква «выкрывае» польскіх паўстанцаў. Варшава заяўляе аб маніпуляцыі гісторыяй
2020.01.17 17:30

Першы дзень паўстання быў адчувальна няўдалым: паўстанцы захапілі толькі некалькі будынкаў, некалькі харчовых складоў, электрастанцыю. Аб’ектаў, якіх не ўдалося захапіць, было значна больш, праваліліся спробы ўзяць аэрапорт, штаб-кватэру гестапа, вакзалы, турмы. Армія Краёва страціла каля 2000 чалавек, шмат зброі. Але ў паўстанцаў засталося шмат волі да барацьбы – чаго не было ў акупантаў.

Гітлер адказаў на паўстанне загадам пра дывановыя бамбаванні, але аказалася, што дзеля гэтага не здолеюць эвакуявацца нямецкія вайскоўцы. Давялося накіраваць на здушэнне паўстання дадатковыя войскі. У колькасці байцоў сілы былі прыблізна роўныя, але паўстанцы мелі значна менш зброі і тэхнікі.

Маёр Вацлаў (Болек) Янашэк, генерал Тадэўш Бур-Камароўскі, палкоўнік Ян (Радослаў) Мазуркевіч і капітан Рышард (Шыман) Кшывіцкі. Крыніца: kultura.gazeta.pl

Пасля пачатку паўстання Чырвоная армія спыніла наступ на варшаўскім напрамку, не дапамагала ў змаганні з нацыстамі менавіта ў Варшаве, але вяла баі ў прадмесцях – збольшага няўдалыя. Заходнія саюзнікі падтрымлівалі паўстанне, але абмежаваная дапамога не адыграла значнай ролі: авіяцыйнага падтрымання фактычна не было, а былі толькі рэдкія пастаўкі прыпасаў лётчыкамі-добраахвотнікамі.

Паўстанцам удалося заняць некаторыя раёны Варшавы: Жалібаж, Стары горад, Сьрудмесьце, Павісьле, Макотаў… Завязаліся цяжкія вулічныя баі, нацысты выкарыстоўвалі і бранятэхніку, і авіяцыю, будынак мог пераходзіць ад аднаго бока другому па сем разоў, як школа на Вараніча 8. Баі трывалі больш як два месяцы і скончыліся паразаю паўстання. Савецкія войскі ўзялі польскую сталіцу толькі праз тры месяцы.

Капітан Цыпрыян (Крыбар) Адаркевіч, камандзір групоўкі «Крыбар» (другі злева) у атачэнні«Рафалкаў».
Фота: Sylwester Braun / wikimedia.org

У час Варшаўскага паўстання былі забітыя каля 10 тысяч паўстанцаў і 15–200 тысячаў мірных жыхароў, а нацысты страцілі забітымі да 10 тысячаў чалавек. З першых дзён паўстання нацысты масава расстрэльвалі палякаў, вывозілі сотні тысяч асобаў на прымусовыя працы.

Савецкія «вызваляльнікі» інтэрнавалі тысячы байцоў Арміі Краёвай, якія не захацелі стаць на іхны бок, высылалі дзясяткі тысяч палякаў у «працоўныя лагеры», НКВД палявала на ваяроў Арміі Краёвай нават пасля заканчэння вайны. У адказ на рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі ды практычна новую акупацыю палякі да 1953 года ладзілі антыкамуністычны рух – «выклятыя жаўнеры» падымалі нават узброеныя паўстанні супраць саветаў. Але незалежнай Польшчы дамагліся толькі іхныя ўнукі.

Гісторыі
Годнасць пад акупацыяй. Як жыхары Варшаўскага гета ладзілі святы насуперак нацыстам
2022.01.10 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў