«Мінус адзін...» Жыхара Бярозы засудзілі на 1,5 года калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ


Суд Бярозаўскага раёну прызнаў мясцовага жыхара Віктара Хлябца вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і асудзіў на 1,5 года калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, якога 28 верасня 2021 года застрэліў Андрэй Зельцар, паведаміла «Вясна».

«Так, чалавек загінуў, на жаль, але «мусары» задумаюцца. Такім чынам – мінус адзін…» – каментар такога зместу нібыта пакінуў Віктар Хлябец у адным з закрытых тэлеграм-чатаў пад відэа, на якім быў зафіксаваны момант перастрэлкі Андрэя Зельцара з супрацоўнікамі КДБ.

Згодна з версіяй абвінавачання, каментар «супярэчыць агульначалавечай маралі, вызначаным правілам камунікацыі паміж людзьмі, змяшчае выказванні, выразы ў непрыстойнай форме, зневажае гонар і годнасць». Ні падчас допытаў, ні на судзе Хлябец не прызнаў сваёй віны і тлумачыў, што наагул не памятае, каб пісаў такі каментар.

Справу разбірала суддзя Наталля Вакульчык. Яна прызнала мужчыну вінаватым і прысудзіла яму 1 год і 6 месяцаў калоніі. Праваабаронцы сцвярджаюць, што суд не меў доказаў вінаватасці падсуднага.

28 верасня 2021 года працаўнік кампаніі «EPAM Systems» Андрэй Зельцар застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка пасля таго, як сілавікі ўварваліся да Зельцара ў кватэру. Андрэя забілі, а ягоную жонку ўзялі пад варту і абвінавацілі ва ўдзеле ў злачынстве. Пасля страляніны ў Менску сілавікі ў розных гарадах Беларусі затрымлівалі людзей, якія пакідалі каментары ў інтэрнэце з нагоды гібелі Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ.

Hавiны
Працягваецца суд у «справе змоўнікаў». Рыгор Кастусёў віны не прызнаў
2022.08.01 14:13

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў