Дэфіцыт бюджэту за два месяцы вырас амаль удвая. Наколькі гэта небяспечна для эканомікі краіны?


Міністэрства фінансаў следам за Белстатам пачало хаваць ад грамадскасці інфармацыю. У прыватнасці засакрэціла звесткі пра выкананне бюджэту. Суму яго дэфіцыту па выніках сямі месяцаў года назваў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў. Як вынікае з ягоных словаў, за два апошнія месяцы дэфіцыт вырас на 90 %. «Белсат» разбіраўся, колькі ж грошай не стае ў бюджэце і ці ўяўляе гэта небяспеку эканоміцы краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання растлумачыў, чаму ягонае ведамства «свядома не размяшчае» на сваім сайце інфармацыі пра выкананне бюджэту: «яна выкарыстоўваецца ў межах разнастайнага роду інсінуацыяў». Беларусам гэтыя звесткі ведаць нібыта непатрэбна. «На вялікае, людзям неабходна ведаць адказ вось менавіта на тыя пытанні: як будзе прырастаць зарплата, ці будуць у іх працоўныя месцы і ці будуць выплачвацца пенсіі», – мяркуе чыноўнік.

Разам з тым Селіверстаў паведаміў, што на 1 жніўня дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту дасягнуў Br 1,9 млрд. На сайце Мінфіну ўжо няма інфармацыі пра выкананне дзяржаўнага бюджэту ў 2022 годзе, але ў пачатку лета там яшчэ было паведамленне пра выкананне бюджэту ў студзені – траўні гэтага года. Згодна з ім, дэфіцыт бюджэту па выніках пяці месяцаў складаў крыху больш за Br 1 млрд. Пасля новай заявы кіраўніка Міністэрства фінансаў відавочна, што дэфіцыт бюджэту цягам толькі двух летніх месяцаў вырас на Br 900 млн, ці 90 %. Дарэчы, у студзені – ліпені мінулага года гэты паказнік быў амаль у чатыры разы меншы – Br 500 млн.

Аналітыка
Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці
2022.07.05 15:08

Прычына дэфіцыту бюджэту, паводле чыноўніка, – скарачэнне экспарту калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў: «Мы бачым, што ў грашовым выражэнні недаатрыманыя да мільярда рублёў». Страты маглі б быць большыя, але сітуацыю ратуе рост коштаў. Напрыклад, калійныя ўгнаенні падаражэлі ў некалькі разоў, «таму гэтая сітуацыя адыгрываецца».

Чыноўнік таксама нагадаў, што сёлета ў бюджэце краіны прадугледжваецца нястача каля Br 2,8 млрд і пакуль усё «ідзе паводле плану».  «Даходы рэспубліканскага бюджэту дзесьці, напэўна, на 0,3 % меншыя, чымся першапачаткова планавалася», – удакладніў ён.

Каментар
Беларусь страчвае інвестараў, а грамадства і эканоміка губляюць магчымасці і перспектывы
2022.08.01 10:00

Увогуле дэфіцыт бюджэту ў нас назіраўся не аднойчы, кажа Настасся Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Чыноўнікі могуць планаваць дэфіцыт бюджэту, такая практыка – даволі частая з’ява і ў іншых краінах свету. Напрыклад, у Еўразвязе дапускаецца дэфіцыт бюджэту нават да 3 %.

«Калі дэфіцыт складае некалькі адсоткаў ад ВУП, то гэта абсалютна нармальная з’ява. Але гэта мусіць быць запланавана, і павінныя быць крыніцы для пакрыцця нястачы сродкаў», – звяртае ўвагу на акалічнасці балансу экспертка BEROC.

Настасся кажа, што цяпер запланаваць дадатковыя крыніцы паступлення сродкаў даволі складана. Адною з такіх крыніцаў можа стацца рэалізацыя дзяржаўных аблігацыяў на ўнутраным рынку. Пры гэтым чыноўнікі могуць стымуляваць банкі набываць гэтыя аблігацыі. Раней нашая краіна таксама размяшчала аблігацыі і на вонкавых рынках. За кошт вонкавых рэсурсаў у тым ліку можна было фінансаваць пэўныя інвестыцыйныя праекты, якія цяпер дзяржава вымушаная рэалізоўваць за кошт павелічэння дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту.  З улікам таго, што ў нас ужо адбыўся тэхнічны дэфолт, прыцягваць рэсурсы на вонкавых рынках зрабілася вельмі складана.

Рэч у тым, што яшчэ 15 ліпеня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» абвясціла дэфолт Беларусі ў еўрааблігацыях: нашая краіна не выканала ўмоваў выплаты, бо прапанавала рублі замест валюты, на якую дамаўляліся.

Hавiны
«Мы вас не пыталі». Як Мінфін Беларусі адрэагаваў на абвяшчэнне дэфолту – і што будзе далей
2022.07.15 21:07

Пры гэтым складанасці растуць і на ўнутраным рынку. Раней, як кажа Настасся Лузгіна, насельніцтва таксама актыўна набывала аблігацыі, бо стаўкі па аблігацыях былі больш выгадныя, чымся па дэпазітах. Увогуле аблігацыі лічацца даволі надзейным інструментам.

«Праўда, цяпер сітуацыя зусім іншая. Паколькі невядома, ці дзяржава раптам не перагледзіць умовы. Дый актуальным стала пытанне, ці ёсць фінансы ў тых жа прадпрыемстваў, банкаў і людзей, каб набыць аблігацыі. Відавочна, што рызыкі апошнім часам істотна выраслі. Плацежаздольнасць нашай краіны і на ўнутраным рынку становіцца таксама ўсё меней надзейная», – падкрэслівае прадстаўніца BEROC.

У якасці выйсця ў фінансаванні нястачы бюджэту дзяржава таксама яшчэ можа зладзіць дадатковую эмісію грошай, кажа Настасся Лузгіна. Вось толькі супраць такой практыкі, якая сітуацыю развяжа толькі часткова, але ў выніку прывядзе да інфляцыі, выступае Нацыянальны банк.

«Калі падсумаваць, то дэфіцыт бюджэту – гэта нармальная з’ява для краіны. Але ён павінен быць прагназаваным і невялікім у аб’ёме, а таксама мусяць быць крыніцы для пакрыцця дэфіцыту. Дзяржава таксама павінная не нарошчваць дэфіцыту, але як мінімум трымаць яго на адным і тым жа ўзроўні або пакрываць яго», – адзначае Настасся Лузгіна.

Таму праблема не ў дэфіцыце бюджэту, падкрэслівае аналітык, а ў тым, як развіваецца эканоміка краіны, што адбываецца з гандлем і гэтак далей. Ва ўмовах, калі нарошчваецца дэфіцыт бюджэту, калі не выплачваюцца сродкі па аблігацыях, праблемы ў дзяржавы павялічваюцца. У наступным жа годзе таксама нам трэба будзе выплочваць па дзяржаўных аблігацыях пазыкі. Як будуць выплачвацца гэтыя 800 млн еўраў у 2023 годзе, не зусім ясна, кажа Настасся Лузгіна. Аналітык падкрэслівае, што цяпер у эканоміцы краіны бачым рост дадатковых рызыкаў. Сітуацыя можа пагоршыцца ў сувязі з шэрагам неспрыяльных умоваў.

Увогуле ў сітуацыі, калі ўзнікае шэраг праблемаў у эканоміцы, дэфіцыт бюджэту можа прывесці і да зменаў у выкананні бюджэту. Чыноўнікі ў выпадку вострай нястачы сродкаў могуць пайсці на скарачэнне выдаткаў, адзначае экспертка. У выніку можа пацярпець сацыяльная сфера, бо будзе бракаваць сродкаў на выплату пенсіяў, стыпендыяў і гэтак далей.

З іншага боку, сродкі, якія чыноўнікі накіруюць на пагашэнне дэфіцыту бюджэту маглі б пайсці на іншыя патрэбы, у тым ліку і на развіццё нейкіх інвестыцыйных праектаў, якія б забяспечылі новыя працоўныя месцы.

Аналітыка
Ці скокне курс беларускага рубля? Разбіраем, ад чаго ён залежыць і ці прывязаны да Расеі
2022.07.27 20:49

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў