Дачка Мікалая Аўтуховіча: Тата заўсёды казаў – калі не я, то хто будзе супрацьстаяць несправядлівасці?


У гарадзенскай турме № 1 працягваецца суд над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі. Паводле следства, ён – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Гэты артыкул можа пагражаць Мікалаю Аўтуховічу смяротным пакараннем.

Мікалай Аўтуховіч. Крыніца: hrodna.life

«Я не ведаю, як растлумачыць, што мы цяпер усе адчуваем»

Палітзняволены трымае сухую галадоўку ўжо 22 дні і схуднеў больш як на 20 кілаграмаў. Так ён пратэстуе супраць абмежавання яго ў ліставанні – апошнім часам яму перасталі перадаваць лісты нават ад 83-гадовай маці.

«Тата моцна схуднеў, змарнеў. Начальнік турмы запэўнівае, што з ім нічога не здарыцца, бо ён увесь час пад кантролем. Апошні ліст ад бабулі – ягонай мамы, яму нядаўна ўсё ж дайшоў», – кажа ў гутарцы з «Белсатам» дачка вязня Кацярына.

Перапіска з бацькам у яе перарвалася сёлета ў лютым.

Аналітыка
Суддзя Вітольда Ашурка і «расстрэльны» артыкул. За што і дзе будуць судзіць «групу Аўтуховіча»
2022.05.17 15:19

«Я пісала ў лістах максімальна пра нейтральныя рэчы, надвор’е і свайго сына. Абмяркоўвалі ягонае самаадчуванне, здароўе. Я дасылала яму здымкі ўнука – ён бачыў яго ўсяго толькі адзін раз ужывую ў студзені 2020 года. Тата праз фота сочыць, як расце ўнук, цікавіцца, як ягоныя справы. Я дасылала яму здымкі прыроды, куды выязджалі мы ці нашыя сваякі, і ён адказваў: «Дай Бог, мы туды яшчэ разам з’ездзім». У апошнім лісце я павіншавала тату з Днём афганца, 15 лютага. Напісала словы падтрымкі, што ён – ваяр у жыцці і ў прынцыпе. Гэтага ліста не прапусцілі», – распавядае Кацярына.

Абноўлена
Мікалай Аўтуховіч на судзе не прызнаў сваёй віны
2022.06.09 13:05

Яна кажа, што ў сваіх лістах родным Мікалай Аўтуховіч як заўсёды піша, што ў яго ўсё добра, на ўмовы і здароўе не скардзіцца.

«Але ў яго ўзрост ужо не той, каб выдатна сябе адчуваць [Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў. – Pэд.]. Ён проста не хацеў нас хваляваць, ён заўсёды так робіць. А пасля мы даведваемся праўду ўжо з судовых паседжанняў, дзе ён каментуе, у якіх умовах ён утрымліваўся, з якімі праблемамі сутыкаўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пікет на падтрыманне Мікалая Аўтуховіча ў Вільні. 31 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Я не ведаю, як можна растлумачыць, што мы цяпер усе адчуваем, як можна гэта ўсё перажыць. Цяжка. Людзі пішуць нам, падтрымліваюць, але… Самай лепшай навіной было б тое, што ён спыніў галадаванне», – кажа Кацярына.

«Пасля суда са штрафной стаянкі з гулам праз горад ехала калона таксі. А мінакі спыняліся і апладзіравалі»

Мікалай родам з Ваўкавыску. Служыў у Афганістане, узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі – «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнесам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, будаваў бізнес грузаперавозак, у 2000-я адкрыў у горадзе сваю службу «Таксі 22222».

«Гэта быў першы ў Ваўкавыску сэрвіс падобнага ўзроўню. Тата заўсёды хацеў, каб ягоны горад квітнеў, каб там былі створаныя максімальна добрыя ўмовы для людзей. Служба таксі стала ягоным сапраўдным дзецішчам: ён сам шукаў і набываў машыны, стварыў праект налепак для таксі: машыны былі абклееныя сімвалам гораду – ваўком. Начамі ў гаражы мацаваў гэтыя налепкі на машыны, а іх было каля дваццаці, калі не больш. Тата заўсёды сачыў, каб ягоныя кіроўцы былі ветлівыя, ахайна адзетыя, каб усё было на ўзроўні, ад А да Я. А пасля ягонае дзецішча знішчылі», – згадвае Кацярына.

Hавiны
«Мы толькі абмяркоўвалі супраціў у выпадку расейскай агрэсіі». Дапыталі сведку ў «справе Аўтуховіча»
2022.06.06 15:35

Праблемы ў Мікалая Аўтуховіча пачаліся пасля таго, як ён абвінаваціў працаўніка падатковай службы ў карупцыі, была распачатая крымінальная справа.

«Тата заўсёды працаваў сумленна і плаціў усе падаткі. У нас, на жаль, такая сістэма, што для таго, каб твой бізнес працаваў, ты мусіш не толькі плаціць падаткі, але і хабар. Тата ж вырашыў, што не будзе гэтага рабіць», – распавядае Кацярына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч падчас размовы з менскімі актывістамі ў студзені 2015 года.
Фота: salidarnasc.org

Пасля гэтага пачаліся маштабныя праверкі ягонага бізнесу нават са спробай арышту і канфіскацыі ўсіх аўтамабіляў таксі. У адказ на гэта Мікалай Аўтуховіч і яшчэ каля 30 чалавек абвесцілі галадоўку пратэсту.

«З татам галадаў увесь калектыў, а таксама супрацоўнікі фірмы грузаперавозак. Тады яны перамаглі: памятаю, як пасля суда са штрафной стаянкі з гулам праз горад ехала калона таксі – вярталася на базу. А мінакі спыняліся і апладзіравалі», – кажа Кацярына.

У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч вылучыўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Пасля гэтага пільная ўвага да яго з боку ўладаў шматкроць узрасла.

«Яго пасля гэтага моцна прэсавалі. Я ведаю, што за яго прагаласавала большасць гараджанаў. Яму пазней перадавалі, што бюлетэні за яго палілі ў двары школы, дзе быў участак. Калі яму на наступны дзень паведамілі, што ён не прайшоў, тата вельмі засмуціўся, бо ўклаў ва ўсё гэта шмат высілкаў. Адзіным чалавекам, які тады радаваўся, была я, бо думала, што цяпер ён будзе дома, а не ў Менску ці дзесьці яшчэ», – кажа Кацярына.

«Тату казалі: вось у цябе дачка ў школу ходзіць, не выпендрывайся, а то яна можа са школы і не вярнуцца»

Упершыню Мікалая Аўтуховіча ўзялі пад варту ў сярэдзіне 2005 года. На знак пратэсту прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кілаграмаў вагі. Ён адмаўляўся ад медычнай дапамогі, дактары ацэньвалі ягоны стан як цяжкі.

«Я тады была ў класе восьмым, і быў вельмі моцны прэс: хацелі завесці крымінальную справу яшчэ і на маю маму. Ёй прышлося бегчы, хавацца. Мне было 16 гадоў, я жыла адна, у розных знаёмых. Аднойчы падчас заняткаў у школе мяне выклікалі ў кабінет дырэктара. У прысутнасці сацыяльнага педагога мяне дапытваў супрацоўнік ДФР з Горадні Мікалай Аліхвер. Пытаў пра бацьку, маму. Гэта быў вялізны стрэс для мяне. Пазней я даведалася, што тату казалі: вось у цябе дачка ў школу ходзіць, не выпендрывайся, а то яна можа са школы і не вярнуцца. Пасля допыту дырэктар школы паклікаў мяне ўбок і паціснуў руку, сказаў, што я маладзец, добра трымалася. Настаўнікі ў школе ведалі ўсё, і заўсёды казалі мне словы падтрымання, шкадавалі, што з татам такая сітуацыя. Класная кіраўнічка часам плакала», – згадвае Кацярына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падсудныя ў клетках на працэсе ў «справе Аўтуховіча». Крыніца: viasna96 / Telegram

У той час яна хадзіла ў гарадскі дом культуры, дзе пяць гадоў займалася танцамі ў ансамблі эстраднага танцу.

«Калі пачалася гісторыя з татам, я перастала туды хадзіць, у мяне проста не было сілаў і часу. Аднойчы я зайшла аддаць касцюмы, і мой харэограф, вядомы ў горадзе педагог, распавёў, што да яго прыходзілі з выканкаму і сказалі, што я не павінна ў яго вучыцца. А ён адказаў: нічога падобнага, калі яна захоча, яна будзе да яго хадзіць і займацца танцамі», – распавядае Кацярына.

За вызваленне Мікалая Аўтуховіча з-пад варты сябры сабралі сярод жыхароў Ваўкавыску каля тысячы подпісаў, якія накіравалі ў прэзідэнцкую адміністрацыю.

«Тата быў і застаецца паважанай асобай у Ваўкавыску. Мне і цяпер пішуць людзі з гораду, тыя, хто там раней жыў, што памятаюць яго, вельмі яго паважаюць, што гэта чалавек-глыба з прынцыпамі. Яго ў горадзе ведалі ўсе, бо калі камусьці была патрэбная дапамога – ён дапамагаў і парадаю, і фінансава, у самых розных пытаннях. Падтрымліваў дзіцячыя дамы, але, вядома, пра такое не крычаць. Таксама падтрымліваў спартовыя секцыі – дапамагаў з набыццём формы, арганізоўваў транспарт, каб дзеці маглі ездзіць на спаборніцтвы ў іншыя гарады і краіны. Мне здаецца, што нават мясцовыя ўлады яго паважалі як чалавека», – кажа Кацярына.

Урэшце Мікалаю змянілі захаду стрымання на хатні арышт, ён выходзіў з галадоўкі ў раённым шпіталі.

«Я цяжка тады перажывала ягонае галадаванне. Я добра памятаю дзень, калі мне пазванілі і сказалі, што тату вязуць з турмы ў шпіталь. Я разам са знаёмымі паехала яго сустракаць да шпіталю. Усю дарогу ў мяне трымцелі рукі, ногі. Тата сядзеў на лавачцы, вельмі моцна схуднелы, увесь аброслы, з барадою, хоць раней яе не насіў. Я кажу яму: вітаю. А ён просіць: падыдзі бліжэй, я не магу гучна гаварыць», – узгадвае Кацярына.

Мікалая суправаджалі міліцыянты. У палату яго завялі пад рукі, бо ісці сам ён не мог.

«Доктар пазней на калідоры распісвала для мяне, як яго правільна выводзіць з галадавання, каб не нашкодзіць, якія прапорцыі соку і вады мусяць быць. Мы з ім жылі ў тым шпіталі некалькі дзён пад наглядам дактароў. І заўсёды каля ягонай палаты дзяжурыў міліцыянт», – кажа Кацярына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення з гарадзенскай турмы ў красавіку 2014 года.
Фота: svaboda.org

Сядзець пад хатнім арыштам Мікалай не збіраўся. У лісце да генеральнага пракурора ён напісаў, што лічыць сваю справу палітычнай, а абвінавачанні – несправядлівымі. Прадпрымальніка абвесцілі ў вышук, і яго затрымалі ў Менску. У 2006 годзе Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў, сканфіскавалі 13 таксовак – палову ад усіх, кватэру і два склады. Да спагнання таксама прызначылі вялікую суму грошай. Праваабаронцы назвалі гэты пераслед палітычна матываваным і прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязнем. Ён выйшаў на волю датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Еўразвязу.

«Пасля вызвалення я пытала ў таты: навошта ўсё гэта, можна было б проста з’ехаць у іншую краіну і спакойна жыць. Але ён, як сапраўдны мужчына, барацьбіт за справядлівасць, чалавек са стрыжнем, казаў заўсёды: вы за мяне не перажывайце, але я не магу па-іншаму, у мяне такі лёс, я павінен, калі не я, то хто будзе супрацьстаяць несправядлівасці. Можа, калі іншыя на мяне паглядзяць, то таксама пачнуць супраціўляцца, і штосьці зменіцца ў нашай краіне», – кажа Кацярына.

Гісторыі
Чалавека без нагі, без мыліцаў, з рукамі ў кайданках прымусілі ісці з камеры. Гісторыя Уладзіміра Гундара
2021.12.17 10:25

Пасля вызвалення Мікалай Аўтуховіч стаў адным з арганізатараў руху ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы Айчыны». У аргкамітэт увайшлі вядомы праваабаронца Алег Волчак і старшыня грамадскага аб’яднання інвалідаў афганскай вайны Аляксандр Камароўскі. У 2009 годзе ўсе трое адмовіліся атрымліваць медалі ў сувязі з 20-годдзем вываду войскаў з Афганістану, назваўшы амаральным атрыманне такіх узнагародаў пасля адмены льготаў ветэранам баявых дзеянняў у гэтай краіне.

«Для таты было важна абараняць правы тых, хто ваяваў у Афганістане. Тыя, хто застаўся жывы і вярнуўся, вельмі падтрымліваюць адно аднаго», – адзначае Кацярына.

«Ён казаў: я магу з’ехаць з краіны, але я не хачу, я абраў такі шлях»

У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча арыштавалі другі раз. Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасці, затым – у рыхтаванні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму і намесніка міністра падаткаў і збораў. Але гэтыя абвінавачанні не былі даказаныя.

«Яму яшчэ інкрымінавалі замах на тэрарыстычны акт: калі на Дзень Незалежнасці ў Менску адбыўся выбух, яму хацелі гэта прыпісаць. Але справа не клеілася, а гісторыю раздзьмулі, то ў выніку знайшлі ў яго машыне пяць паляўнічых патронаў», – кажа Кацярына.

У следчым ізалятары № 1 у Менску Мікалай Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку пратэсту. У 2010 годзе яму прысудзілі пяць гадоў турмы строгага рэжыму «за незаконнае захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і назваў прысуд помстай за ягоную барацьбу з карупцыянерамі. У турме Мікалаю двойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак ён адмовіўся. Вызвалілі Мікалая Аўтуховіча пасля сканчэння тэрміну 8 красавіка 2014 года. Агулам за два зняволенні ён адбыў рэкордны для беларускіх палітвязняў тэрмін – 7 гадоў і 5 месяцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч у кватэры свайго сябра Вадзіма Цярлецкага пасля выхаду на волю з гарадзенскай турмы ў красавіку 2014 года.
Фота: svaboda.org

«Пасля ягонага другога вызвалення мы зноўку размаўлялі пра тое, што мо варта з’ехаць. Ён адказваў: я магу, але я не хачу, я абраў такі шлях. Яго тады папярэдзілі – ты выходзіш, але ты не да канца вольны, мы ўсё роўна будзем за табой сачыць. Таму ты ці з’язджаеш з краіны, ці мы будзем цябе ціснуць да канца. Тата пайшоў на прынцып. З моманту, як ён выйшаў, за нашым домам сачылі, і тата там практычна не жыў», – прыгадвае Кацярына.

Мікалай Аўтуховіч уключыўся ў праваабарончую дзейнасць: займаўся стварэннем агульнабеларускага прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Салідарнасць», пры ягоным актыўным удзеле ў Беларусі ў канцы 2016 года была зарэгістраваная арганізацыя «ТаймАкт». «ТаймАкт» займаўся юрыдычнай дапамогай асуджаным і тым, хто выйшаў на волю. Мікалай Аўтуховіч выступаў там кансультантам.

Аднак яго працягвалі кантраляваць, прадпрымальніку не давалі магчымасці працаваць і ўладкаваць жыццё. У 2018 годзе Мікалай пачаў хавацца, ён нікому не раскрываў месца свайго знаходжання. Тлумачыў гэта тым, што ўлады рыхтуюць правакацыі супраць яго. У траўні 2019 года Мікалай Аўтуховіч у Фэйсбуку размясціў зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім заклікаў таго цягам месяца прызнаць свае памылкі і пакінуць пасаду.

«Тату абвінавачваюць у тым, што ён стварыў тэрарыстычную групоўку з пенсіянераў і інвалідаў»

Па беларускім тэлебачанні паказалі сюжэт, у якім распавядалася пра затрыманне «тэрарыстаў»: нібыта Мікалай Аўтуховіч кіраваў групай, якая падпаліла недабудаваны дом і машыну міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падарвала аўтамабіль супрацоўніка міліцыі ў Горадні. Падчас гэтых інцыдэнтаў ніхто не пацярпеў. Разам з Мікалаем Аўтуховічам затрымалі яшчэ некалькіх чалавек, сярод іх праваслаўны святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў і сын. Мікалай часта гасцяваў у гэтай сям’і ў Берасці. Абвінавачанне сцвярджае, што пры ператрусе ў іхным доме, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

25 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што затрыманая «група Мікалая Аўтуховіча» рыхтавала тэракты па ўсёй краіне і завозіла «тонамі зброю праз Украіну». У гэты ж дзень спікер Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што «Украіна катэгарычна адхіляе чарговыя інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі» і што мантра пра «зброю з Украіны» дакладна ўпісваецца ў ягоную палітыку запалохвання беларускага народу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мікалай Аўтуховіч падчас размовы з менскімі актывістамі ў студзені 2015 года.
Фота: salidarnasc.org

Суд пачаўся 18 траўня і праходзіць у Гарадзенскай турме, таму на яго пускаюць толькі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. У абвінавачанні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальванне варожасці», 361 «Заклікі да дзеянняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі».

У справе акрамя Мікалая праходзяць яшчэ 11 чалавек, сярод якіх 60-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімір Гундар (у мінулым таксама прайшоў вайну ў Афганістане, інвалід, не мае нагі. Ужо асуджаны на 3 гады зняволення за «гвалт у дачыненні службовай асобы»), былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава (яе абвінавачваюць у вядзенні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч), пенсіянерка з аграгарадку Абухава ў Гарадзенскім раёне Галіна Дзербыш (мае анкалагічны дыягназ і праблемы з сэрцам. Яна нібыта давала Аўтуховічу сваю машыну для «разведкі мясцовасці»), яшчэ адна пенсіянерка Ірына Мельхер і ейны сын Антон з Берасця і іншыя.

«Можа, тата надаваў мне не столькі часу, колькі б хацелася, ён заўсёды шмат працаваў. Але я татава дачка. Мы адзін аднаго разумеем з паўслова. Калі ён ездзіў у камандзіроўкі ў Нямеччыну, прывозіў з сабой вялікія сумкі з нямецкімі слодычамі, адзеннем. Яго і прасіць не трэба было, ён заўсёды нешта прывозіў для мяне», – згадвае Кацярына.

Мікалай Аўтуховіч у 2017 годзе.
Фота: svaboda.org

На ейную думку, гэтая справа – працяг сістэматычнай помсты ўладаў.

«Цяпер тату абвінавачваюць у тым, што ён стварыў тэрарыстычную групоўку з пенсіянераў і інвалідаў, якія хацелі звергнуць уладу. У мяне бракуе словаў ад абсурднасці. Дык яны яшчэ прыдумалі, што тата хацеў узрываць грамадскі транспарт у Менску і такім чынам забіваць мірных жыхароў. Тата ніколі, проста ніколі ў прынцыпе не змог бы такога зрабіць. Гэта страшны паклёп. Тата сумленны моцны чалавек, які мае годнасць», – падсумавала Кацярына.

Саша Гоман, belsat.eu

Стужка навінаў