«Загадалі выдаліць відэа, калі хачу застацца ў спорце». Бягуння Ціманоўская баіцца трапіць у турму


Бягуння Крысціна Ціманоўская дала інтэрв’ю парталу Tribuna.by з паліцэйскага ўчастку ў Токіа. Прыводзім галоўныя моманты гутаркі.

Прыбяруць са зборнай, пазбавяць працы, магчыма, будуць яшчэ нейкія наступствы

Хоць і не медалямі і спартовымі перамогамі, але ж алімпійская зборная Беларусі змагла прыцягнуць да сябе ўвагу падчас Алімпіяды ў Токіа – скандалам са спробай гвалтоўнага вяртання бягунні Крысціны Ціманоўскай у Беларусь, піша «Трыбуна».

Цяпер спартоўка не хоча вяртацца ў Беларусь і баіцца трапіць у турму.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

– Раскажыце, хто і калі загадаў вам пакінуць Токіа?

– Учора, 31 ліпеня, да мяне прыйшоў галоўны трэнер нацынальнай каманды Юры Маісевіч. Ён прапанаваў мне адмовіцца ад удзелу ў бегу на 200 метраў, сказаць, што ў мяне траўма, зняцца і вярнуцца дамоў. Ён сказаў, што мяне трэба прыбраць з Алімпіяды, што на дадзены момант мяне хочуць прыбраць толькі з Алімпіяды, але калі я адмоўлюся і выйду на дыстанцыю 200 метраў, то мяне прыбяруць са зборнай, пазбавяць працы і, магчыма, будуць яшчэ нейкія наступствы. Мы з трэнерам яшчэ доўга размаўлялі і ўсё ж такі прыйшлі да рашэння, што я пабягу, але не буду даваць ніякіх каментароў – маўляў, усё пройдзе спакойна, прабягу 200 метраў і вярнуся дамоў. Але сёння, 1 жніўня, пасля абеду да мяне ў пакой прыйшоў Артур Шумак, прадстаўнік нашай нацкаманды, і Маісевіч, і яны мне сказалі, што літаральна праз пару гадзін я павінна быць у аэрапорце. Мне трэба хутка збіраць рэчы і выязджаць.

Прыйшоў псіхолаг, які спрабаваў са мной размаўляць. Не памятаю ягонае прозвішча, таму што я не асабліва старалася яго слухаць. Ён мне казаў нейкую бздуру – кшталту, ён працаваў з забойцамі, у «Навінках», шмат чаго пабачыў. Не зразумела, навошта мне гэта. Старалася яго не слухаць. Потым ён спрабаваў паставіць сябе на маё месца, а мяне – на ягонае. Сядаў і рабіў выгляд, што ён – гэта я. І ён граў ролю, нібы я сяджу ў кабінеце міністра спорту і кажу: «Так, я вінавата, сама ініцыявала гэтую сустрэчу». Навошта ён гэта рабіў, я ўвогуле не зразумела.

Пасля гэтага ў пакой зноў зайшоў Шумак і сказаў, што ў мяне 40 хвілін, каб сабрацца. Я пачала складваць рэчы, да мяне кожныя 10 хвілін падыходзілі і правяралі, ці хутка я збяруся. Я збірала рэчы паўтары гадзіны, старалася максімальна зацягнуць час. Перапісвалася з мужам, з роднымі, мы думалі, што рабіць, куды звяртацца. Прынялі рашэнне, што я прыеду ў аэрапорт, а там пайду ў паліцыю. Так і зрабіла ў выніку.

Крысціна Ціманоўская.
Фота: ВВС

Мяне трэба прыбраць, бо я перашкаджаю камандзе

– Ці праўда, што вас суправаджалі людзі спартыўнага целаскладу?

– Са мной былі два чалавекі: псіхолаг і прадстаўнік НАК (начальнік аддзелу міжнародных зносінаў НАК Васіль Юрчык -Tribuna.com). Гэтыя людзі ўзялі мае валізкі, пайшлі на паркоўку, паклалі рэчы ў машыну. Я таксама села – і мы паехалі ў аэрапорт.

– Што там зрабілі ў першую чаргу?

– Мы спачатку доўга не маглі знайсці наш тэрмінал. Калі знайшлі, накіраваліся да стойкі рэгістрацыі. Там было шмат людзей з беларускай каманд, дэлегацыі. Я запыталася ў людзей, якія мне дапамагаюць, што рабіць. Яны сказалі, што калі побач ёсць паліцыя, то трэба звяртацца да яе, тады можна не паспець сесці на рэйс. Я так зразумела, што тыя, хто мяне суправаджаў, планавалі стаяць са мной да канца, пакуль я не атрымаю квіток і не пайду на пасадку. Я адразу падышла да паліцыі, і далей пачаліся высвятленні.

– Вам увогуле сказалі, чаму вы павінны пакінуць Токіа?

– Не. Як мне сказаў Маісевіч, гэтае пытанне ўжо не на ўзроўні федэрацыі лёгкай атлетыкі, не на ўзроўні міністэрства спорту, а ўзроўнем вышэй. Што мяне трэба ліквідаваць з Алімпіяды, вярнуць дамоў, таму што я перашкаджаю камандзе выступаць. Мяне трэба прыбраць, каб усе супакоіліся і спаборнічалі далей. І гэта нягледзячы нават на тое, што заўтра я павінна была бегчы 200 метраў. Маісевіч казаў яшчэ пра эстафеты – маўляў, калі дзве дзяўчыны не змаглі прыляцець, чаму тыя, хто застаўся, не могуць прыляцець з-за таго, што я не хачу бегчы, трэба даць гэтым дзеўчынам шанец прабегчы. І гэта пры тым, што мае шанцы выступіць на 200 метраў трэнеры забіраюць.

Артыкулы
З Токіа спрабуюць гвалтам вывезці бягунню, якая крытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай
2021.08.01 14:52

Баюся трапіць у турму

– НАК паведаміў, што зняцце з Алімпіяды звязанае з вашым псіхалагічным станам.

– Ніякія лекары да мяне не прыходзілі, ніхто мяне не абследаваў. У мяне добры псіхалагічны стан, нават нягледзячы на тое, што здарылася такая сітуацыя. Я нармальна трымаюся, у мяне няма ніякіх праблемаў са здароўем, няма траўмаў, няма пытанняў з псіхікай. Я была гатовая бегчы.

– Некалькі дзён таму вы ў Instagram выклалі відэа, дзе выказаліся наконт таго, што вас вырашылі заявіць на эстафету. Гэтыя відэа былі выкліканы эмоцыямі ці вы запісвалі іх свядома?

– Гэта было часткова зроблена на эмоцыях, але не буду адмаўляцца ад сваіх словаў. Так, я абурана! Мы ўсё ж такі прыехалі на Алімпійскія гульні, і заяўляць нас на дыстанцыю, на якой мы ніколі ў жыцці не выступалі – гэта супярэчыць усім правілам. Гэта поўная непавага да спартоўцаў, да працы, якую мы рабілі ўсе гэтыя гады, рыхтаваліся да сваіх дыстанцыяў. А тут адбываецца поўны хаос.

– Чаму выдалілі гэтыя відэа?

– Мне пачалі тэлефанаваць з пагрозамі і казаць, каб я выдаліла відэа, калі хачу быць далей у спорце. Спачатку я доўга адмаўлялася выдаляць, але потым зрабіла гэта, каб мне перасталі тэлефанаваць.

– А хто тэлефанаваў?

– Старэйшы трэнер па спрынце Яўгенія Валадзько тэлефанавала нават з Менску, яшчэ нехта. Валадзько казала, што яе выклікалі ў Міністэрства.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская.
Фота: LUCY NICHOLSON / Reuters / Forum

– Вы сказалі, што баіцеся ляцець у Беларусь. Чаму?

– Таму што я баюся, што ў Беларусі мяне, магчыма, могуць пасадзіць у турму. Я не баюся таго, што мяне звольняць ці выганяць з нацкаманды. Я непакоюся пра сваю бяспеку. І думаю, што на дадзены момант у Беларусі мне быць небяспечна.

– А за што вас могуць пасадзіць, вы ж не парушалі закон?

– У тым і справа, што я нічога не зрабіла, але пры гэтым мяне пазбавілі права ўдзельнічаць у бегу на 200 метраў і захацелі адправіць дамоў. Таму я нават не ведаю, што вам адказаць.

– Вы хочаце атрымаць палітычны прытулак у Аўстрыі?

– Пакуль мы думаем, куды звярнуцца. Думаю, у бліжэйшую ноч над гэтым прыйдзецца падумаць. І ўжо заўтра прымем нейкае рашэнне.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў