З Токіа спрабуюць гвалтам вывезці бягунню, якая крытыкавала кіраўніцтва беларускай зборнай


Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская на Алімпійскіх гульнях у Токіа падчас забегу сярод жанчын на 100 метраў.
Фота: ALEKSANDRA SZMIGIEL / Reuters / Forum

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай каманды на Алімпійскіх гульнях у Токіа дэпартуюць лёгкаатлетку Крысціну Ціманоўскую. Пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартовай салідарнасці.

Паводле фонду, атлетцы тэрмінова купілі білет на самалёт і павезлі з рэчамі ў аэрапорт. Заўтра ў яе павінен быў адбыцца старт на 200 метраў, прадстаўнікі зборнай яе не дапускаюць і адпраўляюць у Менск.

Па словах Крысціны Ціманоўскай, ніякіх прэтэнзіяў за крытыку чыноўнікаў да яе прадстаўнікі беларускай дэлегацыі не агучвалі. Ёй проста загадалі збіраць рэчы

«Ніякіх прэтэнзіяў [агучана не было]. Мне проста сказалі збіраць рэчы і ляцець дамоў», – распавяла Ціманоўская «Еўрарадыё» пра тое, што адбываецца.

Зараз Крысціна Ціманоўская ўжо ў аэрапорце каля Gate 113, ейны рэйс – TK 0199. Рэйс вылятае праз тры гадзіны – 22:50 паводле японскага часу з аэрапорту Ханэда.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці просіць дыяспару дапамагчы спартоўцы.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская.
Фота: LUCY NICHOLSON / Reuters / Forum

Асабісты загад Лукашэнкі?

Са зваротам да беларускай дыяспары Японіі ды да ўсіх сусветных медыяў, якія асвятляюць Алімпіяду ў Токіа, выступіў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

«Асабіста на загад Лукашэнкі прынятае рашэнне яе эвакуяваць, вывезці за межы Токіа і вярнуць у Беларусь. Яе будуць суправаджаць тры чалавекі спартовага целаскладу. Вельмі важна аказаць нашай беларусцы дапамогу, якая проста выказала сваю пазіцыю, сваё меркаванне», – заявіў ён.

У 14:06 Фонд паведаміў, што з Крысцінай у аэрапорце працуюць паліцыя і валанцёры. У размове з «Еўрарадыё» яна заявіла, што баіцца ляцець у Беларусь. Паводле Ціманоўскай, у аэрапорт яе суправаджалі «адзін псіхолаг, іншы з НАКа хтосьці».

У 15.20 інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла, што адміністрацыя такійскага міжнароднага аэрапорту Ханэда не валодае інфармацыяй пра месцазнаходжанне Крысціны Ціманоўскай.

НАУ падключае дыпламатычныя службы шэрагу краінаў ЕЗ для прадстаўлення міжнароднай абароны Крысціне Ціманоўскай. У прыватнасці, каманда НАУ на дадзены момант знаходзіцца ў кантакце з кіраўніцтвам МЗС Польшчы і звязалася з МЗС Аўстрыі для спрыяння атрымання Крысцінай міжнароднай абароны.

У 15.30, паводле звестак, вядомых НАУ, Ціманоўская знаходзіцца пад аховай японскай паліцыі. У аэрапорце знаходзяцца прадстаўнікі НАК Беларусі, якія спрабуюць вярнуць бягунню ў Алімпійскую вёску.

Як паведаміла агенцтва ТАСС у 16.01 са спасылкай на Turkish Airlines, Ціманоўская не праходзіла рэгістрацыю на рэйс Токіа-Стамбул у аэрапорце Ханэда.

У 18.58 ТАСС паведаміла, што Крысціну Ціманоўскую перавозяць у бяспечнае месца, яна будзе падаваць прашэнне аб прытулку.

Будзе прасіць прытулак

Беларускі фонд спартовай салідарнасці ўжо звярнуўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт з нагоды сітуацыі, якая цяпер складваецца вакол Крысціны Ціманоўскай. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў выканаўчы дырэктар BSSF Аляксандр Апейкін.

Крысціна Ціманоўская заявіла, што плануе прасіць прытулак у Еўропе.

Звярнулася да Міжнароднага алімпійскага камітэту

Крысціна Ціманоўская звярнулася да Міжнароднага алімпійскага камітэту з просьбаю ўмяшацца ў сітуацыю. Спартоўка пацвярджае, што яе спрабавалі вывезці з Японіі без ейнай згоды.

Што кажуць афіцыйна

НАК Беларусі апублікаваў афіцыйную заяву аб спыненні ўдзелу на Гульнях у Токіа Крысціны Ціманоўскай.

«Па словах лекараў, у сувязі з эмацыйна-псіхалагічным станам беларускай лёгкаатлеткі Крысціны Ціманоўскай, трэнерскім штабам нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы прынятае рашэнне аб спыненні выступу спартсменкі на Гульнях XXXII Алімпіяды. Такім чынам, адкліканая заяўка спартсменкі на ўдзел у кваліфікацыйных забегах на 200 м і ў эстафеце 4х400 м», – гаворыцца ў заяве.

Ціманоўская сцвярджае, што гэта хлусня, бо яе ўвогуле не аглядалі дактары, піша «Еўрарадыё».

Міжнародны Алімпійскі камітэт цяпер вывучае сітуацыю з Крысцінай Ціманоўскай.

Да Крысціны Ціманоўскай выехалі прадстаўнікі японскага МЗС – пра гэта ў 16.30 паведаміў Фонд спартыўнай салідарнасці.

Паводле НАУ, амбасада Польшчы ў Токіа гатова ад сённяшняга дня аказаць прававую і консульскую дапамогу Ціманоўскай. МЗС Польшчы дала адпаведнае даручэнне Консулу Польшчы ў Токіа, з якім ужо звязваецца беларуская дыяспара ў Японіі.

ТАСС паведамляе, што да аддзялення паліцыі, дзе імаверна знаходзіцца Крысціна Ціманоўская, падышла жанчына і прадставілася ўраджэнкай Беларусі. Яна сказала, што гатовая ў выпадку неабходнасці прыняць у сябе бягунню.

«Я даведалася пра навіны з Telegram-каналаў і адразу прыехала. Яна ж зусім адна, раптам ёй спатрэбіцца дапамога», – сказала беларуска, якая назвалася Наталляй.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў аэрапорце Токіа, 1 жніўня 2021 г.
Фота: ISSEI KATO / Reuters / Forum

Што казала Крысціна

Крысціна Ціманоўская ў сваім Instagram (зараз публікацыя выдаленая) паведаміла, што яе абавязалі бегчы ў эстафеце 4х400. Якая абурылася, бо першапачаткова павінна была выступаць толькі на дыстанцыі 100 і 200 метраў.

«Аказваецца, я толькі што даведалася навіну аб тым, што я буду бегчы на гэтай Алімпіядзе яшчэ і трэці від – эстафету 4 па 400 метраў. Аказваецца, што наша «вельмі крутое начальства» вырашыла ўсе, як звычайна, за нас, – заявіла яна. – Яны накасячылі з дзяўчынкамі, у якіх не хапае дастаткова тэстаў, каб прыляцець на іх першую ў жыцці Алімпіяду – і яны вырашылі зрабіць ход канём і запусціць мяне ў эстафету. Клас, хлопцы! Малайцы!»

Гаворка ідзе пра беларускіх легкаатлетак Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысціну Мулярчык, якім забаранілі выступаць на Гульнях, бо ў іх недастатковая колькасць допінг-пробаў. Крысціна і Ганна – спрынтаркі, якія ўваходзілі ў эстафетную каманду.

«Калі вы накасячылі з дзяўчынкамі, з іх допінг-тэстамі, з іх спробамі – пляваць, з чым заўгодна, – чаму я павінна расхлёбваць гэтыя праблемы? […] Гэта Алімпійскія гульні, гэта не прыкол, – абурылася Ціманоўская. […] Вы аднялі мару ў дзяўчынак, якія рыхтаваліся да гэтага. Хто панясе пакаранне? Гэта беззаконне».

Выдаліўшы першапачатковую публікацыю, Крысціна Ціманоўская патлумачыла сваю рэакцыю.

«Я б ніколі ў жыцці не стала так рэзка рэагаваць, калі б загадзя да мяне падышлі, патлумачылі ўсю сітуацыю і даведаліся ці магу я прабегчы 400 м і ці гатовая я? Але ўсё вырашылі зрабіць за маёй спінай, пры тым, што я спрабавала даведацца гэтую інфармацыю, але атрымала толькі ігнор», – распавяла спартсменка ў Instagram.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў