Сёння б споўнілася 32 гады Раману Бандарэнку


Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: ВВ / Белсат

Сёння магло б споўніцца 32 гады жыхару плошчы Пераменаў Раману Бандарэнку, які быў да смерці збіты 11 лістапада 2020 года і забойцаў якога дагэтуль не знайшлі.

У памяць пра яго стрыечная сястра забітага Вольга Кучарэнка апублікавала відэа з 30-гадовага юбілею Рамана.

Раман Бандарэнка 11 лістапада 2020 года ў Менску на плошчы Пераменаў быў збіты і затрыманы «людзьмі ў цывільным», якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі ў двары; дастаўлены ў РУУС, затым у непрытомным стане ў лякарню з ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і гематомамі. 12 лістапада памёр, нягледзячы на праведзеную аперацыю.

Што вядома цяпер

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Канфлікт «людзей у цывільным» з жыхарамі плошчы Пераменаў (двор у Менску на скрыжаванні вуліцаў Чарвякова, Кахоўскай і Сморгаўскага тракту) добра задакументаваны, момант затрымання Рамана Бандарэнкі зняты з некалькіх ракурсаў. Неафіцыйна названыя і меркаваныя нападнікі. Аднак крымінальную справу распачалі толькі праз тры месяцы і паводле артыкулу аб «наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, якое праз неасцярожнасць пацягнула смерць». З 18 лютага, калі прадстаўнік Генпракуратуры паведаміў сваякам аб пачатку справы, навінаў пра расследаванне не было.

Ініцыятыва былых сілавікоў ByPol правяла ўласную дэтальную праверку і 27 студеня назвала меркаваных нападнікаў, у ліку якіх байцы АМАП і СОБР, старшыня Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў, тайбаксёр Дзмітрый Шакута. Сярод фігурантаў ёсць і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Удзельнікаў канфлікту апазналі па фота і відэа, а затым пацвердзілі здагадкі праз білінг мабільных тэлефонаў і ўцечкі запісаў тэлефанаванняў.

Першапачаткова сілавікі і Лукашэнка апраўдвалі забойства тым, што Бандарэнка быў п’яны. Аднак медыкі выявілі ў яго крыві нуль праміле алкаголю. За тое, што дакументы пра «нуль праміле» былі апублікаваная ў прэсе, лекара Арцёма Сарокіна асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год і забавязалі выплаціць 1450 рублёў (да выраку ён правёў тры з паловай месяцы за кратамі), а журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч – на 6 месяцаў калоніі ды штраф 2900 рублёў. Нават цяпер пракуратура працягвае настойваць, што Бандарэнка нібыта быў п’яны.

Забойства Бандарэнкі выклікала новую хвалю пратэстаў. Акцыя 15 лістапада была жорстка разагнаная. За трансляцыю гэтай акцыі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму – яны нібыта кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак».

У час акцыі пратэсту затрымалі і моцна збілі архітэктара Вадзіма Дзмітранка. Яго таксама абвінавацілі ў «арганізацыі» і прысудзілі яму 3 гады «хіміі». На столькі ж і паводле таго ж абвінавачання асудзілі актывістку «Краіны для жыцця» Вольгу Паўлаву, якая прыйшла на акцыю, каб паставіць зніч, але трапіла пад «хапун».

Апошнія словы, якія Раман Бандарэнка перад смерцю напісаў у дваровы чат, былі такія: «Я выхожу». Гэтая фраза сталася адным з лозунгаў беларускіх пратэстаў.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

МГ belsat.eu

Стужка навінаў