Айцішнікі з’язджаюць, за імі паехаў стартап-хаб «Imaguru». Што будзе далей з беларускім IT?


Магчыма, з Беларусі з’ехалі ўжо не тысячы, а дзясяткі тысячаў IT-спецыялістаў. З’ехаў і самы вядомы стартап-хаб «Imaguru» – ён дапамагаў маладым кампаніям з новымі ідэямі здабыць веды і інвестыцыі.

Стартап-хаб «Імагуру» з’язджае з Беларусі. 20 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Яшчэ да «зачысткі» няўрадавых арганізацыяў, у красавіку 2021 года беларускія ўлады закрылі галоўны стартап-хаб краіны – «Imaguru». Холдынг «Гарызонт» скасаваў дамову арэнды ў аднабаковым парадку без тлумачэння прычынаў, са спасылкаю на вышэйшы загад. У канцы красавіка вялікую канферэнцыю пра венчурныя інвестыцыі правялі онлайн – і там ужо казалі, што пакаленне вальнадумных вынаходнікаў стварае «пагрозу рэжыму».

Hавiны
Навошта айцішніку бел-чырвона-белы сцяг. Стартап-канферэнцыю правялі ў статусе «пагрозы рэжыму»
2021.04.30 12:47
Даведка
Стартап – маладая кампанія, якая толькі стартавала. Слова звычайна ўжываюць для кампаніяў, звязаных з высокімі тэхналогіямі, што ствараюць новыя прадукты ці паслугі без вялікага стартавага капіталу і без гарантыі поспеху. Стартапамі калісьці былі і «Apple», і «EPAM Systems». Каля 90 % стартапаў канчаюцца правалам.

На пачатку ліпеня «Imaguru» адкрыў штаб-кватэру ў Мадрыдзе – сталіцы Іспаніі, што на іншым краі Еўропы ад Беларусі. Хаб у канцы чэрвеня стаў партнёрам праграмы «Google for startups» – карпарацыя «Google» цяпер можа даць беларускім стартапам доступ да сваёй сеткі ментараў і тэхналогіяў.

Што цяпер будзе са стартапамі, беларускімі айцішнікамі за мяжой і на радзіме, «Белсату» расказала Таццяна Марыніч, сузаснавальніца і дырэктарка (CEO) стартап-хабу «Imaguru».

Як там Мадрыд і нашто ён беларусам

Пра цяперашнюю сітуацыю суразмоўца «Белсату» кажа як пра «складаны перыяд трансфармацыі»: вымушаныя былі перавозіць каманду з Беларусі, цяпер працаўнікі знаходзяцца ў розных краінах Еўропы (частка каманды ў Вільні, частка ў Кіеве, частка ў Мадрыдзе). Мадрыдскі офіс – толькі першы.

Новая штаб-кватэра стартап-хабу «Imaguru». Мадрыд, Іспанія. Ліпень 2021 года.
Фота: Таццяна Марыніч

«Задача на сёння – адкрыць офісы ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах, перадусім у краінах нашага рэгіёну, суседніх з Беларуссю, – расказвае Марыніч. – Але наогул, «Imaguru» можа стаць такім пан’еўрапейскім гульцом».

Закрыццё офісу ў Менску было нечаканым. Пасля гэтага каманда дамовілася працаваць онлайн, але праз некалькі месяцаў пабачыла патрэбу і магчымасць працаваць офлайн, персанальна з людзьмі, якія пераехалі, таму «Imaguru» вырашыў «быць там, дзе цяпер нашыя стартапы».

«Imaguru» нядаўна падпісаў партнёрскае пагадненне з карпарацыяй «Google». Гэта, кажа Марыніч, «дае крэдыт на ўсю Еўропу» – магчымасць працаваць са стартапамі незалежна ад краіны знаходжання, і не толькі з кампаніямі беларускага паходжання.

Навошта тады ўсё яшчэ звязвацца з Беларуссю

Цяпер праца з беларускімі кампаніямі, якія фізічна засталіся ў Беларусі, ідзе няпроста, «не без адміністратыўнай цяганіны», расказвае Марыніч. «Imaguru» працягвае працаваць з беларускай IT-экасістэмай, ладзіць праекты, скіраваныя на яе. Але з улікам таго, што «беларуская экасістэма – гэта не абавязкова тэрыторыя, гэта людзі, стартапы і інвестары, якія вымушана знаходзяцца там, дзе знаходзяцца».

Таццяна Марыніч.
Фота: imaguru.by

«Нашая задача – максімальна захаваць гэтую экасістэму, бо вельмі лёгка ўсё згубіць. Людзі з’язджаюць, будуюць свае кампаніі і бізнесы. Інвестары з’язджаюць, інвестуюць у стартапы за мяжой. Нашая задача перадусім – захаваць сувязі для будучых беларусаў. Каб у новай Беларусі – а я спадзяюся, яна здарыцца вельмі хутка – мы не пачыналі з нуля».

Айцішнікам таксама няпроста з’ехаць

«Насамрэч, многія кажуць, з аднаго боку, слушна: айцішнік узяў камп’ютар, заплечнік за плячо – і паехаў, – разважае Марыніч. – Але насамрэч пераезд у новую краіну – гэта складаны жыццёвы этап, айцішнік ты ці чалавек іншай прафесіі.

Адаптацыя ў любой краіне – вельмі цяжкі перыяд, асабліва калі з’язджаеш вымушана. Даводзіцца прыстасоўвацца да ўмоваў, якія табе стварылі, нават калі гэтыя ўмовы ў прафесійным плане спрыяльныя з боку краіны, якая прымае. Гэта побытавыя, адміністратыўныя праблемы. Калі ў цябе ёсць сям’я, гэта школа ці садок для дзяцей, праца для мужа ці жонкі».

Новая штаб-кватэра стартап-хабу «Imaguru». Мадрыд, Іспанія. Ліпень 2021 года.
Фота: Таццяна Марыніч

У прафесійнай дзейнасці нават для эмігрантаў-айцішнікаў не ўсё проста, дадае яна. Ёсць тыя, хто працуе на буйныя міжнародныя кампаніі накшталт «EPAM» ці «Wargaming» – яны могуць пераехаць і працаваць у той жа кампаніі, не мяняючы прафесійнага асяроддзя, а кампанія бярэ на сябе многія клопаты. Стартапам цяжэй. Многія шукаюць інвестыцыі на рэлакацыю («брыдж-раўнды»), бо фінансавыя выдаткі на пераезд ніякім інвест-праектам не прадугледжаныя.

На гэта накладаюцца пытанні аб тым, дзе менавіта працаваць і жыць, ці трэба здымаць офіс, як выбудоўваць кантакты з мясцовымі інвестарамі і ментарамі. «Imaguru» абяцае стартапам дапамагаць з гэтым – ад інвестыцыйнага суправаджэння да наладжвання кантактаў з мясцовай экасістэмай там, куды трапілі беларускія айцішнікі.

Але тыя стартапы, якія пераехалі, кажа Марыніч, цяпер апынуліся ў больш развітой экасістэме – у Беларусі не было дастатковага фінансавання, вялікай колькасці венчурных фондаў і «бізнес-анёлаў». Суседзі Беларусі прайшлі этап, на якім была Беларусь, ужо 10 гадоў таму. Для глабальных прадуктаў (зробленых не толькі для Беларусі) гэта магчымасць паглядзець на новы рынак.

Час няпэўнасці можна скарыстаць для самаадукацыі

«Imaguru» гэта не толькі пошук інвестараў і не толькі адукацыя для айцішнікаў. 29 ліпеня «Imaguru» запусціў новы фармат працы: онлайн-акадэмію для інвестараў, якія збіраюцца ўкладваць грошы ў стартапы.

Новая штаб-кватэра стартап-хабу «Imaguru». Мадрыд, Іспанія. Ліпень 2021 года.
Фота: Таццяна Марыніч

Адукацыйныя праграмы, кажа Марыніч, рыхтавалі з вядучымі гульцамі рынку, у тым ліку з глабальным стартап-акселератарам «500 startups», які больш за ўсіх у свеце інвестуе ў стартапы на ранняй стадыі.

Цяперашні час нявызначанасці варта скарыстаць на адукацыю і самаразвіццё, падрыхтоўку да наступнага этапу, перакананая яна. Тым больш, адукавацца цяпер можна незалежна ад месца, дзе знаходзішся.

Наўрад ці хтосьці цяпер будзе інвеставаць у стартапы ў Беларусі

Пасля знішчэння ў Беларусі асноўных гульцоў у бізнес-адукацыі засталіся яшчэ магчымасці онлайн-адукацыі. А ў інвеставанні ўсё горш: і да 2020 года магчымасці былі абмежаваныя, а цяпер ніводзін замежны інвестар не адважыцца інвеставаць у стартап, зарэгістраваны ў Беларусі, мяркуе Марыніч. Інвеставаць будуць толькі ў тыя стартапы, якія з’едуць з Беларусі. Застаюцца хіба лічаныя беларускія «бізнес-анёлы», а сваіх інвестыцыйных фондаў ужо практычна няма.

«У венчурных інвестыцыях ёсць няпісанае правіла: інвестуюць у стартап, да якога можна даехаць ці даляцець на працягу максімум дзвюх гадзінаў, – расказвае Марыніч. – Размовы інвестара і стартапу важныя не таму, што інвестар умешваецца, а таму, што важная пастаянная дапамога інвестара, пошук новых кантактаў, усталяванне кантактаў з карпарацыямі і інвестарамі для наступнага раўнду».

Шчыра кажучы
«Прававы дэфолт азначае, што закон нас не абараняе». Як Лукашэнка знішчае ІТ-краіну
2021.03.03 18:30

Пандэмія каронавіруса паўплывала на гэтае правіла, дадае яна, аднак у Беларусі для інвестараў галоўнай праблемай застаецца не пандэмія, а палітычны крызіс. А Беларусь цяпер не заслугоўвае даверу не толькі на палітычным, але і на бізнес-узроўні, на ўзроўні інвестыцыяў.

Мо і добра, што спецыялісты з’язджаюць – бо яны вернуцца дужэйшымі

Пакуль «Imaguru» толькі рыхтуе вялікае даследаванне аб патрэбах беларускіх айцішнікаў за мяжой і на радзіме. Але Марыніч кажа, што цяперашняя ацэнка – з Беларусі з’ехала да 30 тысяч IT-спецыялістаў, а практычна ўсе яны запатрабаваныя на Захадзе.

«Добра гэта ці кепска? У цяперашняй сітуацыі я б ацаніла гэта як пазітыўны крок, – разважае Марыніч. – Я чула меркаванні экспертаў, што суседнія краіны зладзілі барацьбу за беларускіх праграмістаў, і гэта не comme il faut, што нельга так рабіць, што мы губляем гэтых людзей.

Я карэнна нязгодная з гэтай пазіцыяй. А што гэтыя краіны мусяць рабіць? Сядзець склаўшы рукі і глядзець на гэтую сітуацыю? Сёння любая краіна ў свеце, акрамя Беларусі, хоча развіваць інавацыі, змагаецца за таленты, змагаецца за мазгі, дае выключныя ўмовы, ці не кожная краіна ў свеце распрацоўвае стартап-візы».

Тое, што Беларусь не змагаецца за таленты, праблема не іншых краінаў, а менавіта Беларусі, заяўляе Марыніч. Задачу «Imaguru» і тых, хто хоча захаваць чалавечы капітал, яна бачыць у тым, каб не згубіць людзей, рабіць праграмы падтрымання беларусаў за мяжой. Бо ў Беларусь большасць раней ці пазней вернецца, і вернецца ў новай якасці – за мяжой яны будуць развівацца і станавіцца мацнейшымі, атрымаюць годную адукацыю, заробяць грошы… А тады вернуцца на радзіму ў якасці заснавальнікаў глабальных кампаніяў.

АА belsat.eu

Стужка навінаў