Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 ліпеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую Расея распачала ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Знішчаны авіяўдарамі шматкватэрны дом у цэнтры гораду. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 11 чэрвеня 2022 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 35 750 чалавек забітымі.

Сітуацыя на франтах

Цягам апошніх содняў ва Усходняй зоне аперацыі расейцы не спынялі наступальных дзеянняў з мэтай усталяваць поўны кантроль над тэрыторыямі Данецкай і Луганскай вобласцяў.

На славянскім кірунку вораг працягваў трымаць абарону, праводзіў перагрупаванне войскаў, а таксама намагаўся палепшыць сваё тактычнае становішча, абстрэльваючы ўкраінскія пазіцыі.

На лісічанскім кірунку расейцы працягваюць штурмавыя дзеянні з мэтаю атачыць украінскія сілы каля Лісічанску з поўдня і захаду. Паведамляецца, што расейскія войскі таксама намагаюцца блакаваць лагістычнае забеспячэнне ЗСУ ў горадзе.

Адначасова з гэтым вораг актывізаваў баявыя дзеянні на краматорскім кірунку.

На бахмуцкім кірунку расейцы ў асноўным абмяжоўваліся абстрэламі населеных пунктаў на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, а таксама спрабавалі палепшыць тактычнае становішча ў кірунку паселішча Пакроўскае, але поспеху не мелі.

Расейскія дэзерціры выпрошваюць хлеб

На іншых участках лініі сутыкнення на Данбасе расейцы ў асноўным абмяжоўваліся выведнымі дзеяннямі, ратацыяй кадраў, а таксама нанясеннем авіяцыйных і артылерыйскіх удараў па ўкраінскіх пазіцыях.

За межамі Усходняй зоны аперацыі сітуацыя ў апошнія содні выглядала больш спакойнай.

Фота мае ілюстрацыйны характар: Reuters

На паўднёвабужскім кірунку расейцы абмежаваліся абстрэламі і выведнымі дзеяннямі. Разам з тым выведка Украіны паведаміла, што ў акупаванай Калінаўцы Херсонскай вобласці з’явіліся расейскія дэзерціры ў веку 18-20 гадоў, адзетыя ў вайсковы строй расейскага тыпу, але без галаўных убораў і знакаў адрознення. Гаворыцца, што яны выпрошваюць ежу ў мясцовых жыхароў і спрабуюць рухацца выключна ўначы ў бок анексаванага Крыму.

Украінская выведка заяўляе, што агулам у Херсонскай вобласці фіксуюцца неадзінкавыя выпадкі дэзерцірства расейскіх вайскоўцаў, што звязваюць з вялікімі стратамі сярод акупантаў праз дзеянні ўкраінскай артылерыі. Найчасцей былыя вайскоўцы РФ спрабуюць збегчы ў Крым праз Арабацкую стрэлку – гэты маршрут лічыцца бяспечным і добра адпрацаваным.

Тым часам на харкаўскім кірунку акупантам таксама даводзілася трымаць абарону, каб не дапусціць прарыву ЗСУ да дзяржаўнай мяжы.

Удары па Адэсе

У ноч на 1 ліпеня расейцы зноў нанеслі ўдары па Адэсе. Ракеты трапілі ў шматпавярховік і базу адпачынку. На 9:00 у выніку начных ракетных удараў загінулі сама меней 20 чалавек, сярод іх двое дзяцей, яшчэ больш за 30 атрымалі раненні, у тым ліку чацвёра дзяцей і цяжарная жанчына.

Украіна з 1 ліпеня ўвяла візавы рэжым на ўезд у краіну для расейскіх грамадзянаў. Расейцы могуць аформіць украінскія візы ў візавых цэнтрах «VFS Global» у васьмі гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Екацярынбурзе, Калінінградзе, Казані, Новасібірску, Растове-на-Доне і Самары.

Раней МЗС Расеі абяцаў, што адкажа на візавы рэжым з Украінаю з улікам «нацыянальных інтарэсаў і гуманітарнага складніку».

Hавiны
«Пакуты скончацца». Пагутарылі з Тайрай: знакамітай украінскай валанцёркай, якая перажыла палон
2022.07.01 17:19

ВК belsat.eu

Стужка навінаў