«Пакуты скончацца». Пагутарылі з Тайрай: знакамітай украінскай валанцёркай, якая перажыла палон


Тайра правяла тры месяцы ў расейскім палоне: яна дапамагала параненым у Марыупалі, а расейская прапаганда называла яе «нацысткай» і «забойцай». Праз два тыдні пасля вызвалення яна поўная энергіі і будуе грандыёзныя планы на будучыню, а пакуты ў палоне успамінае спакойна.

Валанцёрка Юлія Паеўская, вядомая як Тайра. 3 сакавіка 2022 года.
Фота: Julia Paevska / Facebook

Юлія Паеўская з пазыўным «Тайра» – украінская валанцёрка і медык, вядомая яшчэ з часоў «Еўрамайдана». З пачаткам той рэвалюцыі дызайнерка і трэнерка айкідо зрабілася лекарам на пратэстах (хоць медычнай адукацыі ў яе не было, але дзякуючы ведам са спорту дзяўчына хутка вывучылася на месцы), пасля рэвалюцыі яна выкладала тактычную медыцыну, была валанцёрам-фельчарам у 2014-18 гадах, заснавала медыка-эвакуацыйны атрад «Ангели Тайри» з базай пад Марыупалем, у 2018-20 гадах служыла ва Узброеных Сілах Украіны і ўзначальвала эвакуацыйнае аддзяленне мабільнага шпіталя ў Марыупалі. У 2020 годзе дэмабілізавалася, але перад пачаткам поўнамаштабнай вайны вярнулася на ўсход Украіны добраахвотніцай. Расейцы захапілі яе 16 сакавіка 2022 года, калі яна спрабавала выбрацца з Марыупаля. 17 чэрвеня стала вядома, што яна вызваленая.

«Белсат» пагутарыў з Тайрай аб тым, як яна сябе адчувае пасля вызвалення. Цяпер яна ў больніцы, але лячэнне набліжаецца да завяршэння: жанчына кажа, што адчувае сябе выдатна, але лекары настойваюць на тым, каб яна завяршыла курс лячэння. Пасля палону Тайна адчувала моцнае фізічнае знясіленне і маральную стомленасць. Але яна аднаўляецца, кажа, што «нарэшце адаспалася».

«Я ўжо пачынаю крыху трэнавацца, каб аднавіць форму, а са здароўем сур’ёзных праблем я цяпер не адчуваю, – распавядае яна. – [Лекары] кажуць: як толькі, дык адразу».

Планы пасля лячэння «грандыёзныя», але пакуль Тайра іх раскрываць не хоча. Але кажа, што сваю нечаканую медыйнасць хоча выкарыстоўваць, каб дапамагаць з абменам палонных і працягваць дапамагаць параненым.

На каго яе саму абмянялі, яна сама не ведае: кажа, бачыла гэтых людзей, але ідэнтыфікаваць не можа, а нават калі магла б, не мела б на гэта права.

Hавiны
Былы камандзір «Азова» пра абмен палонных: Расейцы шчыра не разумеюць, навошта ім іхныя людзі
2022.06.20 09:56

Умовы ў палоне былі цяжкімі, успамінае яна, псіхічнае ціск быў «неверагодным», выкарыстоўвалі «ўсе вядомыя псіхалагічныя спосабы», нагнятанне і маніпуляцыю, даказвалі «сваю правату» і тое, што «ўкраінцы – фашысты». Не было ніякай сувязі з сям’ёй, не давалі патэлефанаваць мужу і дзіцяці, цалкам забаранілі перадачы, утрымлівалі ў самым строгім рэжыме. Некаторыя падрабязнасці яна не можа расказаць: ідзе расследаванне.

«Тыя, хто трапіў у палон – асабліва якіх яны называюць нацыстамі – не заўсёды маюць шанец дажыць для вызвалення», – сцвярджае яна.

Тайра верыць: вернуцца ўсе, хто гэта перажыве. Але ўмовы ўтрымання ўкраінскіх палонных і абыходжанне з імі «не спрыяюць выжыванню».

«Вось мяне называлі нацысцкай, – успамінае яна. – Галоўнае адрозненне нацызму – прывілеі адной нацыі над іншымі. Яны самі сабе прыпісалі правы і прывілеі, сцвярджаюць, што ў Расеі вялікая місія».

Каментар
«Відавочна, гэта нейкая шматхадовачка», – сяброўка палоннага мараканца, якога «ДНР» асудзіла на смерць
2022.06.10 18:10

Тайра кажа, у камеры дапамагалі думкі пра тое, што яна будзе рабіць пасля вызвалення:

«Як бы табе дрэнна не было, важна памятаць, што гэта скончыцца і далей будзе нешта іншае. Альбо ты памрэш, што добра, бо тады пакуты скончацца, альбо пакуты скончацца таму, што зменяцца абставіны».

Але жадання помсціць крыўдзіцелям у яе няма, як няма і нянавісці, кажа Тайра. Хочацца толькі данесці праўду пра патаптанне правоў чалавека, бяздоказнае «назначэнне злачынцам» – а яе расейская прапаганда называла забойцай, выкрадальніцай дзяцей і гэтак далей. Яна ж разважае: у расейскага камандавання задача – дэманізаваць ворага, каб даць сабе маральнае права забіваць і катаваць.

«[У палоне на допытах] мне было вельмі лёгка, таму што я не хлусіла, – тлумачыць яна. – У мяне прынцып у жыцці: не хлусіць. Калі я не хачу казаць нешта, я проста маўчу. Я настойвала на тым, што гэта [абвінавачванне] хлусня, трымалася сваёй лініі.

Дасведчаны псіхолаг разбярэцца, дзе хлусня, дзе праўда. Зразумела, я нікога не забівала – на самай справе, я нават кацяняці ўтапіць не ў стане проста таму, што… можа, таму, што я жанчына. Можа, таму, што я так выхаваная. Мая задача ў жыцці – гэта ратаваць, дапамагаць».

Яна «прызнае віну» толькі ў тым, што дапамагала параненым: і ўкраінскім жаўнерам, і цывільным, і палонным баевікам «ДНР», і палонным расейцам. Тайра падкрэслівае, што ўсім медычную дапамогу аказвалі ў поўным аб’ёме і па ўсіх пратаколах, «усіх давозілі жывымі ў самым лепшым выглядзе».

Hавiны
«Трымалі ў яме, стралялі ля вуха, спускалі сабакаў». Украінскія вайскоўцы распавялі пра катаванні ў палоне
2022.04.04 22:30

belsat.eu

Стужка навінаў