Мы і не заўважылі: перадзел рынку новабудоўляў у Менску завершаны


Дзяржава вырашыла пазбавіцца ад менскіх камерцыйных забудоўшчыкаў як класа. З трыбуны іх шмат разоў называлі ўсялякімі непрыемнымі словамі, але ж словы (цяпер ужо ўсім зразумела) падмацавалі рэальнымі дзеяннямі. Камерцыйным забудоўшчыкам, якія не гуляюць у хакей, перакрылі доступ да ўчасткаў пад забудову. Цалкам. Дабудуюць свае жылыя комплексы і ўсё – згортваюцца. Звальняюць людзей, закрываюць бізнэс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Будаўніцтва жылля – справа прыбытковая. Нават на самым нізе коштаў на якім-небудзь доме ў тры пад’езды дзесьці на ўскраіне горада можна было зарабіць пару мільёнаў даляраў «чыстымі», а ўжо на самым версе коштаў – і да 5 мільёнаў.

У добрыя гады дзяржава з прыватнікамі не канкуравала – пакупнікоў хапала ўсім. А з прыватнікаў можна было яшчэ і «стрэсці» некалькі мільёнаў даляраў у бюджэт за продаж участка з аўкцыёну.

Пры пікіруючай эканоміцы не да гульняў у рынак і роўныя магчымасці для прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. Усе грошы павінны знаходзіцца пад кантролем, дзякуй Богу, схема адпрацаваная на «Дане Холдынгз», якой даверылі самую вялікую будоўлю краіны. Высветлілася, што так можна: аддаць зямлю, а за кошт бюджэту (сваіх грамадзян) пабудаваць інфраструктуру і сеткі. Няхай будуюць генпадрадчыкі, якія канкуруюць па коштах. Грамадзяне ж аплоцяць і будаўніцтва, і прыбытак, які даходзіць да 100 %. Яго можна размяркоўваць па ўласным меркаванні. Ніхто не пракантралюе. Інвестдамова ж сакрэтная.

Сёлета анансавалі некалькі будоўляў у Менску. Прычым на палях, якімі можа распараджацца толькі Лукашэнка.

Паўночны бераг – самая буйная з іх. Як будуць размяркоўвацца прыбыткі, грамадзянам не паведамілі. Затое супакоілі – інвестыцыі сапраўды будуць, арабскі забудоўшчык павінен пачаць не са збору грошай з менчукоў за будучае жыллё, а з будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтра. Улічылі досвед з «Данай», якая некалькі гадоў абяцае пабудаваць офісныя гмахі, але ўсё ніяк не знаходзіць («Дана» ці галоўны бенефіцыяр?) на тыя рэсурсаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Але за вялікімі праектамі і іншых сяброў, больш дробных, наверсе не забываюць. Вось СМІ напісалі: нейкая кампанія «Рэторсія Трэйд» асобным указам атрымала больш за 13 гектараў зямлі каля кальцавой, побач з вёскай Тарасава. Будзе будаваць жыллё. Вышыня забудовы – да 7 паверхаў, але пераважна пяціпавярховікі. Паводле папярэдніх выяваў здаецца, што пабудуюць нешта кшталту «Алімпік Парка», які ўзводзіць «Тапас» ля заказніка Лябяжы. Што за «Рэторсія Трэйд», як паўстала, высветлілі незалежныя журналісты. Як і варта было чакаць, у сузаснавальніках даволі вядомы «хакейны» сябар Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў.

Яшчэ адзін «раптоўны» праект на палях (у Сухараве) будзе рэалізоўваць яшчэ адзін «сябар» – «Стромінвест». Іх, гэтыя палі каля кальцавой, доўга зберагалі як залаты запас, потым паабяцалі аддаць дзяржаўным забудоўшчыкам пад забудову для чаргавікоў і шматдзетных. Але нешта дзесьці пстрыкнула – і грамадскасць па факце атрымала анонс. На 25 гектарах (!) пабудуюць 140 тысяч квадратных метраў жылля, гэта 2300-2500 кватэр у дамах вышынёй у 12-22 паверхаў. Пра ўмовы атрымання «залатой зямлі» грамадзянам не паведамілі, указа адпаведнага (або распараджэння) не паказалі. Але гэты ж забудоўшчык будуе жылы комплекс «Камфорт-Парк» па Ціміразева, і там ва ўмовах выдзялення ўчастка пад забудову было абавязацельства сплочвання $ 50 з кожнага прададзенага квадратнага метра на карысць Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Варта ўдакладніць, што ўчасткі вылучаюцца не толькі каля кальцавой, але і ў цэнтры. Напрыклад, недалёка ад плошчы Перамогі, прама каля сквера Сімона Балівара (цэнтр горада!) мала каму вядомая, заснаваная ў 2018-м годзе «Скістройінвест» пабудуе жылы комплекс з пафаснай назвай «Залатое кальцо». Тры панэлькі па 19 паверхаў і адзін маналітны дом. Аб умовах выдзялення зямлі пад інвестпраект таксама ніхто не распаўсюджваецца. Уласна, гэтай кампаніі выдзелілі і рэшткі завода паміж вуліцамі Грушэўская і Чыгуначная пад жылы комплекс «Белыя сады». Але праект, здаецца, з таго ж 2018-га ў «распрацоўцы» – да зносу старых карпусоў «Скістройінвест» не прыступіў.

Здымае мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Перыядычна па-за аўкцыёнаў і абмеркаванняў надзяляюць ўчасткамі яшчэ адну «дружалюбную» і амаль дзяржаўную кампанію – «Завод эфектыўных прамысловых канструкцый».

Так, аб падтрымцы зямельнымі ўчасткамі дзяржаўных забудоўшчыкаў таксама даводзіцца думаць. Будаваць з пяціадсоткавым прыбыткам – значыць, пакідаць тых на мяжы банкруцтва. Ім перыядычна даюць зарабіць.

Таму ж МАПІДу дазволілі будаваць «элітны» камерцыйны жылы комплекс каля «Экспабела», плюс – пару «элітных» дамоў у ангельскім стылі на вуліцы Курганная ў Малінаўцы. УКБам таксама выдзяляюць «смачныя» ўчасткі для кропкавай забудовы, у тым ліку ў цэнтры – напрыклад, на Андрэеўскай-Захарава.

У рэзерве ў дзяржзабудоўшчыкаў – мікрараён каля Лошыцкага вадасховішча, які запраектаваны ўжо малапавярховым і, відавочна, камфорт-класа. Гэта значыць не для шэраговых чаргавікоў.

Дзяржаўны ж УКБ Савецкага раёна намякае, што малапавярховая забудова ў 4-м завулку Кальцова (зямля там таксама лічыцца ледзь не элітнай) будзе не толькі для заможных чаргавікоў-шматдзетных, але таксама і для заможных.

Увогуле, гадоў праз пяць у менчукоў будзе выбар, дзе, што і з кім будаваць. Толькі вось выбар будзе паміж дзяржаўным дэвелаперам і дэвелаперам, чый заснавальнік правільна размяркоўвае прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

А зямельныя аўкцыёны, прыбытак ад якіх ідзе ў бюджэт? А дзясяткі камерцыйных забудоўшчыкаў? Забудзьцеся. Мы і не заўважылі, а перадзел рынку новабудоўляў у Менску ўжо завершаны.

Дзяніс Бятонны / Герон belsat.eu

Стужка навінаў