Хваляванні ва Узбекістане. Жыхары аўтаноміі Каракалпакстан пратэстуюць супраць паправак у Канстытуцыю

Пратэсты пачаліся ў аўтаномнай рэспубліцы Каракалпакстан, якая ўваходзіць у склад Узбекістана. Людзі выйшлі на вуліцы сталіцы рэгіёну – гораду Нукус. Акцыі пратэсту прайшлі і ў іншых гарадах аўтаноміі, піша «Радио Свобода».

Пратэсты ва Узбекістане. Фота: gazeta.uz

Жыхары Каракалпакстана выступаюць супраць праекту новай рэдакцыі Канстытуцыі Узбекістана, які быў вынесены на грамадскае абмеркаванне 26 чэрвеня. Паводле праекту, з апісання статусу Каракалпакскай рэспублікі будзе выдалена слова «суверэнная», а таксама згадка аб праве Каракалпакстана на аддзяленне ад Узбекістана.

Ужо ўвечары 26 чэрвеня, як паведамляюць мясцовыя інфармацыйныя каналы, у сацсетках з’явіліся заклікі да масавых выступленняў. 27 чэрвеня жыхары Нукуса пісалі, што ў горадзе абмежавалі доступ да мабільнага інтэрнэту. У пятніцу, мяркуючы па відэа, якія публікуе інфармацыйны тэлеграм-канал ORDA, на вуліцах Нукуса сабраліся сотні людзей са сцягамі Каракалпакскай рэспублікі.

Абурэнне людзей выклікала затрыманне мясцовага журналіста і актывіста Даўлетмурата Тажымуратава, які заклікаў грамадзян выйсці на мітынгі супраць праекту паправак у Канстытуцыю. Паведамляецца, што пазней Тажымуратаў быў адпушчаны.

Па паведамленнях мясцовых паблікаў, у Каракалпакстан уведзены дадатковыя сілы ўзбекскай Нацгвардыі. Адбыліся затрыманні.

МУС Узбекістана зрабіла заяву аб сітуацыі ў Нукусе. У ім дэманстрацыя названая незаконнай, гаворыцца таксама аб «няправільным тлумачэнні канстытуцыйных рэформаў».

«Перад пратэстоўцамі выступіў кіраўнік рэспублікі. Людзі пачалі разыходзіцца. Цяпер паліцыянты праводзяць з пратэстоўцамі тлумачальную працу», – гаворыцца ў заяве.

14 снежня 1990 года парламент Аўтаномнай Рэспублікі Каракалпакстан у складзе Узбекскай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якая прадугледжвала поўную незалежнасць дзяржавы. Аднак урад Узбекістана ў 1993 годзе падпісаў з Каракалпакстанам міждзяржаўны дагавор тэрмінам на 20 гадоў аб уваходжанні Рэспублікі Каракалпакстан у склад Узбекістана. У пагадненні было агаворана права выхаду аўтаномнай рэспублікі з Узбекістана шляхам правядзення рэферэндуму. Але ў 2013 годзе, калі гэты тэрмін падышоў да канца, абяцанне было проста забыта — ва Узбекістане была жорсткая дыктатура Іслама Карымава, які не зважаў ні на народ, ні на законы.

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны