Боршч з сухафруктамі і рыбай – такое магчыма? Адказвае даследніца гастранамічнай культуры


Сёння боршч прызналі аб’ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Даследніца ўкраінскай гастранамічнай культуры і заснавальніца праекту «їzhakultura» Алена Брайчэнка ў эфіры «Белсату» расказала пра тонкасці гатавання гэтай стравы і пра тое, што апошнім часам боршч зрабіўся адным з сімвалаў ідэнтычнасці ўкраінцаў.

Паводле Алены Брайчэнкі, толькі ва Украіне існуе такая вялікая колькасць варыянтаў баршчу з разнастайнаю палітраю колераў і смаку, які залежыць ад пары года. Там боршч – частка святочнай культуры, яго абавязкова гатуюць на памінкі, а да нядаўняга часу гэта была абавязковая страва на Раство і вяселле.

Смак баршчу залежыць ад рэгіёну, кажа экспертка і прыводзіць у прыклад суп з поўдня Украіны, які цяпер акупаваны расейскімі вайскоўцамі. На Херсоншчыне і ў Данецкай вобласці каля Марыупалю папулярныя былі баршчы з рыбаю, у тым ліку з азоўскім бычком або запечаным сомам. Акрамя таго ва Украіне гатуюць зялёны боршч і халаднік – халодны боршч са смятанаю.

На поўначы таксама папулярны боршч на аснове рыбы, адзначае суразмоўца, але рыбу гатавалі паводле іншай тэхналогіі – пяклі ў пячы і даводзілі да стану чыпсаў.

«Рыбныя баршчы былі папулярныя да прыходу савецкай улады. Гэта пасля пачалі выкарыстоўваць кансервы. Але да вайны, дзякуючы працы кухараў, баршчы з рыбаю зноў зрабіліся папулярнымі і ўвайшлі ў меню шмат якіх рэстаранаў».

Боршч. Фота hellozdrowie.pl

Боршч без мяса – не боршч?

Вегетарыянскі боршч таксама можна назваць сапраўдным, кажа даследніца.

«У савецкія часы сфармаваўся міф, што ўкраінская кухня тлустая: гарэлка, сала, пампушкі, боршч, часнык. Але гэта не так. Украінцы трымалі пост, асабліва да прыходу савецкай улады, таму посныя стравы таксама ёсць часткай гастранамічнай культуры ўкраінцаў».

Украінскі боршч часта можна сустрэць у фальклоры. Паводле Алены Брайчэнкі, ва ўкраінцаў шмат прымавак пра гэтую страву, адна з якіх гучыць так: найлепшы боршч – той, што гатавала ваша бабуля.

Ці ёсць у баршчы таемны інгрэдыент?

Алена Брайчэнка кажа, што любіць дадаваць у боршч вэнджаную грушу або чарнасліў, што надае страве водар вогнішча або адчуванне, што ён з печы.

«Белсат» таксама рыхтуе для вас смачныя рэцэпт халодных супоў на спякотныя дні. Не прапусціце!

Дар’я Форман belsat.eu

 

Стужка навінаў