Без замежных блокбастараў і амаль без гледачоў. Як выжываюць беларускія кінатэатры


«Свет Юрскага перыяду», «Топган: Мэвэрык», «Элвіс», «Баз Лайт’ер» і новыя «Міньяны» – такія фільмы і мультфільмы ідуць у кінатэатрах ува ўсім свеце. Але не ў Беларусі (і не ў Расеі). Неўзабаве мае выйсці новы марвэлаўскі «Тор», але і яго не змогуць пабачыць беларусы. Як і не пабачылі ўсіх іншых сусветных прэм’ераў, што выйшлі на экраны пасля 24 лютага. Што ж тады ідзе ў беларускіх кінатэатрах, і што з гэтага можна паглядзець?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Krists Luhaers / Unsplash

Кінатэатры Менску летась наведалі больш як 1,3 млн чалавек, што амаль на 315 тыс. больш, чымся ў 2020 годзе, калі пачаліся пандэмія каронавіруса і палітычны крызіс. Але пачатак вайны ва Украіне зноў моцна ўдарыў па беларускім кінапракаце: буйныя галівудскія кампаніі («Sony», «Disney», «Warner Bros.», «Paramount», «Universal» і іншыя) адмовіліся ад пракату сваіх фільмаў у Беларусі і Расеі.

У выніку наша краіна засталася без новых стужак пра Бэтмэна і Доктара Стрэйнджа, працягу эпапеі Юрскага перыяду і патэрыяны ды іншых фільмаў і мультфільмаў, што збіраюць поўныя залі ўва ўсім свеце, у тым ліку ў суседніх краінах-неагрэсарах. І спадзявання, што сітуацыя палепшыцца найбліжэйшым часам, няма.

Паводле статыстыкі, у менскага «Кінавідэапракату», што аб’ядноўвае 13 дзяржаўных кінатэатраў сталіцы, з чэрвеня 2021 года да лютага 2022-га ў топ-5 лідараў пракату траплялі перадусім амерыканскія фільмы. Але нават тыя карціны не з ЗША, што ўваходзілі ў першую пяцёрку, не займалі самага першага радка пракату за тыдзень.

Агулам жа, паводле прыкладных ацэнак, буйныя галівудскія блокбастары прыносілі беларускім кінатэатрам 70 % выручкі. Пры адсутнасці сусветных прэм’ераў у сакавіку наведвальнасць кінатэатраў скарацілася ў 5 разоў, а ў красавіку – у 6–8 разоў.

«Ліха без дабра не бывае»

Тым не менш, чыноўнікі ад культуры не губляюць аптымізму. Гэтак, 18 сакавіка – праз месяц пасля пачатку кінасанкцыяў – на калегіі ўпраўлення культуры Менгарвыканкаму гучалі дзяжурныя фразы пра выкананне галоўных эканамічных паказнікаў, павелічэнне абʼёму і паляпшэнне якасці паслуг, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Як гэта ўсё дапаможа прыцягнуць гледачоў ва ўмовах адсутнасці сусветных прэм’ераў, пытанне хутчэй рытарычнае.

А генеральная дырэктарка КУП «Менаблкінавідэапракат» Таццяна Дарашкевіч увогуле казала, што «ліха без дабра не бывае», хоць у некаторых кінатэатрах і давялося «падкарэктаваць рэжым працы, увесці дадатковыя выходныя». Дый агулам упала выручка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кінатэатр «Silver Screen».
Фота: Minsk International Film Festival Listapad / Facebook

Выглядае ж гэтае ліха з дабром наступным чынам: працягнуць пракат старых фільмаў і даваенных навінак, якія да канца не «выкаталіся», ды пашырыць пракат расейскага кіно.

«Стаўку робім на такія карціны, як «Хлопчык-дэльфін», «Першы Оскар», «Артэк. Вялікае падарожжа», «1941. Крылы над Берлінам» і «Бука. Мая любімая пачвара», – заявіла Дарашкевіч.

І ўвогуле, паводле яе, цяпер замест 1–2 новых фільмаў на тыдзень можна «выпусціць 3–4, каб набраць касу».

Экзатычныя ідэі з Менску і Масквы

У суседняй Расеі, каб кампенсаваць дэфіцыт галівудскіх фільмаў, прыдумалі сваё выйсце. Гэтак, у красавіку ў некаторых кінатэатрах Масквы, Екацярынбургу, Іванава, Чыты ды іншых гарадоў прайшлі пірацкія паказы «Бэтмэна» ды іншых замежных фільмаў. Таксама там плануюць пачаць паказваць серыялы вытворчасці РФ.

Некаторыя расейскія ідэі ўзялі на ўзбраенне і беларускія кінатэатры. Гэтак, у красавіку ў Менску прайшлі паказы фільмаў «Брат» і «Брат 2» Аляксея Балабанава. Праўда, эфект ад гэтага ацэньваецца па-рознаму. Калі першая намесніца гендырэктара «Кінавідэапракату» Вольга Дзюльдзя казала, што «праект карыстаецца цікавасцю», то ананімныя крыніцы заяўлялі: «білеты не разыходзіліся ад слова «зусім».

Свае кінаакцыі ладзяць і ў Беларусі. Гэтак, у траўні ў кінатэатрах праходзілі «Тры ўрокі гісторыі ад «Беларусьфільму», падзеленыя на тры тэмы: «Вялікая Айчынная вайна», «Спадчына» і «Мы, беларусы – мірныя людзі». Сваім аксюмаранам вызначаліся і ў Магілёве: там у беларускіх кінатэатрах перад 9 траўня паказвалі «патрыятычныя» фільмы расейскай вытворчасці. А 30 чэрвеня на экраны выйшаў фільм «Падрыў» пра падзеі 1945 года, які стаў вынікам супрацы «Беларусьфільму» і Мінабароны Беларусі.

Не Расеяй адзінай

Тым не менш усё ж нельга сказаць, што ў беларускіх кінатэатрах зусім няма чаго паглядзець, апроч расейскіх карцінаў і фільмаў пра Другую сусветную. Ёсць там нават і заходнія навінкі.

Гэтак, на 2 ліпеня кінаафіша Менску прапануе фільмы ды мультфільмы вытворчасці Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Італіі, Іспаніі, Аргентыны, Францыі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайланду, Казахстану, Гон-Конгу ды іншых. Праўда, іх назвы наўрад ці нешта скажуць шараговаму гледачу. Кошты на квіткі пачынаюцца ад 5 руб. і сягаюць за 31 руб.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Minsk International Film Festival Listapad / Facebook

Ці не самай гучнай навінкай ёсць брытанскі «Баец: Кароль рынгу» з легендарным гладыятарам Расэлам Кроў, што выйшаў у пракат 30 чэрвеня.

«Але гэта ўсё ж не такая вялікая прэм’ера. І Расэл Кроў ужо не тая зорка, што была яшчэ 20 гадоў таму. Але ў асноўным тое, што цяпер дэманструюць у беларускіх кінатэатрах, – гэта перадусім расейскія прэм’еры», – кажа беларускі кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі.

Але пры гэтым, адзначае эксперт, у Беларусі нават не дэманструюць буйных расейскіх стужак. Напрыклад, не была паказаная драма пра падзеі часоў Каўказскай вайны ХІХ стагоддзя «Аманат».

Тым часам сваю касу ў пракаце працягваюць збіраць снежаньскі «Чалавек-павук: дадому шляху няма» і лютаўскі «Анчартэд: На мапах не значыцца», якія паспелі выйсці ў пракат перад вайною.

«Гэта сведчыць перадусім пра тое, што паказваць амаль няма чаго. А тыя стужкі, якія паказваюць, для масавага гледача не вельмі цікавыя», – кажа Тарас Тарналіцкі.

Але ж і працягвацца такі кінапракат не можа вечна.

А вось беларуская камедыя рэжысёра Уладзіміра Зінкевіча «Вітаем у сям’і», што пабачыла свет у красавіку, відаць, папулярнасцю ў гледачоў не карысталася і з пракату сышла.

Новыя трэнды

Можна сустрэць і фільмы, цікавыя перадусім кінаманам. Напрыклад, стаяць у афішах нямецкі фільм «Дагрукацца да нябёсаў» 1997 года, «Фані і Аляксандр» 1980-га ад класіка шведскага кіно Інгмара Бергмана або французская драма «На апошнім подыху» 1960 года ад Жана-Люка Гадара.

«Але гэта разлічана перадусім на дасведчанага гледача. Гэта не масавае кіно. Кінатэатры цяпер згубілі маладога гледача. Глядзець яму ў асноўным няма чаго. Усё асноўнае ідзе на стрымінг-сэрвісах. І ісці ў кінатэатры няма сэнсу. Але для сямейнай і не вельмі патрабавальнай аўдыторыі можна пабачыць вельмі шмат рэлізаў: і з ЗША, і з Паўднёвай Карэі, і з Кітаю, і з Расеі. Гэта перадусім анімацыя», – адзначае кінааглядальнік.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Minsk International Film Festival Listapad / Facebook

На ягоную думку, цяпер назіраецца трэнд да змены наведвання кіно на карысць менавіта сямейнай аўдыторыі. Але нават на такія фільмы «ходзяць не так шмат гледачоў, як бы хацелася кінатэатрам». Як адзначае Тарас Тарналіцкі, некаторыя залы стаяць амаль пустыя. А запланаваныя сеансы часам не адбываюцца, бо не збіраецца мінімальная колькасць наведнікаў – тры асобы.

«На жаль, нам невядома, ці застануцца незалежныя студыі ў партнёрстве з расейскімі праваўладальнікамі. Што будзе далей, нельга сказаць. Магчыма, у рэпертуары застануцца толькі расейскія фільмы», – адзначала Кацярына Пажытных, кіраўніца аддзелу маркетынгу ў беларускай кампаніі «Медыя Кантакт».

Дарэчы, перашкаджаюць выжыванню кінатэатраў не толькі сыход замежных кінакампаніяў, але і айчынныя рэпрэсіі. Гэтак, яшчэ на пачатку траўня камерцыйны дырэктар «Silver Screen» Аляксандр Дземідовіч распавядаў пра планы рабіць упор на індыйскае кіно, а ўжо ў канцы месяца яго затрымалі ў межах крымінальнай справы нібыта за масавыя беспарадкі.

Як яшчэ выжываюць кінатэатры

Каб неяк зарабляць, кінатэатры прапануюць арэнду сваіх памяшканняў пад разнастайныя святы. Яскравы прыклад гэтага – згаданы ўжо «Silver Screen», які рэкламуе свае прасторы пад вечарыны, навучанне, канцэрты ды разнастайныя сямейныя святы. А ў «Falcon Club» у траўні прайшла цырымонія ўручэння прапагандысцкай прэміі «Тэлевяршыня».

Прапануюць кінатэатры і свае фірмовыя праекты, каб зацікавіць гледачоў. Гэтак, «Falcon Club» у межах «Залы № 4» прапануе абмеркаваць аўтарскае кіно з кінаэкспертам і прадэгуставаць віно. «Silver Screen» жа падчас праекту «Art Space» запрашае абмеркаваць разам з экспертам у галіне культуры Мікітам Монічам фільмы пра мастацтва. Наступная сустрэча, прысвечаная Сальвадору Далі, пройдзе ўжо 5 ліпеня. А ў межах «TheatreHD» можна паглядзець пастаноўкі самых знакамітых тэатраў свету.

Топ-5

Свой топ пяці самых папулярных фільмаў за 20–26 чэрвеня прэзентаваў менскі «Кінавідэапракат». З іх тры стужкі расейскія, а рэшта – вытворчасці Польшчы і ЗША.

1. «Кашчэй. Выкрадальнік нявестаў» («Кощей. Похититель невест»). Расея, 2022. 6+.

2. «Эскортніцы» («Dziewczyny z Dubaju»). Польшча, 2021. 18+.

3. «Артэк. Вялікае падарожжа» («Артек. Большое путешествие»). Расея, 2022. 6+.

4. «Зніклая» («Last Seen Alive»). ЗША, 2022. 16+.

5. «Адна» («Одна»). Расея, 2022. 16+.

Сярод цікавых стужак, што ідуць у беларускіх кінатэатрах, але не былі дастаткова разрэкламаваныя, Тарас Тарналіцкі называе расейскую драму «Міжсезонне» і брытанскі трылер «Род мужчынскі».

«Іх дэманструюць у абмежаваным пракаце, таму пра іх амаль ніхто нічога не ведае. На мой погляд, яны дастаткова цікавыя, але масавай аўдыторыі іх назвы нічога не кажуць. І наўрад ці на іх хтосьці ходзіць», – кажа аглядальнік.

Пры гэтым ён не выключае, хоць і не падтрымлівае, што ў будучыні ў беларускіх кінатэатрах можа з’явіцца і пірацкі кантэнт замежных фільмаў. На думку эксперта, такі пракат мог бы стаць дапамогай кінатэатрам, але пакуль пра яго рэалізацыю нічога не чуваць.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў