Беларускі фонд спартовай салідарнасці атрымаў «Play The Game Award»


Беларускі фонд спартовай салідарнасці (BSSF) прызнаны найлепшай спартовай ініцыятывай у свеце. На міжнароднай канферэнцыі, якая адбылася ў Даніі, фонд паказаў вынікі сваёй працы за два гады і атрымаў самую высокую адзнаку – «Play The Game Award», паведамляе «Athletes for Freedom».

«Ідэі і праца фонду, свабодных спартоўцаў Беларусі, антываенная дэкларацыя, нашыя праваабарончыя праекты справядліва атрымалі такую высокую ўзнагароду ад міжнароднай супольнасці. Але ў першую чаргу гэтая ўзнагарода – для ўсяго беларускага народу, для ўсіх людзей, якія падтрымлівалі нас увесь гэты час, верылі ў нас і сёння працягваюць з намі наш Марафон свабоды», – адзначыў дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

«Play The Game Award» прысуджаецца асобе або ініцыятыве, якія ў сваёй прафесійнай працы прыклалі выбітныя намаганні для ўмацавання асноўных этычных каштоўнасцяў спорту.

Беларускі фонд спартовай салідарнасці быў створаны вядомымі беларускімі спартоўцамі і функцыянерамі ў жніўні 2020 года ў адказ на рэпрэсіі ўладаў супраць беларускага народу. Фонд мае на мэце падтрыманне атлетаў, якіх затрымлівалі за ўдзел у мірных маршах, выключалі са зборных, знімалі са спаборніцтваў, звальнялі і пазбаўлялі стыпендыяў за выказванне сваёй пазіцыі.

BSSF дапамагаў, у прыватнасці, найлепшай баскетбалістцы Беларусі Алене Леўчанцы, вядомай фрыстайлістцы Аляксандры Раманоўскай, прызёру Алімпійскіх гульняў Андрэю Краўчанку і шматлікім іншым. Фонд надае фінансавае, юрыдычнае і прафесійнае падтрыманне і цяпер.

Інтэрв’ю
Гімнастка Наталля Лешчык: Я за спорт без гвалту
2022.06.25 21:36

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў