У Еўразвязе пачалі дзейнічаць COVID-сертыфікаты. Што пра іх трэба ведаць беларусам?


Лічбавыя ковід-сертыфікаты пачалі дзеяць ва ўсіх краінах ЕЗ і Шэнгенскай зоны з 1 ліпеня. «Deutsche Welle» тлумачыць, як яны працуюць, хто іх выдае, дзе іх можна атрымаць і як яны дапамогуць вандраваць па Еўропе.

Асноўная мэта ковід-сертыфікатаў – спрасціць паездкі ва ўмовах пандэміі. Яны будуць трох відаў: тыя, што пацвярджаюць вакцынацыю ад каронавіруса, негатыўны тэст ці выздараўленне пасля хваробы. Выдавацца сертыфікаты будуць бясплатна.

Сертыфікат дзейны 180 дзён. Тэсты на антыцелы пакуль не ёсць падставаю для выдачы сертыфікатаў.

Сертыфікаты дзеюць у 31 краіне: 27 краінах Еўразвязу, а таксама ў Ісландыі, Ліхтэнштэйне, Нарвегіі і Швейцарыі.

Беларусы змогуць атрымаць ковід-сертыфікат толькі на тэрыторыі ЕЗ

Грамадзяне Беларусі таксама маюць права на ковід-сертыфікаты, але атрымаць іх яны змогуць на тэрыторыі ЕЗ. На мяжы пры гэтым трэба падаць пацверджанне вакцынацыі або тэсту, якое атрымалі ўдома. Якія пацверджанні пры гэтым прызнаваць, асобна вырашае кожная краіна ЕЗ. Ужо на тэрыторыі ЕЗ можна папрасіць пра еўрапейскі сертыфікат. Выдаваць яго ці не – таксама вырашае кожная краіна самастойна.

Сертыфікат можа быць як у лічбавай, так і ў папяровай форме. Дзеля атрымання лічбавага трэба загрузіць асобнае прыкладанне. Кожная краіна ЕЗ ці Шэнгену стварае сваё асобнае прыкладанне.

Дзе менавіта можна будзе атрымаць сертыфікаты, у якой установе ці ведамстве, кожная краіна вырашае самастойна. Прадугледжана, што пасведчанне можна будзе атрымаць у цэнтрах вакцынацыі ці ў дактароў. У Нямеччыне сертыфікаты пачалі выдаваць аптэкі.

«Спутнік V» усё яшчэ не прызнаны

Еўразвяз пакуль прызнае толькі 4 вакцыны: BioNTech/Pfizer, Moderna, AstraZeneca и Johnson&Johnson. Можа прызнаваць вакцыны, рэкамендаваныя СААЗ – індыйскі аналаг AstraZeneca Covishield, кітайскія Sinopharm и Sinovac.

«Спутнік V» пакуль не прызнаны ні ЕЗ, ні СААЗ. Але і на гэтую вакцыну можна атрымаць сертыфікат – у краінах, дзе выкарыстоўваецца расейскі прэпарат. Пры гэтым кожная краіна ЕЗ сама вырашае, ці прызнаваць такі сертыфікат.

Ковід-сертыфікат не ёсць умоваю для паездак па Еўропе, аднак спрашчае іх. Але ўсё залежыць ад правілаў у кожнай асобна ўзятай краіне ці рэгіёне. Напрыклад, калі мясцовыя ўлады здымаюць нейкія абмежаванні для вакцынаваных жыхароў сваёй краіны, то гэтыя ж правілы мусяць распаўсюджвацца на грамадзянаў іншых краінаў з сертыфікатам прышчэпкі ад каронавіруса.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў