У чэрвені ў палітычных справах асудзілі не менш за 125 чалавек. Найчасцей каралі «хіміяй»


Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома прынамсі пра 125 асуджаных у «пратэставых» крымінальных справах у червені 2021 года. З іх 20 % складаюць жанчыны, 80 % – мужчыны. За першы летні месяц 88 зняволеных былі прызнаныя палітвязнямі.

Большасць справаў – за паклёп, абразу, знявагу

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прадставіў статыстыку аб палітычных справах у Беларусі, заснаваную на ўласным бесперапынным маніторынгу затрыманняў, судоў, крымінальнага пераследу.

Паводле стану на 1 ліпеня, кажуць беларускія праваабаронцы, колькасць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, папраўчых установах адкрытага тыпу, змешчаныя ў СІЗА і пад хатні арышт, складае 526 чалавек. З іх 347 чалавек ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакарання, у дачыненні 61 асобы ідзе судовае разбіральніцтва, яшчэ 118 палітвязняў чакаюць суда.

Праваабаронцы адзначаюць, што 39,2 % грамадзянаў былі асуджаныя у чэрвені паводле дыфамацыйных артыкулаў (арт. 367, 368, 369, 370, 391 – паклёп, абраза, знявага), на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэксу доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць.

ПЦ «Вясна» вядома пра не менш як трох грамадзянаў, абвешчаных у вышук у сувязі з іхным пераследам у дыфамацыйных артыкулах, і двух абвінавачаных, якія ўцяклі ад пераследу паводле артыкулу аб масавых беспарадках.

Найбольш асуджаных за палітыку у Берасцейскай вобласці

Геаграфія прысудаў у«пратэставых» крымінальных справах у чэрвені выглядае наступным чынам:

  • Менск – 21 чалавек;
  • Берасцейская вобласць – 40 чалавек (Берасце, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрын, Ганцавічы);
  • Гарадзенская вобласць – 21 чалавек (Горадня, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Свіслач);
  • Менская вобласць – 12 чалавек (Менскі раён, Салігорск, Жодзіна, Маладзечна, Старыя Дарогі);
  • Магілёўская вобласць – 11 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае);
  • Гомельская вобласць – 14 чалавек (Гомель, Жлобін, Светлагорск, Мазыр);
  • Віцебская вобласць – 6 чалавек (Віцебск, Лепель, Чашнікі).

Самы часты від пакарання – «хімія», самы рэдкі – штраф

Сумарна за чэрвень у палітычна матываваных крымінальных справах, вядомых «Вясне», суды вынеслі:

  • 131 год 9 месяцаў пазбаўлення волі для 44 чалавек;
  • 71 з паловаю год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») для 34 чалавек;
  • 63 гады абмежаванні волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») для 38 чалавек;
  • 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек;
  • 500 базавых велічыняў штрафу для 4 чалавек.

Вядома прынамсі аб пяці грамадзянах, судовае разбіральніцтва ў дачыненні якіх скончылася рашэннем ужыць да іх меры прымусовага лячэння (у трох выпадках крымінальная справа была звязаная з паклёпам і абразай прэзідэнта, у двух, дзе да грамадзянаў ужыты арышт разам з мерамі прымусовага лячэння, – у сувязі са здзекам з дзяржаўнай сімволікі).

У дачыненні бабруйчаніна Сяргея Шашко крымінальны пераслед быў спынены ў сувязі з уступленнем у сілу заканадаўчага акту, які ліквідуе каральнасць дзеі.

За чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах беларускія суды ў 35,2 % выпадкаў прызначылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі; у 27,2 % выпадкаў – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званая «хімія»; а у 30,4 % выпадкаў грамадзяне былі пакараныя абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Арышт ужываўся у 4 % выпадкаў. Штраф як асноўны від пакарання выкарыстоўваўся ў 3,2 % выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне ў палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі», арышту ўжывалася беларускімі судамі ў 96,8 % выпадкаў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў