Страшныя паказанні Дзядка, праект амністыі і новыя палітвязні. Галоўнае за 1 ліпеня


Belsat.eu падводзіць вынікі 25 траўня – 327-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Пратэсты ў Менску

Сёння ўвечары жыхары Фрунзенскага раёну зладзілі пратэставы марш з бел-чырвона-белымі сцягамі.



Паказанні Дзядка пра катаванні

У Менгарсудзе 1 ліпеня даваў паказанні палітвязень, блогер і актывіст анархічнага руху Мікалай Дзядок. Ён распавёў пра тое, як яго катавалі байцы ГУБАЗіКу.

11 лістапада сілавікі ўварваліся ў ягоную кватэру праз дзверы і вакно, разбіўшы шклопакет. Яго моцна збівалі, труцілі газам, душылі.

«Да мяне падышоў супрацоўнік, сеў побач на кукішкі і сказаў: «Ты ж разумееш, што ты з ШІЗА не выйдзеш?» Са стала адразу забралі мой тэлефон і сталі патрабаваць спачатку пароль ад яго. Я адмовіўся, тады мяне сталі біць кулакамі ў твар і патыліцу супрацоўнікі ў амуніцыі. Я стаў крычаць, тады адзін супрацоўнік узяў з канапы падушку і ўціснуў маю галаву ў яе. Я адчуў, што не магу дыхаць, і паспрабаваў пракрычаць, што скажу пароль. Але яны не чулі і яшчэ некаторы час трымалі маю галаву ў падушцы. Калі паднялі галаву, я сказаў, што мне трэба час, каб успомніць пароль, так як я забыўся яго ад стрэсу. Тады яны працягнулі біць, я ўспомніў пароль дзесьці праз хвіліну», – распавёў палітвязень.

Артыкулы
«Білі, засоўвалі ў рот бутэлькі, распылялі газ». Мікола Дзядок распавёў на судзе, як яго затрымлівалі
2021.07.01 14:39

У будынку ГУБАЗіКу Дзядка таксама працяглы час катавалі: збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем.

«Білі па лытках, сцёгнах, ягадзіцах, спіне і баках. Пасля некалькіх адмоваў Тарасік сказаў, што будзе біць мяне па геніталіі і згвалціць дубінкай. Пагражалі біць электрашокерам, казалі, што будуць мачыцца на мяне. У прамежках паміж падыходамі перыядычна біў трэці супрацоўнік. Пасля чатырох ці пяці збіванняў я даў пароль ад жорсткага дыска. Запісалі яго на лісціку паперы, але кампʼютаршчык яго няправільна ўвёў, і мяне сталі біць зноў. Так як адна рука ў мяне была адшпіленая, я спрабаваў ёю закрывацца, мне адбілі некалькі пальцаў. Супрацоўнік у чорным падняў маю нагу і стаў мяне біць дубінкай па пятках. І так некалькі разоў, пакуль кампʼютаршчык не ўвёў пароль правільна».

Байцы ГУБАЗіКу паабяцалі адпомсціць палітвязню, калі ён камусьці распавядзе пра катаванні.

«Мне сказалі, што калі я камусьці скажу ці паскарджуся аб тым, што тут са мной адбылося, то яны прыедуць у ІЧУ і ўсё тое, што адбылося падасца мне дробяззю…. Таксама ж казалі, што я атрымаю 7-9 гадоў, дый тое, калі буду супрацоўнічаць са следствам. А калі буду скардзіцца на тое, што было тут, то будзе мне 411-ы артыкул (непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі), у калоніі мне не дадуць жыцця і зробяць «пеўнем».

Тарасік казаў: «Ёсць у калоніі асуджаныя, што з намі супрацоўнічаюць, ты ж і сам сядзеў, усё ведаеш. Калі яшчэ адкрыеш рот пра супрацоўнікаў, то я прыеду на зону і асабіста цябе дубінкай кончу, а пасля ўтаплю ў парашы. Ты не тых зрабіў ворагамі, з намі змагацца няма сэнсу».

Аб’ектыў
Катаванні падчас затрымання і за кратамі
2021.07.01 23:36

Праект амністыі ад каманды Ціханоўскай

Штаб Святланы Ціханоўскай разам з іншымі дэмакратычнымі сіламі прадставілі «Акт аб вызваленні ад адказнасці і аднаўленні ў правах асобаў, якія зазналі пераслед з палітычных матываў».

Праект Амністыі створаны на тое, каб, калі з’явіцца «палітычная воля» на вызваленне палітвязняў, адразу ж пачаць дзеянні. Вось асноўныя ідэі акту:

  • вызваліць асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў не пазней як праз два дні;
  • вызваліць тых, артыкулы якіх самі па сабе не ёсць «палітычнымі»: эканамічныя злачынствы, карупцыя. Прапаноўваецца вызваленне пад падпіску аб нявыездзе з далейшым пераглядам справы;
  • рэабілітацыю тых, хто атрымаў адміністратыўную адказнасць паводле арт. 23.4, 23.34 і інш. Тыя, хто цяпер арыштаваныя, будуць выпушчаныя цягам содняў, а тыя, хто выплаціў штраф, – атрымаюць кампенсацыю;
  • палітычна звольненыя будуць адноўленыя на працы.

Праект будзе дзеяць для ўсіх, хто зазнаў пераслед з 8 траўня 2020 года.

Абноўлена
Выпускніцу БДУ, якая публічна падзякавала палітвязню Максіму Знаку, затрымалі сілавікі
2021.07.01 22:19

Справаздача праваабаронцаў

Праваабаронцы апублікавала маніторынгавую справаздачу наконт рэпрэсіяў у чэрвені.

ПЦ «Вясна» адзначае, што на працягу чэрвеня сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала значна пагаршацца. Вядома прынамсі пра 125 асуджаных у «пратэставых» крымінальных справах за гэты месяц. З іх 20 % складаюць жанчыны, 80 % – мужчыны. За першы летні месяц 88 зняволеных былі прызнаныя палітвязнямі.

Hавiны
У чэрвені ў палітычных справах асудзілі не менш за 125 чалавек. Найчасцей каралі «хіміяй»
2021.07.01 16:16

У сваёй справаздачы за чэрвень праваабаронцы паведамляюць, што цягам месяца ў Беларусі працягваліся затрыманні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, а таксама адвольныя затрыманні грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жытле і тэрыторыях.

Усяго за чэрвень па дадзеных ПЦ «Вясна» судамі накладзена не менш за 25 штрафаў на агульную суму 2 450 базавых велічыняў (больш за 71 000 BYN) і не менш 94 адміністратыўных арыштаў агульнай працягласцю ў 1 477 содняў. Маюцца звесткі аб затрыманні 246 чалавек.

Hавiны
У чэрвені ў Беларусі былі затрыманыя 246 чалавек
2021.07.01 20:04

Новыя палітвязні

Праваабаронцы сёння прызналі палітвязнямі яшчэ 6 чалавек:

  • Валерый Богдан (асуджаны прысудам суда Савецкага раёна г. Менска ад 15 сакавіка 2021 г. да двух гадоў «хіміі» па арт. 363 КК, накіраваны для адбыцця пакарання);
  • Юрый Седзянеўскі (асуджаны прысудам суда Ленінскага раёна г. Горадні ад 10 сакавіка 2021 г. да трох гадоў «хіміі» па ч. 1 арт. 342 КК, арт. 364 КК, накіраваны для адбыцця пакарання);
  • Уладзімір Седзянеўскі (асуджаны прысудам суда Ленінскага раёна г. Горадні ад 10 сакавіка 2021 г. да трох гадоў «хіміі» па ч. 1 арт. 342 КК, арт. 364 КК, накіраваны для адбыцця пакарання);
  • Андрэй Герасімовіч (асуджаны прысудам суда Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ад 18 чэрвеня 2021 г. да двух гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 342 КК, арт. 364 КК);
  • Дзмітрый Вакуленка (асуджаны прысудам суда Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ад 18 чэрвеня 2021 г. да аднаго года пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 342 КК, арт. 364 КК);
  • Анастасія Ярашэвіч (асуджаная прысудам суда Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ад 17 красавіка 2021 года да двух гадоў пазбаўлення волі па арт. 364 КК).

Такім чынам, па стане на 1 ліпеня палітзняволенымі ў Беларусі прызнаныя 532 чалавекі.

Артыкулы
Журналіста Андрэя Аляксандрава абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве
2021.07.01 11:44

Збор за перасячэнне мяжы

Аб’ектыў
Якія змены чакаюць беларусаў у ліпені
2021.07.01 23:45

У Берасцейскай вобласці ўвялі збор за перасячэнне мяжы. Памер збору складзе базавую велічыню (29 рублёў) за адзін транспартны сродак незалежна ад колькасці пасажыраў.

Такое рашэнне было прынятае яшчэ 24 траўня, яно будзе дзеяць да 1 студзеня 2023 года. Накіраваны такі збор нібыта на «барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй».

Нагадаем, з 1 чэрвеня збор за перасячэнне мяжы пачалі спаганяць у Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях.

Hавiны
У Берасцейскай вобласці ўводзіцца збор за перасячэнне мяжы
2021.07.01 12:33

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў