Прэзідэнт Расейскай акадэміі навук заявіў, што ЕЗ мусіць плаціць Беларусі грошы за паветра


Прэзідэнт Расейскай акадэміі навук Аляксандр Сяргееў заявіў, што Еўразвяз мусіць плаціць Беларусі за тое, што беларускія лясы ачышчаюць забруджанае паветра. Пра гэта піша БелТА.

Кіраўнік РАН зрабіў гэтую заяву падчас паседжання VIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

«Калі паглядзець на ружу вятроў у Беларусі з дамінуючымі перасоўваннямі атмасферных масаў з захаду і поўдня з хуткасцямі сотні кіламетраў на содні, то цяжка сумнявацца ў тым, што рэспубліка чысціць сваімі лясамі атмасферу парніковых газаў, якія ляцяць у яе з прамысловых зонаў большай часткі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Але для прыняцця палітэканамічных высноваў гэты факт неабходна дакладна даказаць навуковымі метадамі», – падкрэсліў Сяргееў.

На паседжанні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі таксама выступалі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Лукашэнка заявіў, што Беларусі зазнае «непрыкрыты эканамічны і палітычны прэсінг» з боку Захаду. А Пуцін выказаў падтрымку Лукашэнку і паабяцаў яму далейшую дапамогу. Лукашэнка падзякаваў за падтрыманне і прапанаваў распрацаваць доўгатэрміновую стратэгію інтэграцыі Саюзнай дзяржавы да 2030 года.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў