«Білі, засоўвалі ў рот бутэлькі, распылялі газ». Мікола Дзядок распавёў на судзе, як яго затрымлівалі


1 ліпеня пачалося другое судовае паседжанне ў справе блогера і актывіста анархісцкага руху Міколы Дзядка.

Пачатак судовага працэсу адклалі амаль на гадзіну – ва ўсім будынку Менскага гарадскога суда знікла электрычнасць, прысутных папрасілі выйсці з залы суда. На той момант Міколу Дзядка ўжо даставілі ў суд, паведамляе выданне «Новы час».

На пачатку паседжання адвакат Міколы распавеў, што ягонага падабароннага затрымлівалі з прымяненнем сілы, сілавікі трапілі ў кватэру праз вокны і выбітыя дзверы. Патрабавалі назваць паролі – Мікола маўчаў, і яго сталі душыць падушкай. Потым замыкалі ў кладоўцы і распылялі пярцовы газ.

Адвакат Маслаў папрасіў агучыць асобныя матэрыялы другога і трэцяга тамоў справы, якія датычаць медычнага агляду Міколы ў ізалятары 20 лістапада. Адвакат пералічыў усе пашкоджанні, што атрымаў Мікола Дзядок.

Лейтэнант юстыцыі Казусёнак падаў выснову, што прымяненне сілы пры затрыманні было абгрунтаванае, хоць Мікола пры затрыманні не супраціўляўся.

Калі Дзядка даставілі ў ГУБАЗіК, там яму гвалтоўна засоўвалі ў рот бутэлькі, якія нібыта ў яго знайшлі, і прыкладалі іх да рук, распавёў адвакат. Міколу Дзядка прымусілі падпісаць дакументы, якіх ён не бачыў.

Мікола Дзядок на судзе 1 ліпеня 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: novychas.by

Пасля даследавання рэчавых доказаў пачалі дапытваць самога Міколу. Ён пагадзіўся даваць паказанні.

Актывіст адразу адзначыў, што калі ён размяшчаў пасты ў сваім тэлеграм-канале, ён рэалізоўваў уласнае права на свабоду выказванняў.

«Інтарэсы Беларусі і інтарэсы беларускай уладнай вярхушкі – гэта не адно і тое ж, – сказаў Мікола на судзе, і дадаў: – Не існуе ідэалогіі экстрэмізму, у якой мяне абвінавачваюць».

Таксама няма ніводнага доказу, што гэтыя пасты каму-небудзь нашкодзілі.

Мікола сцвярджае, што бутэлькі з сумессю, якія фігуруюць у справе, яму падкінулі сілавікі. Пасля некалькіх гадзін допытаў у ГУБАЗіКу яму засоўвалі бутэлькі ў рот і патрабавалі, каб Мікола на іх пляваў.

Бутэлькі загарнулі ў ягоныя ж кухонныя ручнікі. Але бутэлькі смярдзелі вельмі моцна. «Які сэнс трымаць рэчы з такім пахам там, дзе прымаеш ежу?» – задае рытарычнае пытанне Мікола.

Мікола Дзядок кажа, што не наведваў маршаў пратэсту, бо разумеў, што можа быць затрыманы. Выключэнне зрабіў толькі на ўласны дзень народзінаў – 23 жніўня.

Мікола Дзядок на судзе 29 чэрвеня 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: novychas.by

Дзядок распавёў пра сваё затрыманне: 11 лістапада супрацоўнікі ўварваліся ў кватэру праз дзверы і вакно, разбіўшы шклопакет. Іх было сямёра – частка ў форме, частка ў цывільным. Адразу сталі збіваць, пыталіся, ці ёсць відэаназіранне.

Надзелі кайданкі, адзін з сілавікоў сказаў: «Ты ж разумееш, што з ШІЗА не выйдзеш?» Пагражалі завезці ў лес, распрануць. Казалі: «Зараз паедзем у гестапа, там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе». Душылі падушкаю, патрабавалі пароль ад тэхнікі. Рукі ўвесь час былі балюча скутыя кайданкамі ззаду.

Мікола прыгадаў, што з імі быў супрацоўнік Алёкса, які сказаў, што трэба запісаць відэа на камеру.

Калі спыталі, ці будзе Мікола запісваць відэа, ён маўчаў. Тады яго завялі ў кладоўку і распырскалі газ, дадаўшы, што ён скажа, што трэба. Міколу вывелі на вуліцу, чатыры разы пырскалі газам у вочы, дасталі электрашокер. Абяцалі, што калі ён скажа, што трэба, дадуць памыцца.

Далей павялі ў мікрааўтобус і павезлі ў Менск у ГУБАЗіК і каля другой гадзіны ночы былі на месцы. Там Дзядка паставілі на калені, патрабавалі пароль ад камп’ютарнага дыска. Ён назваў пароль ад сістэмы – сказалі, не падыходзіць. Адзін супрацоўнік заявіў: «Коля, зараз будзе балюча».

Hавiны
Пад Асіповічамі затрымалі ды збілі анархіста Дзядка. Яго тэлеграм-канал захапілі
2020.11.12 18:12

Дзядок распавёў, што калі сказаў, што не памятае пароль, яго сталі біць дубінкамі, а пасля некалькіх адмоваў Іван Тарасік сказаў, што будзе біць яго па геніталіях і мачыцца на яго. Тады Мікола даў пароль, але яго ўвялі няправільна – і зноў білі. Мікола прыгадвае, што моцна крычаў увесь час, калі яго збівалі. Потым сталі патрабаваць пароль ад двайной аўтэнтыфікацыі ў тэлеграме.

Актывіст распавядае, што калі Тарасіку прынеслі ўпараную локшыну, ён сказаў: «Зараз даем ролтан – і буду цябе біць».

Мікола згадвае, што з яго працягвалі здзекавацца, паставілі каля чырвона-зялёнага сцяга і патрабавалі, каб выбачыўся перад працаўнікамі. У ГУБАЗіКу казалі, што тут яму жыцця ўжо не будзе, пагражалі 11 гадамі зняволення і рэпрэсіямі ў калоніі, згадвае Дзядок.

Потым павезлі ў ІЧУ, папярэдзіўшы, каб маўчаў пра тое, адкуль у яго сляды.

Hавiны
Следчы камітэт адмовіўся правяраць факты катавання Міколы Дзядка
2021.01.13 12:35

Нагадаем, Міколу Дзядку выстаўленае абвінавачанне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»);
  • ч. 2 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
  • ч. 1 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, заснаваныя на выкарыстанні гаручых рэчываў»).
Артыкулы
«У калоніі да Мікалая падышоў чалавек і спытаў: «Твой бацька, часам, не суддзя?» Аляксандр Дзядок пра палітычныя зняволенні свайго сына
2021.04.14 08:00

АД, belsat.eu

Стужка навінаў