Як праходзіць дзень лётчыка далёкай і франтавой авіяцыі ва ўмовах вайны. Пагаварылі з выпрабавальнікам Аляксандрам Ліхадзедам


Авіяўдары і абстрэлы па ўсёй тэрыторыі краіны – частка штодзённых навінаў з Украіны. Але як адчувае сябе лётчык, які запускае ракету па мірным горадзе, жылым доме або тэатры? Пра гэта, а таксама пра тое, як праходзіць дзень лётчыка далёкай і франтавой авіяцыі «Белсату» распавёў Аляксандр Ліхадзед – лётчык-выпрабавальнік, палкоўнік паветраных сілаў Збройных сілаў Украіны.

Даведка
Аляксандр Ліхадзед. Крыніца: Shuster online / YouTube

Аб авіяцыйным досведзе

Лётаць я перастаў у 65 гадоў, у дзень свайго нараджэння. З 12 траўня 1971 года і да 15 ліпеня 2019 года – 46 гадоў, уся мая лётная практыка. Налятаў 22 тысячы гадзінаў, асвоіў 30 тыпаў самалётаў.

Аб спадчыне Савецкага Саюзу для расейскай і ўкраінскай авіяцыі

У канцы 80-х – пачатку 90-х, да развалу СССР, авіяцыя вельмі моцна развівалася, і ўзровень падрыхтаванасці быў высокі. Тады развіваліся МіГ-29, СУ-27, МіГ-31, ТУ-160 дзесьці падцягваўся. Пайшлі сувязі з вонкавым светам што да элементнай базы, электронікі.

У 90-я гады быў правал – усё прасела. Таму што амерыканцы, французы, англічане (кітайцаў не бярэм, там іншая гісторыя) пачалі актыўна развіваць тэхналогіі, і Расея гэтым карысталася. А свайго не было, бо тэхналогіі нараджаюць тэхналогіі, а вось гэта першае было на сырым узроўні. Навошта рабіць кварц для антэны, калі ў французаў ці ў амерыканцаў ужо ёсць? Мы заплацім грошы і забярэм. І ўсе. І калі зараз ім гэтую справу абмежавалі, то ў іх (Расеі. – Заўв. рэд.) усё спынілася.

Знішчальнікі Су-34, Су-35С і Су-30СМ Ліпецкага авіяцыйнага цэнтру пралятаюць над Масквой падчас авіяшоу ў гонар Дня Перамогі. Масква, Расея. 24 чэрвеня 2020 года. Сяргей Бабылёў / ТАСС / Forum

Цяпер у Расеі і ў нас (ва Украіне. – Заўв. рэд.) аднолькавыя самалёты 3-га – 4-га пакалення. Адзінае, чаго ва Украіны няма, – гэта СУ-30, СУ-35 і СУ-34.

Ва Украіны ёсць МіГ-29, СУ-27 і СУ-25 і СУ-24. Гэта тое, што засталося пасля развалу СССР. Дарэчы, пасля развалу Саюзу ў нас было 3-е войска ў свеце паводле колькасці самалётаў пасля ЗША і Расеі. І другое месца пасля ЗША паводле баявой эфектыўнасці. Таму што ўся далёкая авіяцыя стаяла тут, на Захадзе, у Беларусі і ва Украіне: знішчальнікі, СПА. Гэта ж колькі лётнішчаў! У вас у Беларусі: Баранавічы, Зябраўка, Мачулішча, Ворша, потым Ліда, Паставы, Шчучын. Ва Украіне – Стрый, Палтава, Ніжын, Прылукі, Белая Царква, Узын, Крым, Вясёлае, Кастрычніцкае. Шмат самалётаў. І калі мы ўсе разышліся, яно ўсё засталося.

Цяпер жа самалётаў ва Украіне няма. На працягу 30 гадоў нешта парэзалі з амерыканцамі, нешта перагналі ў Расею – шэсць ці восем Ту-160. Су-24 таксама паляцелі з баявым сцягам. Баявой авіяцыяй Украіна не займалася. Пасля развалу СССР трэцяе ўпраўленне марской авіяцыі засталося ва Украіне, з яго зрабілі (і я ў гэтым удзельнічаў) Дзяржаўны авіяцыйны навукова-выпрабавальны цэнтр. Потым усё гэта развалілася, і цяпер там тры пакоі засталося.

Аб далёкай і франтавой авіяцыі

Вы ж разумееце, што такое далёкая авіяцыя. Яны могуць з Энгельса на ТУ-160 падвесіць 6,12, 24 ракеты, набраць над Энгельсам на коле вышыню 5–6 км, і ракета пайшла на Украіну. П’юць каву, гутараць, машына лічыць, усё ўжо закладзена, на баявы шлях, пуск. Гатовы? Гатовы! Захоп, ёсць цэль.

Вядома, яны ведаюць, што запусцілі па чыгуначнай станцыі ў Львове. Так, каардынаты, але яны ж разумеюць, што гэта Львоў, што гэта Яварыўшы. Добра, Яварыўшы – так, Дзясна пад Чарнігавам – вялікі цэнтр рыхтавання нашых вайскоўцаў, так, гэта вайсковая цэль, але калі вы па Днепрапятроўску бʼяце або па Адэсе, не па заводзе… Вайсковыя цэлі – гэта адно, але калі вы выпускаеце 6 ракетаў па горадзе… яны разумеюць гэта, але псіхалогія такая, ім не страшна. Тыя, хто тут лятае, франтавікі, яны баяцца, а тыя – не. Яны спакойна сабе лятаюць, спакойна спяць ноччу. Так, вайна ідзе з нацызмам, з эфемерным….

Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у раёне Асакораўкі. Ёсць ахвяры. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Марнаваць ракету, якая каштуе мільён-паўтара, на тое, каб разбіць бензастанцыю дзесьці пад Львовам, гэта неразумна ўсё ж такі. Гэта ўжо іх справы. Лётчык жа разумее, калі ён кідае бомбы – некіраванае ўзбраенне ў свабодным падзенні. Але ён бачыць, што трапляе ў Барадзянку ў два 9-павярховыя дамы. Ён гэта бачыць. Ён бачыць танкавую калону, ён бачыць акопы, караблі. І ён бачыць, што гэта школа, плошча.

Аб зносінах з былымі аднакурснікамі-лётчыкамі

Да вайны я перапісваўся з сябрамі, мы разам займаліся лётнымі выпрабаваннямі, у нас усё было адзінае і агульнае. Пасля вайны ніякай перапіскі няма. І тым больш перад пачаткам вайны. Мне казалі: мы, Аляксандр, за 5 дзён будзем на правым беразе Дняпра – ёсць у мяне сябар такі, разумнік, штурман добры, але ён за Расею, за Пуціна, супраць нас. Мы ж дарослыя мужыкі, без абразаў. І пасля вайны змоўк, пайшла вайна – тыдзень, месяц, не відаць яго на правым беразе. Я яму пішу: «Саша, чаму маўчым, што здарылася? Ты ў рот вады набраў ці ты праз Дняпро пераплываеш? Не разумею».

Гэта ўжо на стагоддзі. Вялікая Айчынная вайна – было ўсё, але гэта сыходзіць, забываецца. Мы паўторым? Што вы паўторыце? Вы апусцілі сябе да ўзроўню жывёлы, ад вас адвярнуўся ўвесь свет.

Hавiны
Зяленскі распавёў пра страты Украіны ў вайне з Расеяй
2022.06.01 09:04

СО /ММ belsat.eu

Стужка навінаў