Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 чэрвеня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 1 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Кіеўская вобласць, Украіна. 27 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў пра страты, якія нясе ўкраінскае войска ў вайне супраць Расеі. Паводле яго, краіна штодня губляе ад 60 да 100 жаўнераў забітымі і каля 500 чалавек параненымі ў баі.

Разам з тым, паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 30700 чалавек забітымі.

У сваю чаргу Радыё «Свабода» апублікавала імёны пяці вайскоўцаў, якія былі звязаныя з Беларуссю і загінулі, ваюючы супраць Украіны на баку Расеі. Паводле крыніцы, гэта 33-гадовы нарадзінец Мазыра Пятро Лузанаў, 51-гадовы нарадзінец Ліды Павел Яўглеўскі, 21-гадовы былы жыхар Ганцавічаў Ілля Курналёў, 25-гадовы Уладзіслаў Чарноў, які паходзіць з Магілёўшчыны, а таксама 67-гадовы жыхар Ліды Мікалай Маркаў. На думку выдання, гэты спіс можа быць няпоўным.

Знішчаныя расейскія танкі, Украіна.
Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія сілы адбілі дзевяць атак расейцаў. Пры гэтым асноўныя намаганні ворага былі сканцэнтраваныя на штурме гораду Севераданецк, які ажыццяўляўся з паўночнага, паўднёвага ды ўсходняга бакоў. Паведамляецца, што асобныя падраздзяленні расейцаў дасягнулі поспеху ды кансалідаваліся ў цэнтры гораду. Паводле ж кіраўніка вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Севераданецку Аляксандра Струка, цяпер большая палова гораду знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, але змаганне за яго трывае.

На іншых участках Усходняй зоны аперацыі вораг у асноўным спрабаваў утрымаць ды ўмацаваць свае пазіцыі, пры гэтым працягваў абстрэльваць артылерыяй і авіяцыяй украінскія тэрыторыі.

Президент США Джо Байден в Варшаве
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
Фота: Белсат

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што Вашынгтон працягне дапамагаць Кіеву зброяй і фінансаваннем. З гэтай нагоды вырашана даць украінцам «больш дасканалыя ракетныя сістэмы і боепрыпасы, якія дазволяць ім больш дакладна паражаць ключавыя цэлі на поле бою». Таксама Байдэн паабяцаў не аказваць «на ўкраінскі ўрад ніякага ціску – ні публічна, ні ў прыватным парадку – з мэтай пераканаць яго пайсці на тэрытарыяльныя саступкі».

Пры гэтым прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што не заклікае і не дае магчымасці Украіне «наносіць удары за межамі сваіх межаў». Не збіраецца Вашынгтон і дамагацца зрынання Уладзіміра Пуціна, як і ўдзелу войскаў NATO у канфлікце.

Таксама 1 чэрвеня ЗША прадставяць 11-ы пакет ваеннай дапамогі для Украіны. У рамках пакету прадугледжаная пастаўка ракетных сістэмаў HIMARS, контрбатарэйных і супрацьпаветраных РЛС, ПТРК Javelin, верталётаў і аўтамабіляў.

Федэральны канцлер Нямеччыны Олаф Шольц. 2017 год.
Фота: bundesfinanzministerium.de

Федэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц запэўніў, што Берлін накіруе Украіне сучасныя сістэмы супрацьпаветранай абароны. Гаворка ідзе пра комплексы IRIS-T. Паведамляецца, што адбудзецца гэта цягам наступных тыдняў. Таксама дадаткова рыхтуюцца пастаўкі радарных сістэмаў для артылерыйскіх разлікаў.

Мэр украінскага Мелітопалю Іван Фёдараў распавёў, што расейскія акупацыйныя войскі ўчынілі поўную інфармацыйную блакаду гораду і пагрузілі яго ў «інфармацыйны вакуум» – адключылі тэлефонную сувязь і інтэрнэт. На ягоную думку, такім чынам акупанты хочуць абмежаваць доступ жыхароў Мелітопалю да праўдзівых крыніцаў інфармацыі.

Тым часам сакратар генеральнага савету расейскай партыі «Единая Россия» Андрэй Турчак заявіў, што Данецкая, Запарожская, Луганская і Херсонская вобласці Украіны ўвойдуць у склад Расеі. На думку Турчака, для гэтага трэба будзе правесці адпаведныя рэферэндумы ў вобласцях, але ён упэўнены, што мясцовыя жыхары выкажуцца за далучэнне да Расеі.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў